Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 28 кастрычніка)
Сёньня ўдзельніца "Маршу Свабоды" Вера Цярлюкевіч зьвярнулася ў Першамайскі суд Менску із зыскаваю заявай на вядучага праграмы Беларускае тэлевізіі "Рэзананс" Аляксандра Зімоўскага..

Выступ Аляксандра Зімоўскага на дзяржаўнай тэлевізіі 17 кастрычніка ў праграме "Рэзананс" падштурхнуў пэнсіянэрку Веру Цярлюкевіч зьвярнуцца ў суд з зыскавай заяваю ў абарону гонару й годнасьці.

Зімоўскі, камэнтуючы падзеі 17 кастрычніка, назваў людзей, якія бралі ўдзел у "Маршы Свабоды", "кучей отморозков" і заявіў, што ўсе ўдзельнікі апазыцыйнай акцыі адпрацоўвалі грошы сваіх заакіянскіх гаспадароў.

Вера Цярлюкевіч брала ўдзел у шэсьці й палічыла для сябе выступ Зімоўскага абразаю. У зыскавай заяве яна патрабуе абвергнуць гэтыя зьвесткі й спагнаць зь Зімоўскага кампэнсацыю за маральную шкоду ў памеры 3 мільярдаў рублёў.

Свой намер судзіцца зь Зімоўскім Вера Цярлюкевіч так патлумачыла нашаму радыё:

(Цярлюкевіч: ) "17-га быў "Марш Свабоды" і я брала ў ім удзел, бо я беларуска, пэнсіянерка, жыву на пэнсію. Вельмі цяжка жыць, і ў сэнсе кватэрным, і матэрыяльным. А яшчэ я паглядзела, што Дамова аб аб'яднаьні Расеі і Беларусі, а я супраць гэтага аб'яднаньня, таму што ў Расеі зараз ідзе вайна, і колькі яна будзе ісьці, я ня ведаю. Мне ня хочацца, каб нашыя хлопчыкі беларускія ішлі туды ваяваць. А па-другое, мы павінны быць самастойнай дзяржавай, мы павінны не ў Расею страміцца, мы павінны страміцца ў Эўропу.

А Беларусь – гэта дзяржава, дзе харошыя землі, дзе людзі працавітыя, і мы працавалі б самастойна. Я ня супраць сябраваць з Расеяй, дружыць з рускімі людзьмі. Вось я і пайшла на Марш, каб выказацца, і вось што палучылася…
Нас там білі салдаты, міліцыянты. Людзі бачылі, што іх дзяцей б'юць, і людзі адбіваліся.

І пасьля гэтага, калі я пайшла дамоў, я ўключыла праграму "Рэзананс", і што я ўчула? Што спадар Зімоўскі нас назваў "адмарозкамі". Гэта я – "адмарозак", калі мне 58 год, калі я прапрацавала ў ліцейцы 20 гадоў, 15 гадоў на башанным кране, строіла дамы ў Менску. Гэта – жанчына, якая працавала на мужскіх працах, якая ня мае ні кватэры, ня маю на што жыць.

Зімоўскі – ён мне гадзіцца ў сыны, і ён мяне называе "адмарозкам". Вось гэта мяне талкнула падаць ісковае заяўленьне аб зашчыце чэсьці і дастоінства гражданкі Беларусі, бо я хачу, каб гэты чалавек нес адказнасьць, і тэлебачаньне нашае, нацыянальнае, каторае павінна зашчышчаць інтарэсы грамадзян Беларусі. Яны жывуць за шчот нашых налогаў і нас абражаюць.

Вось пагэтаму я падаю, і хачу каб суд зьдзелаў па совесьці і па чэсьці".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG