Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Караманаў, Менск

Жорсткі фінал учорашняй акцыі некаторыі зь яе арганізатараў ацанілі як наўмысную правакацыю афіцыйных беларускіх уладаў. На прэсавай канфэрэнцыі, праведзенай у офісе Беларускага Народнага Фронту, было заяўлена, што загад ужыць сілу супраць мірных дэманстрантаў даў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Больш за 300 застрыманых, чатыры крымінальных справы, у тым ліку супраць лідэру "Народнай Грамады" Міколы Статкевіча, які ў вязьніцы абвесьціў галадоўку; каля 50 пацярпелых – такія вынікі ўчорашняга "Маршу Свабоды" агучыў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі намесьнік Старшыні БНФ Юры Хадыка, які назваў марш буйнейшай апазыцыйнай акцыяй за апошнія тры гады.

Тры крымінальныя справы, узбуджаныя супраць маладых людзей, прозьвішчы якіх пакуль не паведамляюцца і якія закідвалі амонаўцаў камянямі і зьбівалі іх; адна справа – супраць Статкевіча як арганізатара.

Выканаўца абавязкаў адказнага сакратара ўправы БНФ Вячаслаў Сіўчык сьцьвярджае, што асабіста Аляксандар Лукашэнка аддаў загад ужыць сілу супраць мірных дэманстрантаў.ь паводле словаў Сіўчыка, уся адказнасьць за, як ён заявіў, правакацыю ў часе "Маршу Свабоды" ляжыць на афіцыйных уладаў.

Сябра арганізацыйнага камітэту "Хартыі-97" Зьміцер Бандарэнка заўважыў, што акцыя так званай зачысткі, якую ўчора праводзілі ў цэнтры Менску праваахоўчыя ворганы, ужываецца толькі ў Беларусі і Чачэніі.

На прэсавай канфэрэнцыі не прысутнічалі намесьнік Старшыні БНФ Вінцук Вячорка, Старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алесь Бяляцкі, а таксама сябра АГП Павал Данейка. Гэтыя арганізатары ўчорашняй акцыі пакуль знаходзяцца ў бясьпечных месцах, бо існуе пагроза іх затрыманьня.

Учора ўвечары адбыліся ператрусы ў кватэрах Вінцука Вячокі, Паўла Данейкі, Людмілы Гразновай, якой сёньня быў прысуджаны штраф, і адразу пасьля суду яна зьявілася на прэсавай канфэрэнцыі.

Незалежны выдавец Павал Жук паведаміў, што сёньня зранку памылкова, замест яго, быў заарыштаваны ягоны сын.

"Марш Свабоды" быў задуманы як элемэнт ціску апазыцыі на афіцыйныя ўлады ў часе перамоўнага працэсу. І калі раней – лічыць Юры Хадыка, – перамовы выглядалі як працэс паміж лукашэнкам і Захадам, дык пасьля "Маршу Свабоды", апазыцыя набыла суб'ектнасьць.

Дэпутат Вярхоўнага Савету аб Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што зараз чакаецца рэакцыя на ўчорашнія падзеі ў Менску з боку заходніх краінаў. Паводле інфармацыі спадара Лябедзькі, у Кіеве, на ініцыятыву прэзыдэнта Украіны Леаніда Кучмы, адбылася афіцыйная сустрэча са сьпікерам Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёнам Шарэцкім.

(Лябедзька: ) "3 лістапада на Бюро Парляманцкае Асамблеі Савету Эўропы будзўе разглядацца рэзалюцыя па Беларусі. Яна вельмі жорсткая і ў ёй знойдуць адлюстраваньне падзеі, якія адбыліся учора.

Мы ў кантакце з сэнатарамі Злучаных Штатаў Амэрыкі, і яны таксама прапрацоўваюць прыняцьцё рэзалюцыі Кангрэсу ЗША".

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, зараз апазыцыя рыхтуе правядзеньне "Маршу Свапбоды-2". Пра дату правядзеньня пакуль не паведамляецца. Гэта могуць быць Дзяды 31 кастрычніка, а можа быць і дзень падпісаньня Саюзнай Дамовы 25 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG