Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Галоўная навіна трэцяга дня побыту ў Менску кіраўніка рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына – тое, што дасягнутая дамоўленасьць пра ягоную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтая сустрэча, якая раней не плянавалася, мае адбыцца раніцою 30 кастрычніка.

Першы раз пра сваё жаданьне сустрэцца з Лукашэнкам кіраўнік рабочае групы па Беларусі заявіў пад час сустрэчы з кіраўнікамі Кансультатыўнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Пасьля адпаведная прапанова была зробленая памочніку Лукашэнкі Сазонаву й міністру замежных справаў Латыпаву. А ўраніцу 29 кастрычніка сп. Севярын распавёў пра гэта й сябрам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня.

Чаму раптам зьявілася такое жаданьне? Паводле словаў Севярына, на яго надзвычай паўплываў выступ Лукашэнкі ў Дзяржаўнай думе Расеі. "Няўжо Лукашэнка не разумее, што беспадстаўнай крытыкаю Захаду адразаюцца амаль усе магчымыя кантакты з сусьветнай супольнасьцю?", – так рытарычна ставіў пытаньне эўрапейскі чыноўнік.

Другая прычына – тое, што Лукашэнка не выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы. Севярын нагадаў, што ў ліпені пад час апошняй сустрэчы Лукашэнка абяцаў яму асабіста зрабіць захады ў справе зьмякчэньня сытуацыі ў Беларусі.

Але ж становішча ня толькі не палепшылася, а нават пагоршылася. Асабліва прыкрым назвау эўрапейскі чыноўнік арышт Анатоля Лябедзькі. Лябедзька зьяўляецца ня толькі старшынём камісіі легітымнага парлямэнту ў міжнародных справах, але й сябрам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а гэта значыць, мае той жа самы статус, што і Севярын.

Літаральна да самага вечару было невядома, ці дасьць Лукашэнка згоду на размову зь Севярынам. Некалькі разоў Юры Сазонаў, які кіруе урадавай групаю на перамовах з палітычнай апазыцыяй і які сёньня ўдзельнічаў у сустрэчы экспэртаў у сродках масавай інфармацыі, выходзіу зь перамоўнай залі і тэлефаніў Уралу Латыпаву. Апошні ўзяў на сябе функцыі данесьці да Лукашэнкі намер Севярына. І толькі а шостай увечары стала вядома, што Лукашэнка пагадзіўся ў суботу ўраніцу сустрэцца з кіраўніком рабочае групы па Беларусі.

У размове Адрыяна Севярына зь сябрамі прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ўдзельнічалі ўсе кіраўнікі ВС акрамя Сямёна Шарэцкага й Віктара Ганчара. Адказны эўрапейскі чыноўнік зноў падцьвердзіў: АБСЭ лічыць адзіным легітымным вышэйшым заканадаўчым ворганам Беларусі Вярхоўны Савет. Што тычыцца перамоваў, дык іх патрэбна рыхтаваць. І таму Севярын рады, што экспэрты ў сродках масавай інфармацыі спрабуюць знайсьці паразуменьне.

Севярын таксама падцьвердзіў: АБСЭ добра разумее сэнс папярэдніх умоваў апазыцыі, без выкананьня якіх апазыцыйныя лідэры лічаць немагчымым пачынаць перамоўны працэс. І хаця АБСЭ хацелася, каб перамовы пачаліся хутчэй, але гэта ня той выпадак, калі дзеля хуткасьці трэба ахвяраваць сэнсам і сутнасьцю перамоўнага працэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG