Да чатырох крымінальных справаў супраць арганізатараў Маршу Свабоды сёньня дадалася яшчэ адна – справа дэпутата Валерыя Шчукіна, які зараз знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Чацьверты дзень ў камэры сьледчага ізалятара на Валадарскага трымае галадоўку пратэсту лідар Народнай Грамады Мікола Статкевіч, які быў затрыманы пасьля Маршу Свабоды 17-ка кастрычніка. Супраць Міколы Статкевіча ўзбуджаная Крымінальная справа паводле артыкулу 186 (частцы трэйцяй) Крымінальнага Кодэксу – арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадскі парадак. Міколу Стакевічу пагражае да 3-х гадоў зьняволеньня. Пра гэта нашаму Радыё паведаміла адвакатка Міколы Статкевіча Тацьцяна Станкевіч, якой сёньня было дазволенае спатканьне з падабаронным. Паводле словаў спадарыні Станкевіч, інфармацыя пра зьбіцьцё Статкевіча не пацьвердзілася. Камэра СІЗА, дзе ўтрымліваецца Статкевіч, перапоўненая, аднак яму прадаставілі асобны ложак. Стакевіч паводзіць сябе даволі энэргічна. Сьледства ў справе лідара Народнай Грамады вядзе сьледчы гарадзкой пракуратуры Валеры Коранеў, аднак на допыты Статкевіча дагэтуль ня выклікалі. Сёньня яму дазволеная перадача і ён здолее атрымаць цёплыя рэчы. Значна горш пачуваецца зьбіты дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Валеры Шчукін, супраць якога сёньня ўзбуджаная Крымінальная справа таксама паводле артыкула 186
(частцы трэйцяй). Зараз да Шчукіна, які ўтрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, накіравалася адвакатка Тацьцяна Вардомская. Учора дэпутат Шчукін быў моцна зьбіты ў Савецкім РАУСе Менску і сёньня напісаў адпаведную скаргу ў гарадскую пракуратуру. Валеры Шчукін быў адным з афіцыйных арганізатараў "Маршу Свабоды" і йшоў у першых шэрагах калёны дэманстрантаў. Сёньня Валеры Шчукін быў дастаўлены ў пакуратуру да сьледчага гарадзкое пракуратуры Петрушкевіча, дзе адбыўся першы допыт у крымінальнай справе. Пакуль не зразумела, ці гарадзкая пракуратура ўзбудзіла агульную крымінальную справу паводле падзеяў 17 кастрычніка, ці на кожнага з арганізатараў будзе заведзеная асобная справа. Ад адаказу на гэтае пытаньне залежыць лёс іншых арганізатраў "Маршу Свабоды" (якіх, нагадаю, было 22). Пакуль вымушаны знаходзяцца ў бясьпечным мейсцы Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Павал Данейка. Адзін з арганізатараў Маршу Зьміцер Бандарэнка выехаў сёньня ў Швайцарыю як назіральнік за выбарамі. На Украіну выехалі Людміла Гразнова і Віктар Івашкевіч, куды іх запрасіў РУХ Украіны. Пакуль невядомы лёс Германа Сушкевіча, Глеба Догеля і Андрэя Валабуева – шараговых удзельнікаў "Маршу Свабоды", на якіх узбуджаныя крымінальныя справы. Сёньня распачаўся працэс над дэпутатам Анатолем Лябедзькам, якога, паводле адміністрацыйнага кодэксу, судзяць у Савецкім судзе Менску. Вырок суда пакуль невядомы. Да пачатку працэсу Анатоль Лябедзька заявіў нашаму радыё: (Лябедзька: ) "Бараніць сябе буду сам, таму што зьвяртацца па дапамогу да адвакатаў бессэнсоўна, бо працэс – палітычны, і рашэньне будзе палітычным, а не юрыдычным. Я ня ведаю па якіх абставінах перанесеная справа і навошта спатрэбіліся нейкія дадатковыя кансультацыі, бо ўчора была поўная рашучасьць як прадстаўнікоў праваахоўчых органаў, гэтак і судзьдзяў, каб завершыць разгляд гэтай справы ўчора, фактычна, без прысутнасьці сьведкаў. І толькі тады, калі я заявіў рашучы пратэст, яны поўгадзіны зьвязваліся па тэлефоне, відаць, з тым, хто сёньня, па сутнасьці, прыймае рашэньні па судовых справах, і перанесьлі разгляд на сёньняшні дзень".