Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 20 лістапада)
Юлія Чыгір скончыла азнаямленьне з абвінаваўчым заключэньнем , якое выстаўленае яе мужу экс-прэм'еру Міхалу Чыгіру. На працэсе над дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі Андрэям Клімавым агалошаныя дадзеныя, якія сьведчаць, што ня Клімаў вінны дзяржаве грошы, а наадварот, дзяржава завінавацілася фірме Андрэя Клімава. Працэс над экс-міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым спыніўся з-за хваробы адваката. Дэпутат Уладзімер Кудзінаў даслаў зь вязніцы ліст, у якім вітае актыўнасьць моладзі пад час "Маршу Свабоды" 17 кастрычніка.

На гэтым тыдні жонка экс-прэм'ера Юлія Чыгір завершыла азнаямленьне з абвінаваўчым заключэньнем, што выстаўленае ейнаму мужу. У якасьці адваката яна падпісала пратакол аб азнаямленьні й адначасова накіравала ў пракуратуру хадайніцтва аб пераглядзе справы й зьняцьці абвінавачваньняў з Міхала Чыгіра, паколькі лічыць іх недаказанымі. Юлія Чыгір гэтак камэнтуе працу сьледчых:

(Ю. Чыгір: ) "У матэрыялах мы не знайшлі доказаў віны майго мужа, ніякіх пацьверджаньняў тых злачынстваў, у якіх ён абвінавачваецца".

Сёньня Юлія Чыгір у чарговы раз сустракалася з мужам у сьледчым ізалятары. Паводле яе словаў, экс-прэм'ер зараз пачуваецца добра, але ў яе ёсьць засьцярогі, што муж можа захварэць, паколькі двое зь ягоных сукамэрнікаў раптам захварэлі на рэспіраторную ангіну. Настрой у Міхала Чыгіра нядрэнны, ён у курсе ўсіх палітычных падзеяў і перадае ўсім сябрам і адзінадумцам шчырае прывітаньне.

Дарэчы, экс-прэм'еру ўжо вядома, што днямі з жодзінскага ізалятару быў адпушчаны пад падпіску аб нявыязьду прадпрыймальнік Віктар Лагвінец, вядомы сваім сяброўствам зь Іванам Ціцянковым. Юлія Чыгір адзначае, што Лагвінец абвінавачваецца ў значна больш сур'ёзных злачынствах, чым яе муж – Лагвінцу інкрымінуюць 91–ы артыкул частка 4 Крымінальнага кодэксу, гэта крадзеж дзяржаўнае маёмасьці ў буйных памерах – і ўсё ж пракуратура знайшла магчымым адпусьціць яго зь ізалятару пад падпіску. А вось усе хадайніцтвы аб зьмене меры ўтрыманьня Міхала Чыгіра адхіляюцца, маўляў, яму выстаўленыя сур'ёзныя абвінавачваньні. З гэтае нагоды Юлія Чыгір кажа:

(Ю. Чыгір: ) "На сёньняшні дзень мой муж, калі б нават ён здзейсьніў тыя злачынствы, у якіх абвінавачваецца, ён не павінен знаходзіцца там. Таму што па нашых законах, калі чалавек абвінавачваецца паводле гэтых артыкулаў, ён ня можа знаходзіцца пад сьледзтвам больш за 6 месяцаў. Гэта гаворыць аб тым, што ўлады ня могуць зьмірыцца з тым, што яго трэба выпусьціць, што яны трымаюць яго там зусім не за тое, ў чым абвінавачваюць… Там ёсьць запіскі Шэймана, там ёсьць рэзалюцыя Лукашэнкі, там ёсьць прамыя ўказаньні Бажэлкі. Большая колькасьць матэрыялаў сьведчыць аб палітычнай справе майго мужа".

Тым часам у судзе Ленінскага раёну Менску працягваўся працэс у справе дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава, ягонага намесьніка ў кіраўніцтве будаўнічай фірмаю, а таксама яшчэ шасьці грамадзянаў.

Галоўнай падзеяй тыдню на гэтым працэсе стаў выступ грамадзкага абаронцы прафэсійнага будаўніка Леаніда Будэнкі, які азнаёміў судзьдзяў з асабістымі падлікамі выдаткаў на будаўніцтва славутага элітнага дому на вуліцы Лодачнай, з-за якога была ўзбуджаная справа Клімава.

Леанід Будэнка кіруе арганізацыяй, якая адпачатку выконвала некаторыя субпадрадныя работы ў будаўніцтве дому, а потым завяршала аб'ект пасьля арышту дэпутата, і таму ён добра ведае фінансавыя праблемы будоўлі.

Будэнка падлічыў, што Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, які фінансаваў будауніцтва дому, не пералічыў фірме Клімава на закуп і ўсталяваньне ліфтавага й сантэхнічнага абсталяваньня больш чым на тры мільярды рублёў.

Але й фірма Клімава, на думку абаронцы, вінная гарадзкому выканаўчаму камітэту больш за два мільярды. Гэтыя грошы набраліся з-за прыпісак спажываньня цэглы. Леанід Будэнка мяркуе, што такія прыпіскі усё ж былі.

Такім чынам, калі падвесьці балянс агульных прэтэнзіяў, дзяржава застанецца вінная Клімаву прыкладна 90 мільёнаў, як лічыць грамадзкі абаронца Будэнка.

Ён хадайнічаў перад судом уключыць ягоныя разьлікі ў матэрыялы справы, а таксама зьвярнуўся да ўправы капітальнага будаўніцтва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту з заклікам сесьці зь фірмаю Клімава за стол перамоваў і ўзгадніць прэтэнзіі без умяшальніцтва судзьдзяў. Такі варыянт абаронца лічыць законным, бо дом на вуліцы Лодачнай узводзіўся на дамоўнай падставе.

Другі вядомы працэс, над былым міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым на гэтым тыдні не працягваўся. Захварэў адвакат Лявонава спадар Мінчанкоў.

Сваякі Лявонава між іншым заўважылі, што старшыня суду Чартовіч пачаў нэрвавацца з прычыны затрымкі. "Відаць апасаецца, што да канцу году не пасьпее з прысудам", – кажа адвакат Лявонава Сьвятлана Ўласава.

Зь Івацэвічаў жонка дэпутата Ўладзімера Кудзінава паведамляе, што атрымала днямі ліст ад мужа, у якім ён аналізуе апошнія палітычныя падзеі.

"Калі нашыя ўлады будуць і далей гэтак жа непаважліва ставіцца да правоў грамадзянаў, то хутка ня толькі камяні, але й нешта больш сур'ёзнае паляціць у міліцыянтаў", – гэтак Уладзімер Кудзінаў адгукнууся на вядомыя падзеі 17 кастрычніка.

Жонка Кудзінава зьдзіўленая ня рэзкасьцю мужа, а тым, што гэты ліст усё ж дайшоў да Івацэвічаў. Можа, ужо й турэмшчыкі мяняюць свае погляды? – задаецца пытаньнем Зоя Кудзінава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG