Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Зьнікненьне Віктара Ганчара й пачатак перамоўнага працэсу — узаемасувязь гэтых дзьвюх праблемаў абмяркоўвалася сёньня на чарговай нарадзе апазыцыйных партыяў. У выніку быў прыняты зварот да кіраўніцтва беларускага КГБ, а таксама да кіраўніцтва АБСЭ. Апазыцыйныя партыі зацьвердзілі таксама мэмарандум аб перамовах з уладамі. Сёньня ж экспэртавая камісія ў пытаньнях доступу апазыцыі да сродкаў масавае інфармацыі склала свае паўнамоцтвы…

Сёньня ўдзельнікі каардынацыйнае нарады апазыцыйных партыяў, з аднаго боку, прынялі мэмарандум аб стварэньні атмасфэры ўзаемапаразуменьня ў часе маючыхся распачацца 1 кастрычніка перамоваў, з другога боку, апазыцыянэры заявілі пра немагчымасьць пачатку перамоваў да моманту высьвятленьня абставінаў зьнікненьня Віктара Ганчара.

Яны прынялі заяву да шэфа беларускага КГБ Мацкевіча: "Мы патрабуем ад кіраўніцтва КГБ і асабіста ад Вас, — гаворыцца ў заяве,-- прыняць усе неабходныя захады, а Вы, бясспрэчна, валодаеце такой магчымасьцю, дзеля таго, каб знайсьці злачынцаў незалежна ад той пасады, якую яны займаюць".

Шэсьць партыяў — удзельніцаў нарады — падпісалі яшчэ адную заяву на імя старшыні АБСЭ Волебэка, у якой абвінавацілі Аляксандра Лукашэнку і "групу асобаў, што захапілі ўладу," у тым, што яны адкрыта сталі на шлях "непрыхаванага тэрору супраць апазыцыйных дэмакратычных сілаў і легітымных ворганаў улады.

Партыі заклікалі міжнародную грамадзкасьць дапамагчы грамадзянам Беларусі спыніць "тэрор узурпатараў". "Перамоўны працэс уладамі пастаўлены пад сумнеў".

Пад заявамі няма подпісу Партыі "Надзея" і Партыі Працы. Камуністы адмовіліся паставіць свой подпіс, і іхны лідэр Сяргей Калякін патлумачыў, чаму:

(Калякін: ) "У гэтым дакумэнце я ўгледжваю наяўнасьць прыкметаў пастановы суду ці высноваў сьледчых ворганаў аб тых асобах, якія ўчынілі злачынства. У Рэспубліцы Беларусь пакуль існуе прынцып прэзумпцыі невінаватасьці. І я лічу немэтазгоддным, каб нейкія асобы, ці кіраўнік дзяржавы, ці апазыцыя, ці палітычныя партыі бралі на сябе функцыі судовае ўлады ці функцыі сьледзтва. Таму я гэты дакумэнт не падпісваў".

У мэмарандуме апазыцыйныя партыі заявілі, што мэтаю перамоваў з уладаю павінна стаць вызначэньне ролі будучага парлямэнту, а таксама правядзеньне вольных і справядлівых выбараў у 2000 годзе.

Вынікі перамоваў, згодна з мэмарандумам, павінны зацьвярджацца "з аднаго боку — кіраўніком выканаўчае ўлады, з другога — Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня". Аляксандру Лукашэнку запрапанавана вызваліць усіх палітвязьняў, якіх назаве АБСЭ, а таксама спыніць усе палітычныя справы, якія назаве АБСЭ.

Апазыцыянэры разам з тым, самі запрапанавалі ўвесьці мараторый на зьмены ў Канстытуцыі на момант перамоваў. Як патлумачыў нашаму радыё лідэр Грамады Станіслаў Шушкевіч, які сёньня вёў паседжаньне, "асноўныя пункты гэтага мэмарандуму — гэта шчыры пошук узаемаразуменьня паміж апазыцыяй, якая прадстаўлена васьмю палітычнымі партыямі, і дэлегацыя, якая ўзгоднена фактычна з Вярхоўным Саветам яго адмысловым рашэньнем. І мы шукаем спосаб, каб у межах тых правілаў, якія выпрацаваны АБСЭ, весьці перамовы самым цывілізаваным шляхам".

(Карэспандэнт: ) "А ці не бачыце Вы супярэчнасьці, што з аднаго боку апазыцыйныя партыі заяўляюць аб немагчымасьці працягненьня дыялёгу ў зьвязку з сытуацыяй з Ганчаром, а з другога — вы шукаеце паразуменьня з уладамі і прапаноўваеце ім шчыры адкрыты дыялёг?"

(Шушкевіч: ) "Я ня бачу аніякай супярэчнасьці. Тыя ворганы, а я лічу, што й КГБ Беларусі, і міністэрства нутраных справаў здольны ажыцьцявіць апэратыўна-пашуковую работу ў пошуках злачынцаў, якія гэта ўчынілі".

Сёньняшняя нарада завершылася скандалам — экспэрты ў пытаньнях доступу апазыцыі да СМІ склалі зь сябе паўнамоцтвы. Як патлумачыў нам лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч, экспэрты на чале зь Міхалам Пастуховым падрыхтавалі прапановы, якія не да канца задаволілі апазыцыянэраў. Цяпер палітыкі будуць рыхтаваць прапановы для сябе самі. Свой плян доступу да сродкаў масавае інфармацыі Станіслаў Багданкевіч агучыць у сераду на наступнай кансультатыўнай нарадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG