Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

(эфір 17 лістапада)
Расея шукае на Захадзе новых жыцьцёвых прастораў, у беларускіх турмах сядзяць палітычныя апанэнты рэжыму – такія тэмы публікацыяў пра Беларусь у сёньняшніх заходніх газэтах.

Аўстрыйская газэта «Der Standard» надрукавала сёньня на сваіх старонках артыкул свайго супрацоўніка Клемэнса Рутнэра, які сустрэўся ў Вільні са старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёнам Шарэцкім.

Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні месьціцца ў занядбаным драўляным дамку ў цэнтры літоўскай сталіцы. Неацеплены пакойчык, ружовыя шпалеры з буйным узорам і факсавы апарат на стале. Перад домам — «Вольва» і тры целаахоўнікі, якіх прыставіў літоўскі ўрад. Так выглядае жыцьцё на выгнаньні прафэсара Сямёна Шарэцкага.

У сваёй гутарцы з карэспандэнтам аўстрыйскай газэты сп. Шарэцкі настойліва папярэдзіў наконт свайго апанэнта – Аляксандра Лукашэнкі. І нездарма – бо той ужо амаль чатыры месяцы незаконна займае пасаду прэзыдэнта, а новыя выбары склікаць не зьбіраецца. Ён ужо тры гады блякуе працу законнага парлямэнту – дэпутатам ня плоцяцца заробкі, іх не пускаюць да сродкаў масавай інфармацыі, іхныя пастановы не выконваюцца.

Замест гэтага Лукашэнка, як кажа Шарэцкі, «зусім у стылі Мусаліні», стварыў свой кішэнны «нацыянальны сход», у якім між іншага, засядае шмат колішніх савецкіх вайскоўцаў, якія маюць за мэту «далучэньне Беларусі да Расеі».

Экзыльны беларускі палітык наракае на тое, што Захад збольшага ігнаруе моўную й культурную самабытнасьць Беларусі, а тым часам, зазначае ён, розьніца паміж Беларусьсю й Расеяй значна большая, чым паміж Аўстрыяй і Нямеччынай.

З усіх гэтых прычынаў Сямён Шарэцкі нястомна выкрывае антыдэмакратычныя і расейска-шавіністычныя погляды Лукашэнкі, якія ня могуць не выклікаць занепакоенасьці.

Беларускі дыктатар песьціць летуценьні пра нейкую мітычную славянскую дзяржаву ад Расеі да Югаславіі. Але да пашырэньня жыцьцёвай прасторы імкнецца ня толькі Лукашэнка, а і шавіністы ў самой Расеі. Гэткае стэпавае мысьленьне мусіць непакоіць ня толькі беларусаў, але й прадстаўнікоў іншых малых славянскіх і неславянскіх народаў. Бо Лукашэнка падзяляе думку прэм'ера Пуціна: за любую цану ўтрымаць пры сабе землі накшталт Чэчэніі, нават калі б давялося ачысьціць яе ад жыхароў.

Нагадаю, гэта былі думкі Сямёна Шарэцкага, выказаныя ім у інтэрвію аўстрыйскай газэце «Der Standard».

Нямецкая «Frankfurter Rundschau» сёньня таксама закранае беларускія тэмы і вось зь якой нагоды. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Аmnesty International» кожны месяц публікуе зьвесткі пра паасобных палітзьняволеных з розных краінаў сьвету, нагадваючы пра іхны лёс і заклікаючы ўсіх, каму дарагія ідэалы свабоды, далучыць свой голас у іхную падтрымку. Бывала, што гэткія шырокія кампаніі прымушалі ўлады адмяняць сьмяротныя прысуды, зьмяншаць тэрміны зьняволеньня, або нават і зусім вызваляць вязьняў сумленьня.

Вось жа ў гэтым месяцы «Аmnesty International» нагадвае сьвету, што за кратамі сядзіць беларускі апазыцыйны палітык Міхаіл Чыгір. У звароце каротка апісваюцца абставіны ягонага зьняволеньня, а таксама паведамляецца, што ягоны выпадак – не адзіны ў сёньняшняй Беларусі. У канцы звароту зьмешчаны заклік – дасылаць лісты Лукашэнку з патрабаваньнем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Міхаіла Чыгіра, а таксама забесьпячэньня таго, каб ніхто ў будучыні ня мог быць зьняволены за свае перакананьні або за мірнае выкарыстаньне сваіх правоў і свабодаў.

«Frankfurter Rundschau» падае адрас і тэлефон сп. Лукашэнкі, а копіі просіць дасылаць беларускай амбасадзе ў Боне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG