Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Імя міністра замежных справаў Чачні Ільяза Ахмадава добра вядомае ў Расеі і Беларусі. Расейскія сродкі масавай інфармацыі ў рамках так званай прапагандысцкай вайны не шкадуюць чорных фарбаў, каб прадставіць гэтага чалавека, як аднаго з бандытаў-тэрарыстаў. Кім жа ў сапраўднасьці зьяўляецца гэты чалавек? Якія мэты мае ягонае падарожжа па краінах Эўропы? Якія пэрспэктывы міру ў Чачні? Адказы на гэтыя і іншыя пытаньні Ільяз Ахмадаў даў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў будынку Радыё Свабода ў Празе.

Расея вядзе супроць Чачні таксама і прапагандысцкую вайну, мэта якой пераканаць сусьветную грамадзкую думку, што чачэнцы – гэта толькі ізаляваная група бандытаў-тэрарыстаў, за якой ніхто не стаіць. І таму Ільяз Ахмадаў прыехаў у Прагу на запрашэньне чэскай праваабарончай арганізацыі "Чалавек ў бядзе" каб прарваць інфармацыйную блякаду Чачні. Дзеля гэтай мэты ён накіраваўся ў паездку па краінах Эўропы. Ягоная сустрэча з журналістамі ў будуынку нашай радыёстанцыі накіраваная на тое, каб прадставіць погляд чачэнскага ўраду на апошнія падзеі на Каўказе.

Сваё сёньняшняе выступленьне перад журналістамі на Радыё Свабода міністар замежных справаў Чачні Ільяз Ахмадаў пачаў наступнай заявай:

(Ахмадаў: ) "Усё што адбываецца дома, цяжка паддаецца апісаньню. Калі падчас мінулай вайны расейскі бок намагаўся стварыць нейкую прававую базу канфлікту, дык цяпер такога няма. Тады, калі вы памятаеце, гаворка ішла пра навядзеньне канстытуцыйнага парадку на мяцежнай тэрыторыі. І тады сьвет успрымаў гэта як дадзенае і не ўмешваўся. Тое, што адбываецца цяпер, цяжка ўвогуле зразумець. Абвешчаная мэта змаганьня з тэрарызмам, але тыя сродкі і мэтады, якія выкарыстоўваюцца, знаходзяцца ў розных вымярэньнях. Сьвет яшчэ не ведаў такіх

прэцэдэнтаў змаганьня з тэрарызмам. Калі б сьвет змагаўся з тэрарызмам падобным спосабам, сёньня на сьвеце не засталося б камяня на камяні".

Праз некалькі дзён у Стамбуле (Турэччына) пачынаецца саміт у вярхох АБСЕ. Адна з галоўных праблемаў абмеркаваньня на ёй – чачэнская. Чаго чакае чачэнскі ўрад ад стамбульскай канфэрэнцыі, ці ёсьць надзея на пэрспэктыву мірных перамоваў пад уплывам націску Захаду на Расею? Міністар змежных справаў Чачні Ільяз Ахмадаў адказвае:

(Ахмадаў: ) "Я сустракаўся са старшынём Эўрапарлямэнту Ніколь Фонтэн. Гэта была прыватная сустрэча. Мы даволі доўга зь ёй абмяркоўвалі праблему Чачні, і я зразумеў, што ў Эўропе паволі пачынаюць асэнсоўваць сваю каўкаскую палітыку, якая да сёньняшняга дня адсутнічала.

Я ведаю, што Расея не атрымае дапамогі ў галіне навукі. Я ведаю, што цяпер Эўрапарлямэнт абмяркоўвае жорсткія сродкі з мэтай не дазволіць, каб заходнія інвэстыцыі выкарыстоўваліся на вайну.

Больш за тое, уздымаецца пытаньне аб членстве Расеі ў Радзе Эўропы. Мы ведаем пра жорсткую пазыцыю шэрагу кіаўнікоў краінаў, якую яны выкажуць на канфэрэнцыі ў Стамбуле. Гэта датычыць і прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавела. Сьвет паволі пачынае разумець, якая небясьпека разгортваецца на Каўказе. І таму мы з аптымізмам ставімся да таго, якія вынікі можа прынесьці стамбульскі саміт".

Прысунтых на сустрэчы з міністрам замежных справаў Чачні Ільязам Ахмадавым цікавіла пытаньне: ці не справакавалі чачэнцы самі цяперашні канфлікт рэйдам Шаміля Басаева і Хатаба ў Дагестан? Магчыма, калі б не было таго інцыдэнту, вайны з Расеяй можна было б пазьбегнуць? Ільяз Ахмадаў адказвае:

(Ахмадашў: )"Уся праблема ў тым, што калі ў 1996 годзе мы падпісвалі мірнае пагадненьне, чачэнскае кіраўніцтва было ўпэўненае, што ад моманту падпісаньня пачынаецца новая мяжа ў дачыненьнях паміж намі і Расеяй. Мы спадзяваліся, што гэта будуць добрасуседзкія адносіны, што мы будзем будаваць сваю дзяржаву, а Расея – сваю.

З боку расейцаў, як цяпер высвятляецца, гэта было стварэньне чатырохгадовага пляцдарму для падрыхтоўкі новай агрэсіі. Адзін з аўтараў падпісаньня гэтага дагавору гэнерал Лебедзь, альбо як яго называюць "лебедзь міру" абсалютна адкарыта заявіў пра сваю пазыцыю ў момант падпісаньня. Ён заявіў: я правай рукой падпісваў пагадненьне аб міры, а ў галаве ў мяне была толькі адна думка – як мага хутчэй падрыхтаваць 50 тысяч валкадаваў, каб змыць ганьбу гэтага прыніжэньня. Такі падыход да перамоўнага працэсу рабіў новую вайну непазьбежнай. І падзеі ў Дагестане – гэта ўсяго толькі ланцужок маленькіх зьвеньняў, не самых важных, у дэструктыўных адносінах расейцаў да перамоўнага працэсу".

Кожная вайна – гэта незьлічоныя пакуты для народаў, якія ў яе ўцягнутыя. Чачэнская вайна, нават на фоне іншых войнаў, вызначаецца сваей жорсткасьцю і бескампраміснасьцю. І з кожным днём здаецца усё больш і больш зьнікаюць магчымасьці кампрамісу, магчымасьці перамоваў паміж расейскім і чачэнскім бокам. Вось, як Ільяз Ахмадаў, міністар замежных справаў Чачні ацэньвае пеэспектыву мірных перамоваў:

(Ахмадаў: ) "Што датычыць магчымасьці перамоваў. Шмат якія дзяржавы і кіраўнікі дзяржаваў лічаць, што трэба пачаць перамовы, што мы і расейцы павінны сесьці за стол перамоваў. З гэтага нічога не атрымаецца: мы ўжо 400 гадоў дамаўляемся. Сёньня патрэбны пасярэднік, патрэбны рэальны мэханізм, які прывядзе гэты канфлікт да заканчэньня. Падчас мінулай вайны таксама былі спробы пазьбегнуць дакладнага дыягназу сытуацыі.

Расейскае кіраўніцтва і расейскі гэнералітэт падчас мінулай вайны найбольш пасунуліся ў вынаходніцтве новага лэксыкону, новай тэрміналёгіі. Ні ў водным дакумэнце, які мы падпісалі, не было слова вайна, хаця мы ўсе добра ведаем, што гэта была сапраўдная вайна з выкарыстаньнем агромністага кантынгенту войскаў на гэтай малой тэрыторыі і з выкарыстаньнем суперсучаснай зброі. Тым ня менш, гэта было названа канфліктам ваеннага характару".

Амаль кожны дзень у рамках сваёй прапагандысцкай вайны расейскае тэлебачаньне паказвае стужкі з кадрамі катаваньняў і пакутаў расейскіх закладнікаў. І гэта робіць уражаньне на расейскага абываталя. У чым жа прычына такога распаўсюджваньня гэтага тыпу злачыннасьці ў Чачні. Ільяз Ахмадаў выказвае на гэты конт наступную думку:

(Ахмадаў: ) "Індустрыя кіднэпінгу – набыла вялікія маштабы. Гэта бяда як нашага ўраду, гэтак і нашага народу. Да 1994 году гэта не было распаўсюджанай зьвай у Чачні. Падчас баявых дзеяньняў гэтыя падзеі ня мелі месца на той тэрыторыі, якую кантралявалі нашыя вайскі. Гэта тое, што прынесла нам расейская армія разам з канстытуцыйным парадкам. Войскі ўваходзілі ў вёску. Адбывалася так званая зачыстка. Арыштоўвалася ўсё мужчынскае насельніцтва, звозілася ў фільтрацыйныя пункты.

У чачэнцаў вельмі цесныя кроўныя сувязі. Мы нават трупы выкупалі за 100 тысяч рублёў, я маю на ўвазе расейскія рублі. Поўная блякада, зразумела, што тут зьяўляюцца бандыцкія элемэнты, калі няма працы, калі ў людзей шмат зброі. Калі у іх нянавісьць да тых, хто прыйшоў і усё гэта зрабіў. Калі няма магчымасьці карміць ні сябе, ні сваю сям'ю. Зразумела зьяўляецца маса бандыцкіх элемэнтаў. І іх падпарадкоўваюць сабе людзі, якія зацікаўленыя ў дэстабілізацыі.

Ці вы думаеце, што расейскі ўрад быў сапраўды зацікаўлены, каб мы сталі на ногі, і каб мы ў 2001 годзе без праблемаў аддзяліліся? Бясспрэчна – не.

А возьмем гэтыя гучныя гісторыі з вызваленьнем закладнікаў. Адзін з галоўных спэцыялістаў у галіне вызваленьня закладнікаў быў цяперашні міністар унутраныў справаў Рушайла. Вы памятаеце, каб хаця аднойчы паказалі арыштаванага бандыта, ці назвалі ягонае імя. Я скажу, што 60% захопаў людзей адбывалася па-за нашай тэрыторыяй. І я не магу дакладна сказаць, колькі іх было вызвалена па-за нашай тэрыторыяй".

Страты расейскай арміі ў Чачні – гэта адна з самых вялікіх таямніцаў расейскага гэнеральнага штабу. А вось як ацэньвае страты расейскіх вайскоўцаў чачэнскі бок. Ільяз Ахмадаў камэнтуе:

(Ахмадаў: ) "Сёньня яны вязнуць у баях, і ўсе гэтыя раёны яны праходзяць толькі з баямі і з дастаткова вялікімі стратамі. Гэтыя страты ўзмоцнена хаваюцца. Але ёсьць заявы камітэту салдацкіх маці, у якіх гэтыя страты абнародаваныя. Імі ўстаноўленая гібель 600 толькі навабранцаў. Там ёсьць і іншыя кантынгенты вайскоўцаў – так званыя кантрактнікі, спэцыяльныя падразьдзяленьні, унутраныя войскі. Паводле нашых прыблізных ацэнак, страты сярод расейскіх жаўнераў і афіцэраў перавышаюць тысячу чалавек.

І адно з самых апошніх пытаньняў, на якое адказваў на прэсавай канфэрэнцыі ў будынку нашага Радыё міністар замежных справаў Чачні Ільяз Ахмадаў, ён расцаніў як самае важнае. Яно датычыць магчымасьці пашырэньня канфлікту на ўвесь Каўкаскі рэгіён. Ці падобная небясьпека сапраўды існуе? Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Чачні гаворыць:

(Ахмадаў: ) "Да пачатку канфлікту мы зьвярталіся і ў Раду Бясьпекі ААН, і да Гэнеральнага сакратара ААН, і да старшыні АБСЭ, ня кажучы ўжо аб тым, што сёньня Чачня зьяўляецца пунктам раскручваньня шырокамаштабнага канфлікту.

Давайце мы адсочым усе гэтыя здарэньні, якія пачаліся з таго моманту, як расейскія падразьдзяленьні ўварваліся на нашую тэрыторыю. Абстрэл грузінскай тэрыторыі. Расейскія лётчыкі доўгі час вінавата разводзілі рукамі й казалі, што яны памыліліся. Дагестан – у сотні кілямэтраў, яны памыліліся, праляцелі, бамбілі грузінскую тэрыторыю. Потым апэратыўна-тактычная ракета падае ў Закатальскім раёне Азэрбайджану – гэта за тысячу кілямэтраў ад тэатру баявых дзеяньняў. Прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ зрабіў заяву і, нарэшце, дзякуй яму вялікі, зьняў з нас падазрэньні. Бо вы ведаеце, што ў замахах на Шэварднадзэ абвінавачвалі заўсёды чачэнцаў. Шэварднадзэ зрабіў афіцыйную заяву, сказаў, што замах – гэта справа расейскіх спэцслужбаў, што тэрарысты рыхтаваліся на тэрыторыі Расеі".

На сваей прэсавай канфэрэнцыі на Радые Свабода ў Празе міністар замежных справаў Чачні Ільяз Ахмадаў таксама падкрэсьліў, што вайна згуртавала чачэнцаў вакол прэзыдэнта Аслана Масхадава, што ў шэрагах чачэнскіх жаўнераў узмацнілася пачуцьце сьвядомасьці змагацца да канца. Альбо мы ўсе там загінем, – заявіў ён, – альбо пераможам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG