Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

1 кастрычніка сёлета Кітайская Народная Рэспубліка сьвяткуе сваё 50-годзьдзе. У кітайскай сталіцы, Пекіне, з гэтае нагоды рыхтуюцца вялікія ўрачыстасьці. Толькі на цэнтральным пляцы Цянанмынь кітайскае сталіцы ў іх будуць удзельнічаць больш за поўмільёну чалавек. Адначасна ўлады часова арыштавалі па ўсёй краіне каля 100 тысячаў чалавек, якія б маглі стварыць патэнцыйную пагрозу сьвяткаваньням.

50 год таму выступаючы на пляцы Цянанмынь, лідэр кітайскіх камуністаў Мао Дзэдун абвясьціў стварэньне Кітайскае Народнае Рэспублікі.

Перамога кітайскай Чырвонай Арміі ў грамадзянскай вайне супроць Гаміньдану са спадзяваньнямі й надзеяй была ўспрынятая кітайскім народам. І пачаткова гэтыя надзеі спраўджваліся. Мао ўдалося прыпыніць гіпэрінфляцыю, ліквідаваць беспрацоў'е, прастытуцыю, паўсюдную карупцыю і нават зрабіць некаторыя крокі на шляху пераадоленьня пэрманэнтавага голаду ў некаторых раёнах краіны.

Але пасьля 1957 году Мао Дзэдун абраў савецкі шлях рэфармаваньня краіны. У выніку паскоранай індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскае гаспадаркі загінулі, як лічаць экспэрты, некалькі дзясяткаў мільёнаў кітайцаў.

Але на гэтым Мао не затрымаўся. Пад ягоным кіраўніцтвам у Кітаі ў 1966–1976 гг. ажыцьцяўляўся жудасны экспэрымэнт "культурная рэвалюцыя". У адным са сваіх выступленьняў на партыйным зьезьдзе ён наступным чынам абгрунтаваў аптымальную тактыку камуністаў:

(Мао: ) Нават, калі мы дасягнулі значных посьпехаў, ніколі нельга затрымлівацца на гэтых дасягненьнях. Сьціпласьць можа рабіць цуды, а самаўпэўненасьць можа толькі зьнішчыць нас. Гэта трэба заўсёды мець на ўвазе".

"Культурная рэвалюцыя" сымбалізавала сабою вайну партыі супраць усіх: рабочых, сялянаў, інтэлігэнцыі і нават супроць саміх партыйцаў. Дзясяткі мільёнаў людзей былі накіраваныя на перавыхаваньне ў сялянскія камуны, яшчэ мільёны трапілі ў працоўныя лягеры, якія амаль цалкам былі скапіяваныя з савецкага Гулагу. Амаль усё кітайскае насельніцтва вымушанае было штодня як малітву прыносіць прысягу вернасьці Мао.

"Культурная рэвалюцыя, – сьцьвярджае сябра КПК Джы Хуалінг, які ў 1966 годзе быў студэнтам, – была скіраваная на зьнішчэньне інтэлігэнцыі як клясу. Усе прадстаўнікі гэтае клясы былі абвешчаныя агэнтамі імпэрыялізму й накіраваныя на камуністычнае перавыхаваньне ў камуны. Гэта была абсалютная маральная паразу камуністычнага рэжыму".

Аднак сьмерць Мао ў 1976 годзе сымбалізавала сабою прыход эры Дэн Сяопіна, якая працягваецца да сёньняшняга дня.

Дэн Сяопін ліквідаваў сельскагаспадарчыя камуны й пачаў правядзеньне рынкавых рэформаў у кітайскай эканоміцы. Ягоная новая палітыка прывяла да ўнікальнага росквіту кітайскае гаспадаркі і да выразнага росту ўзроўню дабрабыту кітайскага насельніцтва.

Але ў пытаньнях дэмакратыі і свабоды слова Дэн Сяопін выказваў такую самую жорсткасьць, як і Мао. Летам 1989 году кітайская армія жорстка расправілася са студэнтамі, якія дэманстравалі ў Пекіне, патрабуючы большых дэмакратычных свабодаў.

"Калі пачаліся рэформы Дэн Сяопіна, – заявіў у інтэрвію агэнцыі "АФП" адзін з кітайскіх дысыдэнтаў, які папрасіў не называць ягонага імя, – мы спадзяваліся, што маодзэдунаўскі хаос скончыўся назаўсёды, але падзеі каля пляцу Цянанмынь прадэманстравалі, што кітайская кампартыя зусім не зьмянілася".

Вось чаму гадавіна ўтварэньня КНР – гэта ня толькі час для гучных сьвяткаваньняў, гэта таксама час для роздуму й падсумаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG