Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Адзіны, хто адназначна падтрымаў палітыку Расеі ў Чачні на сустрэчы кіраўнікоў краінаў АБСЭ ў Стамбуле, быў Аляксандар Лукашэнка. Між тым, прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан заявіў сёньня, што абноўленая дамова аб скарачэньні звычайных узбраеньняў у Эўропе ня будзе перададзеная Кангрэсу да часу, пакуль працягваецца вайна на Паўночным Каўказе.

Акрамя таго, прадастаўленьне новых крэдытаў Расеі таксама пастаўлена ў залежнасць ад вырашэньня канфлікту.

Расейскае кіраўніцтва вельмі хваравіта ўспрымае крытыку сваіх дзеяньняў у Чачні. Як мы паведамлялі, прэзыдэнт Барыс Ельцын учора заявіў на саміце, што заходнія краіны ня маюць права крытыкаваць Расею і пакінуў Стамбул. Пасьля гэтага ўзгадняць фармулёўку, датычную Чачні, у заключнай дэклярацыі давялося міністрам замежных справаў Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, а таксама дзяржаўнаму сакратару ЗША шляхам перамоваў зь міністрам замежных справаў Расеі. У прыватнасьці, дасягнутая дамоўленасць, што ў Рэспубліку Ічкерыю прыедзе місія АБСЭ начале зь цяперашнім старшынём гэтай арганізацыі Кнутам Волебекам.

Вось што сказаў Кнут Волебек адносна пэрспэктываў гэтай дамоўленасьці і магчымай ролі кіраўніцтва Чачні:

(Волебек: ) "Пагадненьне, якому ўсяго каля дзьвух гадзінаў, мы ня мелі магчымасьці вывучыць з усёй дакладнасьцю, і мы не пасьпелі абмеркаваць, як яго рэалізаваць належным чынам.
Аднак, як вы ведаеце, размова ідзе аб палітычнай ролі і ў канчатковым выніку – наконт дыялёгу. Аднак, калі вы хочаце
дыялёгу, вы павінны мець некага для таго, каб весьці гэты дыялёг. Натуральна, гэта павінны быць прадстаўнікі Чачні. І, як вы ведаеце, ёсьць законна абраныя прадстаўнікі чачэнскага народу, і, я мяркую, было б натуральным зьвярнуцца да іх."

Як піша лёнданская газэта "Finantial Times", рашэньне Расеі дазволіць прыезд гэтай місіі было ўспрынятае як саступка ў бок эўрапейскіх урадаў. Аднак, афіцыйныя прадстаўнікі ЗША падкрэсьліваюць, што яны не хацелі б перабольшваць ейнае значэньне.

Дзяржаўны Сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт назвала гэтае пагадненьне крокам у правільным накірунку. Аднак, яна адразу падкрэсьліла,што гэта толькі пачатак доўгага працэсу.

Дарэчы, міжнародны друк адзначае, што АБСЭ, заснаваная ў 1975 годзе ў Гэльсынкі як Нарада па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе, у апошнія гады засьведчыла сваю малую эфэктыўнасьць. У прыватнасьці, ня спраўдзіліся спадзяваньні на АБСЭ ў справе вырашэньня канфлікту ў Косаве. Расея ў свой час спыніла дзейнасьць місіі АБСЭ ў Чачні. Зараз роля гэтай арганізацыі ўсё больш зводзіцца да нагляду за ходам галасаваньня на выбарах – як гэта было нядаўна ў Казахстане і ва Украіне.

Рашэньні АБСЭ, як вядома, прымаюцца кансэнсусам. Менавіта на гэтым рабіў акцэнт Аляксандар Лукашэнка, які заявіў напярэдадні саміту ў Стамбуле, што ў арганізацыі не павінна быць падзелу "на старэйшых і малодшых", і што кожная краіна, маўляў, мае свой шлях разьвіцьця. У сваім выступе ён ня толькі гаварыў пра Саюз з Расейскай Федэрацыяй, але падтрымаў ейную палітыку адносна Чачні.

Дзеяньні Расеі ў Чачні рэзка асудзілі на стамбульскім саміце прэзыдэнт Францыі Шырак, канцлер ФРГ Шродэр, а таксама Гэнеральны сакратар ААН Кофі Анан.

Аляксандар Лукашэнка ў якасьці апраўданьня гэтай палітыкі назваў праблему тэрарызму.

Аб тым, наколькі далёкімі ад ідэальных бываюць такія дзеяньні, паведамляюць сёньня міжнародныя агенцтвы.

Мінулае начы ў Чачні загінулі прынамсі 170 чалавек у выніку расейскіх ракетных удараў па Грозным і Урус-Мартане.
Тым часам, чачэнцы, якія мусілі ратавацца ад расейскіх бамбаваньняў у Інгушэціі, заклікалі вышэйшага камісара ААН у справах уцекачоў дапамагчы спыніць бамбаваньне іхнай краіны – паведамляе брытанская "Dayly Telegraph".

Што тычыць вынікаў сустрэчы ў Стамбуле, міністар замежных справаў Польшчы, былы старшыня АБСЭ Браніслаў Герэмек сказаў пра іх так:

(Герэмек: ) "Я думаю, галоўны вынік саміту – гэта, ў першую чаргу, Хартыя эўрапейскай бясьпекі, дакумэнт аб мерах даверу, а таксама Стамбульская дэклярацыя. Гэта добра, што мы вельмі чульлівыя да чалавечага вымярэньня дзейнасьці АБСЭ, гуманітарных аспэктаў нашай працы, і я думаю, што ў дачыненьні Чачні, як і ў дачыненьні Косава, і ў дачыненьні Беларусі мы знайшлі добрую формулу."

Сказаў міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG