(эфір 6 кастрычніка)
Неапублікаваны дагэтуль тэкст новае беларуска-расейскае дамовы стаў вядомы "Радыё Свабода". Рэпартаж і першае абмеркаваньне. Праект дамовы аб стварэньні беларуска-расейскае хаўруснае дзяржавы будзе надрукаваны ў Беларусі й Расеі ў пятніцу 8 кастрычніка. Аб гэтым паведаміла сёньня прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі "інтэграцыйныя" дакумэнты будуцьь надрукаваныя ў "Советской Белоруссии", у Расеі у "Российской газете". У друку зьявіцца ня толькі праект уласна дамовы, але й праграма дзеяньняў па яе рэалізацыі… Дамова прадугледжвае стварэньне наднацыянальных ворганаў улады – "Вышэйшага дзяржаўнага Савету", "саюзных" ураду й дзьвюхпалатнага парлямэнту, "Падліковай палаты" й "Суду Саюзу". Галоўным ворганам кіраваньня ў адпаведнасьці з праектам будзе "Вышэйшы дзяржаўны Савет", у склад якога войдуць прэзыдэнты дзьвюх краінаў, кіраўнікі ўрадаў і старшыні палатаў нацыянальных парлямэнтаў. Рашэньні ў "Вышэйшым Савеце" будуць прымацца паводле прынцыпу "адна дзяржава – адзін голас", прычым галасаваць будуць толькі прэзыдэнты. Увядзеньне пасадаў "саюзнага" прэзыдэнта й віцэ-прэзыдэнтаў праектам не прадугледжана. Мяркуецца, што ў будучым ніжняя палата "саюзнага" парлямэнту будзе абірацца насельніцтвамі Беларусі й Расеі: 28 дэпутатаў ад Беларусі й 75 – ад Расеі. Але да правядзеньня хаўрусных парлямэнцкіх выбараў "саюзны" парлямэнт будзе складацца з дэпутатаў, накіраваных нацыянальнымі парлямэнтамі. Прапанаваны дакумэнт не адрозьніваецца да папярэлніх праектаў, да прыкладу, ад варыянта, які быў паданы на разгляд парлямэнцкага сходу гэтым летам. Але пэўныя зьмены, якія закранулі эканамічны блёк, усё ж такі адбыліся – у артыкуле 16 да выключных паўнамоцтваў "саюзу" дадалося кіраваньне рэгіянальнай беларуска-расейскай вайсковай групоўкаю (аб яе стварэньні было аб'яўлена сёньня). Згодна з артыкулам 26 у "саюзнай" дзяржаве будуць дзейнічаць адзіныя прынцыпы спагнаньня падаткаў. У артыкулах 27 і 28 вельмі жорстка дэкляруецца ўніфікацыя мытнай і гандлёвае палітыкі, а ў артыкуле 29 размова йдзе аб аб'яднаных энэргетычнай, транспартнай і тэлекамунікацыйнай сыстэмах. У праграме дзеяньняў этапы інтэграцыі распісаныя па гадох. Адзначым найбольш важныя зь іх:
2001 год – дасягненьне роўных умоваў для эканамічных суб'ектаў абедзьвюх краінаў;
2002 год – завяршэньне фармаваньня адзінае мытнае прасторы, прыняцьцё падатковага кодэксу "саюзу";
2005 год – увядзеньне адзінае валюты. Хаця ў апошнім пытаньні паміж бакамі захоўваюцца супярэчнасьці… Як паведаміў у панядзелак кіраўнік нацыянальнага банку Беларусі Пятро Пракаповіч, расейскі бок настойвае на тым, каб адзіным эмісійным цэнтрам "саюзных" грошай быў Цэнтрабанк Расеі. Адзіныя грошы расейцы прапануюць уводзіць празь некалькі год, але ў адзін дзень. На думку беларускага боку эмісіяй мусіць займацца адмысловы беларуска-расейскі камітэт. Менск прапануе пачаць пераход на адзіныя грошы зараз жа, але праводзіць яго паступова… Юры Дракахруст, Менск
Абмеркаваньне
Вядучая ў праскай студыі Алена Радкевіч,
удзельнікі: у Менску – Юры Дракахруст, у Празе – Сяргей Навумчык. (Вядучая: ) "Юры, і вось ужо мы маем перад вачыма гэты праект, які будзе надрукаваны ў прэсе… І ўсё ж такі, ці можна казаць, што йдзецца цяпер пра стварэньне адзінае дзяржавы?" (Дракахруст: ) "На мой погляд – не. Бо, калі браць палітычны момант, ўсё ж такі фактычна захоўваецца прынцып той, які быў яшчэ закладзены ў дамову аб стварэньні супольніцтва ў 96-м годзе і які паказаў, што Беларусь застаецца незалежнай дзяржаваю, бо тая канструкцыя, якая прадугледжана гэтай дамоваю – гэта шмат чыноўнікаў: там і "суд", і "парлямэнт", і "палата прадстаўнікоў", і шмат чаго… Але! Ёсьць "Вышэйшы савет", які прыймае канчатковыя рашэньні, а ў "Вышэйшым савеце" гэтыя рашэньні прымаюць два чалавекі – толькі паводле іхнае згоды рашэньне прымаецца. Такім чынам, так бы мовіць, фармальна – і вось апошнія гады паказалі, што гэта не азначае інкарпарацыю Беларусі ў Расею. Што тычыцца эканамічнае сфэры, то тут таксама можна гаварыць пра тое, што вось тут мы бачым пэўныя пляны: аб'яднаць тое, уніфікаваць тое… Але гэтыя пляны былі й год, і тры, і колькі таму… І яны не былі зьдзейсьненыя. І на мой погляд вельмі паказальнай зьяўляецца гэтая супярэчнасьць паміж Менскам і Масквою наконт таго – дык як жа ўводзіць адзіныя грошы. Гэтая супярэчнасьць ня вырашаная і наўрадці яна будзе вырашаная". (Вядучая: ) "Так, і сапраўды, калі глядзець на тэкст вось гэтае дамовы – ён мала што новага ў параўнаньні з папярэднімі дамовамі (да прыкладу, дамова аб стварэньні "саюза дзьвюх дзяржаваў") таксама мала чаго прыносіць… Адзінае, што тут ідзецца яшчэ й пра агульны бюджэт – як мы памятаем, гэта была тэма некаторых дыскусіяў паміж абодвума бакамі. Побач са мною ў студыі ў Празе знаходзіцца мой калега Сяргей Навумчык. І я папрашу выказаць і яго сваё меркаваньне на гэты конт – дык усё ж з вонкавага боку гэта мае нейкія атрыбуты хаўруснае дзяржавы – то бок, гэта будзе адзіны сьцяг, герб, гімн – але ці па сутнасьці гэта будзе ўяўляць сабой хаўрусную дзяржаву (з таго што мы маем у магчымасьці чытаць у дакумэнце…)?" (Навумчык: ) "Алена, калі я прачытаў гэты тэкст, то першае маё ўражаньне было пагадзіцца цяпер зь Юрам. Так, гэта не адзіная дзяржава, але я тут думаю, што мы апошнім часам канцэнтруемся на пасадзе – "а хто ж будзе кіраўнік?". Ёсьць адзін кіраўнік – значыць, гэта адзіная дзяржава, калі іх два ці некалькі – значыць, не адзіная… Ну, давайце прыгадаем, што, да прыкладу, кіраўніком дзяржавы Канады ці кіраўніком Аўстраліі зьяўляецца Брытанская каралева… Аднак, і Канада, і Аўстралія – гэта абсалютна розныя дзяржавы, рэальна незалежныя ад Брытаніі. Такім чынам, мне падаецца, нават пры тым, што ня будзе адзінага прэзыдэнта – усё ж нейкі элемэнт… – вось не ў дамове, а ў праграме дзеяньняў у справе рэалізацыі гэтае дамовы… Сама дамова – 60 старонак, а вось 3 старонкі праграмы дзеяньняў – тут ёсьць вельмі небясьпечныя ў дачыненьні да незалежнасьці моманты. Ну скажам, "што ў мэтах ажыцьцяўленьня адзінае абароннае палітыкі ў галіне абароны й абароннага будаўніцтва ўжо ў наступным 2000 годзе будзе прынятая адзіная ваенная дактрына "саюзнае" дзяржавы, створаная рэгіянальная групоўка войскаў. Магу заўважыць, што цяпер абмяркоўваецца варыянт прызначэньня на пасаду кіраўніка каардынацыйнага камітэту міністраў абароны краінаў СНД кандыдатуры Івашова – таго самага Івашова, які правёў авантуру з уводам расейскае танкавае калёны ў Косаве. І вось мы бачым, што цяпер адбываецца ў Чачні. Мы бачым, у якой увогуле сытуацыі расейская армія – яна, так бы мовіць, у прынцыпе, раззброена, але яна даволі агрэсіўная паводле сваіх гэнэралаў – і гэта вельмі небясьпечны момант… Я нават ужо й не кажу пра палітычную рэч, я кажу толькі пра тое, што адзінае войска – гэта ўжо фактычна адзіная дзяржава. І гэта вельмі небясьпечна". (Дракахруст: ) "Я хачу запярэчыць Сяржуку ў некалькіх пытаньнях. У першую чаргу таму, што я лічу, што мы нездарма фіксуемся на тым – ці ёсьць кіраўнік "наверсе", і – хто будзе кіраваць? Бо прыклады Канады й прыклады іншых краінаў вельмі йстотныя, але я б не стаў забываць, што тут у нас, так бы мовіць, "славянскі ўсход", дзе дзейнічае прынцып "я кіраўнік – ты дурань, ты кіарўнік – я дурань"… І ў гэтым сэнсе менавіта таму, што нашая сыстэма ўлады пабудаваная так, што фактычна размова йдзе аб аб'яднаньні дзьвюх аўтарытарных у большай ці меншай ступені дзяржаваў, то як ні дзіўна, але менавіта такая палітычная пабудова блякуе "аб'яднаньне"! Бо мейсца ж адное ў "аб'яднанай" дзяржаве". (Вядучая: ) "Якраз тут і варта пагадзіцца зь Юрам, бо рэальны вынік гэтага аб'яднаньня пераважна, відаць, залежыць ад таго, у які бок пойдзе Расея… Калі яна пойдзе па шляху таталітарнаму, то ў гэтым аб'яднаньні дзьвюм таталітарным дзяржавам у аднэй рабіць няма чаго. З другога боку, калі яна пойдзе па шляху лібэралізацыі – таксама Лукашэнку не "па дарозе" з гэтай дзяржаваю… Таму, выглядае, што ўсё ж такі да таго часу, пакуль вызначыцца Расея – да гэтага часу ня вызначыцца й статус "аб'яднанае дзяржавы". А калі вызначыцца – то йзноў акажацца, што інтарэсы ў абодвух партнэраў розныя?" (Навумчык: ) "Безумоўна, гэта йстотна. Велмі йстотны момант, што будзе з Расеяй, скажам, праз год ці праз паўгады… Але я хачу прыгадаць, што мы гаворым усё ж такі не пра нейкія палітычныя прагнозы – мы гаворым пра канкрэтны праўны дакумэнт. Мы маем нейкі калідор. Мы ня ведаем, чым ён будзе, умоўна кажучы, запоўнены – дэмакратамі, лібэраламі ці скажам, правымі ці левымі рэваншыстамі… Таму, у прынцыпу, вось гэты момант абароны, адзінае вайсковае сыстэмы, потым адзіная мытня, адзіная памежная сыстэма – я лічу, што гэта даволі небясьпечна. А, калі б мы мелі дэмакратычную Расею (у ва што мне мала верыцца), то, відаць, і працэсы былі б зусім іншыя". (Дракахруст: ) "Можа быць, сам па сабе гэты тэкст не такі ўжо й страшны. І не такая ўжо пагроза для незалежнасьці Беларусі. На мой погляд, у нашых, як кажуць, краёх галоўнае ня тэкст, але кантэкст. І ў гэтым сэнсе, на мой погляд, больш небясьпечны сам факт пачатку новага раўнду "інтэграцыйнай" гульні. Той факт, што вось гэтая ідэя ўкідваецца ў грамадзкую думку і Расеі, і Беларусі, у грамадзкую сьвядомасьць. Бо варта адзначыць, што – так ужо склаўся лёс – гэтая ідэя заўсёды ідзе побач зь ідэяй імпэрскай, ідэяй антылібэральнай і антызаходніцкай. І вось гэта вельмі небясьпечна і для Беларусі, і для Расеі. Гэта адзін з варыянтаў, дарэчы, што вось тыя рэпрэсіі, якія зараз распачаліся ў Беларусі супраць сродкаў масавай інфармацыі, супраць палітыкаў – гэта значыць, дзеяньні, якімі ўлада адварочваецца ад Захаду, ад заходніх прапановаў па арганізацыі перамоваў – гэта ёсьць наступствы таго, што пачалася новая "інтэграцыйная" гульня. Будзе "аб'яднаньне" ці ня будзе – невядома. На мой погляд – ня будзе. Але вось тое, што ўжо зараз ёсьць, гэта цалкам магчымае. Ёсьць умовы, што пачалася гэтая гульня. (Вядучая:) "І хаця ў самім праекце дамовы напісана й пра фармаваньне адзінае праўнае сыстэмы дэмакратычнае дзяржавы, і пра выкананьне асноўных правоў чалавека і грамадзяніна, і гэтак далей, мы памятаем, што на прыкладзе Расеі ў многіх людзей можа стварыцца ілюзія, што вось цяпер, нарэшце, можна будзе апэляваць да Масквы на законных падставах дзеля таго, каб яна ставіла Лукашэнку на мейсца й патрабавала ад яго выкананьня правоў чалавека. Аднак па досьведу кантактаў з Расеяй у апошнія гады можна бачыць і казаць сьмела, што спадзяваньні на гэта, бадай што, марныя". (Навумчык:) "Вось мы ўжо сёньня бачым, куды можа пайсьці Расея. Сёньняшнія "Известия" далі вынікі сацыялягічнага апытаньня. 65 адсоткаў апытаных грамадзянаў Расеі патрабуюць тэрміновай адстаўкі Барыса Ельцына, што ня дзіўна, але вось толькі дзьве адсоткі з тых, хто патрабуе ягонай адстаўкі, вінавацяць яго ў скандалах з карткамі ды ў іншых непрыгожых гісторыях. Абсалютная бальшыня тых, хто за адстаўку Ельцына, вінавацяць яго ў развале СССР. Вось, сапраўды, Юры казаў пра імпэрскую мэнтальнасьць, і вось яна падцьвярджаецца. А што датычыцца падтрымкі беларускае дэмакратыі, дык мы бачым у заявах Пуціна, як ён падтрымлівае нелегітымную Вышэйшую Раду Чачні, абраную ў 1996 годзе вельмі сумніўным чынам, і ніякай падтрымкі мы ня бачым Вярхоўнаму Савету Беларусі 13-га скліканьня. Пакуль што я ня чуў з вуснаў маскоўскіх палітыкаў заяваў наконт Ганчара ды іншых. (Вядучая:) "Мы так засяродзіліся на палітычных аспэктах гэтага "аб'яднаньня"… Але я ўсё ж хачу закрануць эканамічны аспэкт "аб'яднаньня", і менавіта вось гэтае паэтапнае збліжэньне асноўных паказьнікаў эканамічнага разьвіцьця. Выглядае, што гэты пункт – найменш рэалістычны. Ці, можа, стварэньне "саюзнае" дзяржавы – будзем карыстацца тэрміналёгіяй, якая пададзеная ў гэтым дакумэнце – ці можа яно нейкім чынам падштурхнуць эканамічныя рэформы ў самой Беларусі, на што сёй-той у Беларусі таксама спадзяецца?" (Дракахруст:) "Я мяркую, што калі беларускі лідэр пагадзіўся на друкаваньне гэтага дакумэнту, ён разьлічвае на адзін маленечкі пункцік у гэтым дакумэнце, а менавіта на так званыя "роўныя ўмовы гаспадараньня". І ён сам ня раз казаў аб гэтым на мінулым тыдні. Нам, маўляў, тысяча кубамэтраў каштуе 60 даляраў, а расейскім спажыўцам 14, давайце, маўляў, мы зробім так, як у Расеі. На мой погляд, гэтая "інтэграцыйная" кампанія ў вачох грамадзтва, як мы ўжо казалі, гэта – узбуджэньне антызаходніцкіх, антылібэральных памкненьняў, а на ўзроўні дыялёгу двух урадаў ідзе даволі цынічны гандаль за грошы. Лукашэнка хоча за сваю адданасьць Расеі проста атрымаць грошы дзеля таго, каб утрымліваць тую тэрыторыю, якой ён валодае. Вось і ўсё". (Вядучая:) "Але роўныя ўмовы для аб'ектаў гаспадараньня – гэта йзноў жа пункты, якія ўжо ня раз былі напісаныя ў многіх дакумэнтах, тым ня менш да сёньняшняга дня ўключна яны заставаліся нявыкананымі, так што мала спадзяваньняў і на тое, што з падпісаньнем чарговага дакумэнта нешта зрушыцца ў іншым кірунку. На гэтым мы завершым нашае першае, што называецца, бліц-абмеркаваньне дамовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы, тэкст якой, нагадаю, зьявіцца пасьлязаўтра ў беларускай і расейскай прэсе. І тады ўжо ў нас будзе час больш грунтоўна падыйсьці да яе абмеркаваньня. Нагадаю, што на сувязі ў Менску быў наш менскі карэспандэнт Юры Дракахруст, а побач са мной у студыі – Сяргей Навумчык".