Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 1999 г.


Галіна Айзенштат, Менск

Упершыню ў гісторыі незалежнае Беларусі ацяпляльны сэзон у краіне скончыўся амаль адразу пасьля таго, як распачаўся. Спасылаючыся на цёплае надвор'е, улады адключылі цяпло і ў офісах, і ў кватэрах. Беларусам зноў даводзіцца самастойна шукаць ратунак ад лістападаўскіх халадоў.

Як паведаміў "Радыё Свабода" начальнік аддзелу камунальнае гаспадаркі Мінжылкамунгасу Ўладзімер Зелянкоў, яго ведамства атрымала тэлефанаграму зь Менскага гарвыканкаму аб адключэньні зь 1 лістападу ад цеплазабесьпячэньня ўсяго жыльлёвага фонду сталіцы. Такое ж рашэньне – паводле патрабаваньня ўраду – прынялі раённыя і абласныя выканкамы.

Між тым, ацяпляльны сезон толькі распачаўся. Насельніцтва нават не пасьпела парадавацца гэтаму і як сьлед сагрэцца – ізноў даводзіцца мёрзнуць.

Яшчэ ніколі Беларусь не ўваходзіла ў зіму з такім дрэнным забесьпячэньнем палівам. Асабліва не хапае мазуту, неабходнага для кацельняў. Спадар Зелянкоў, праўда, сьцьвярджае, што сытуацыя з палівам у Менску больш-менш здавальняючая, яго назапашана да канца бягучага году. Аднак, калі б ацяпляльны сэзон працягваўся, гэты запас хутка быў бы расьцярушаны.

Такая сытуацыя з палівам у Беларусі склалася невыпадкова. Усе гады кіраваньня краінаю Лукашэнкам была спадзяванка на тое, што Расея, нягледзячы на традыцыйна вялікую запазычанасьць Беларусі, будзе пастаўляць энэрганосьбіты паводле нізкіх цэнаў. Таму й працягвалі працаваць па-ранейшаму, не абцяжарваючы сябе хаця б мінімальнымі рэформамі.

Прынамсі, у той жа жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. Шмат гадоў, да прыкладу, гаварылася, што ведамства зоймецца ўсталяваньнем на ільготных ўмовах лічыльнікаў цяплу. Тады насельніцтва само ў мэтах эканоміі рэгулявала б тэмпэратуру ў кватэрах.

Нічога гэтага зроблена не было. Цяпер у Міністэрстве жыльлёва-камунальнае гаспадаркі заяўляюць, што будуць усталёўваць лічыльнікі толькі ў дамох, якія будуюцца. І вялікім дасягненьнем лічаць, што па усёй краіне ўжо ўсталявана з тысячу такіх лічыльнікаў.

А навошта напружвацца, калі зноў можна эканоміць за кошт насельніцтва – адключаць ацяпленьне і часова, і на больш працяглы час (тэрмін будзе вызначацца распараджэньнем ураду), зьніжаць тэмпэратуру батарэяў? І адначасова – папракаць Расею, скіроўваючы незадаволенасьць людзей зь сябе на яе.

А Расея сёлета сама адчувае вялікую патрэбу ў паліве (у тым ліку з-за вайны ў Чачні). Хаця, паводле словаў кіраўніка канцэрну "Белнафтахім" Івана Бамбізы, Міністэрства паліва й энэргетыкі Расеі абяцала дадатковыя пастаўкі нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале.

Акрамя таго, кампанія "Сургутнефтегаз" пагадзілася на 50 адсоткаў павялічыць пастаўкі мазуту. Пры ўмове аплаты яго валютаю. А валюты, як вядома, у Беларусі няма.

У папярэднія гады Лукашэнка часта гаварыў як пра ўласную заслугу пра тое, што беларусы жывуць у сьвятле й цяпле, своечасова атрымліваюць заробкі. Заробкі ўжо даўно не выплочваюць своечасова. Цяпер вось няма й цяпла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG