Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

У офісе Праваабарончага цэнтру "Вясна-96" учора ўвечары адбыўся чатырохгадзінны ператрус, пад час якога была сканфіскаваная тэхніка й частка накладу праваабарончага выданьня "Права на волю".

Ператрус распачаўся а 18-й гадзіне пад выглядам традыцыйнага "пошуку бомбы"...

Пра "бомбу" "куды трэба" нібыта паведамілі пільныя жыхары дома на вуліцы Кісялёва, 11, дзе й месьціцца офіс Праваабарончага цэнтру "Вясна-96". Прынамсі так патлумачылі сваё зьяўленьне 10 міліцыянтаў з аддзелу барацьбы й прафіляктыкі адзелу нутраных справаў Цэнтральнага раёну Менску, а таксама прадстаўнікі крымінальнага вышуку. Кіраваў акцыяй маёр з раённага аддзелу Анатоль Прузан. У часе ператрусу ў офісе знаходзіліся людзі ў цывільным, якія адмовіліся назваць свае імёны. Заўважу, што кіраўнік "Вясны-96" Алесь Бяляцкі пазнаў у адным зь іх намесьніка міністра нутраных справаў спадара Ўдовікава.

Санкцыі на ператрус міліцыянты ня мелі, а таму назвалі сваю апэрацыю "вонкавым аглядам". У выніку чаторхгадзіннага "агляданьня" з офіса Праваабарончага цэнтру "Вясна-96" зьнікла ўся аргтэхніка: 2 кампутары, 2 друкаркі ды ксэракс, а таксама частка накладу праваабарончага бюлетэню "Права на волю". Быў складзены пратакол канфіскацыі.

Супрацоўніца "Вясны-96" Паліна Сьцепаненка, якая адчыняла дзьверы нечаканым наведнікам, паведаміла нашаму радыё:

(Сьцепаненка: ) "У "вочка" я ўбачыла хлопцаў у саколках з кароткім рукавом, адчыніла дзьверы, спытала — вы да каго? У гэты час мяне адштурхнулі ад дзьвярэй і ў кватэру ўварваўся нарад міліцыі, які хутка распаўсюдзіўся па ўсёй кватэры, блякаваўшы выхады з пакояў, з крыкамі... Гэта нагадвала захоп, гэта нагадвала тое, як абыходзяцца не са звычайнымі грамадзянамі, а з тэрарыстамі, калі ўжо вядома, што яны знаходзяцца ў гэтай кватэры. Яны пачалі ўсё з крыкаў "Листовки печатаете!" і "Бэнээфавцы". А потым, калі выйшаў наш юрыст Валянцін Стэфановіч і спытаў, у чым справа, яны сказалі, што паступіў "сыгнал" ад жыхароў дома, і што ў нас шукаюць бомбу, мажліва, якую мы зьбіраемся закласьці... і што можа вы рыхтуеце тэракт..."

У часе ператрусу ў офісе знаходзіліся восем бацькоў, дзеці якіх загінулі ў часе катастрофы на станцыі мэтро "Няміга". зараз "Вясна-96" рыхтуе да друку кнігу, у якую ўвойдуць зьвесткі, адрозныя ад афіцыйнай вэрсіі трагедыі на Нямізе. Праз гадзіну пасьля пачатку ператрусу бацькоў вызвалілі.

Чатырох супрацоўнікаў "Вясны" прымусілі напісаць тлумачэньні.

Чым завершыцца гэтая справа, пакуль незразумела. Міліцыянты абяцаюць аддаць аргтэхніку ў выпадку, калі на яе будзе паказаная дакумэнтацыя.

Радыкальныя дзеяньні праваахоўных ворганаў зразумелыя, калі ўлічыць, што кіраўнік "Вясны-96" Алесь Бяляцкі зьяўляецца адным з заяўнікаў антыўрадавае акцыі 17 кастрычніка "Марш Свабоды", на якую апазыцыя паабяцала вывесьці блізу 100 тысячаў чалавек.

Зараз у гэтыя хвіліны Алесь Бяляцкі знаодзіцца ў місіі АБСЭ ў Беларусі. Ён уваходзіць у апазыцыйную экспэртавую групу, адказную за стварэньне палітычнае атмасфэры, вольнай ад страху й перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG