Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Як ўжо паведамлялася, у былой партугальскай калёніі Ўсходні Тымор, якую ў 75-м годзе заняла Інданэзія, працягваецца гвалт над жыхарамі правінцыі з боку праінданэзійскіх узброеных фармаваньняў. У пятніцу, першыя аўстралійскія самалёты прыбылі ў сталіцу правінцыі Дзілі з грузамі гуманітарнае дапамогі. У нядзелю ва Ўсходні Тымор мусяць прыбыць першыя вайскоўцы міратворчых сілаў пад эгідаю ААН. Несумненна, на гэтыя крокі з боку міжнароднае грамадзкасьці паўплывалі драматычныя заклікі з боку ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 96-га году, каталіцкага біскупа Карласа Бэло, які быў вымушаны ўцякаць за мяжу, і які, між іншым, апублікаваў ў газэце "International Herald Tribune" свой эмацыйны камэнтар пра лёс насельніцтва Ўсходняга Тымору…

Незважаючы на рашэньне прэзыдэнта Габібі аб разьмяшчэньні міжнародных сілаў ва Ўсходнім Тыморы, жыхарам правінцыі пагражае гэнацыд, – піша біскуп Карлас Бэло. – Гэтае рашэньне нічога не зьмяніла. Бязьлітасныя атакі на безабаронных людзей не спыняюцца. Усяму майму народу пагражае зьнішэньне. У такой сытуацыі, – лічыць ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, – неабходныя, пакуль ня будзе запозна, рашучыя дзеяньні з боку прэзыдэнта Біла Клінтана, Злучаных Штатаў і міжнароднае супольнасьці.

З 30 жніўня, калі ў рэфэрэндуме пад эгідаю ААН 78% насельніцтва Ўсходняга Тымору прагаласавалі за незалежнасьць ад Інданэзіі, ураган гвалту ахапіў ўсю правінцыю. Гэта жудасная спроба скасаваць выбар народу, зроблены ім, незважаючы на афіцыйную кампанію запалохваньня й забойстваў.

Зараз сталіца Ўсходняга Тымору – цалкам запусьцелы горад. Многія жыхары правінцыі, – піша Карлас Бэло, – былі жорстка закатаваныя інданэзійскімі сіламі. Гэта яны зьяўляюцца сапраўднымі віноўнікамі трагедыі. Бязь іхнае падтрымкі не маглі б дзейнічаць нефармальныя ўзброеныя групоўкі. Гэта не грамадзянская вайна, як цьвердзіць Джакарта, але захопніцкая вайна.

Больш за палову зь 700 тысячаў насельніцтва пакінулі свае дамы, многія зь якіх спаленыя.

Ахвярамі інданэзійскае арміі вельмі часта бывае каталіцкае і пратэстанцкае сьвятарства, якое выступае ў абарону ўцекачоў. Ва Ўсходнім Тыморы мы маем дачыненьне зь няспынным перасьледам Рыма-каталіцкае Царквы.

Разбураная і мая сядзіба, дзе знайшлі прытулак тысячы людзей, пераважна жанчынаў і дзяцей, – піша Карлас Бэло. – Вымушаны пакінуць краіну, я скарыстоўваю маю прымусовую эміграцыю, каб зьвярнуць увагу міжнароднае грамадзкасьці на небясьпеку гэнацыду насельніцтва правінцыі.

Зь мінулага тыдня, – піша біскуп Карлас, – сотні тысячаў чалавек пад дуламі аўтаматаў загружаюцца ў аўтамабілі, на караблі й самалёты й вывозяцца ў Заходні Тымор, дзе ў адмысловых лагерох іх тэрарызуюць узброеныя банды.

З асаблівым перасьледам сутыкаецца сьвятарства. тысячы чалавек хлынулі ў горы, дзе вайскоўцы наладжваюць паляваньні за імі, і дзе ім пагражае голад.

Сьвет мусіць улічыць факт, што з 79-га году 200 тысячаў жыхароў Усходняга Тымору, амаль траціна ўсяго насельніцтва, якое тады налічвала 688 тысячаў чалавек, сталі ахвярамі неаб'яўленае вайны.

Сярод іх – ахвяры расстрэлаў, партызанскае вайны супраць інданэзійскага рэжыму й проста людзі, якія памерлі ад голаду, паколькі Джакарта блякавала пастаўкі ў правінцыю гуманітарнае дапамогі, – адзначае біскуп Карлас Бэло. – Зараз, дзейнічае тут невялікая група супрацоўнікаў Чырвонага Крыжу, але сытуацыя не на шмат зьмянілася. Мы неадкладна патрабуем буйной гуманітарнай дапамогі, каб прадухіліць катастрофу.

"Навошта сьвет чакае? – пытаецца Карлас Бэло. – Міжнародныя міратворчыя сілы мусяць сюды прыбыць не праз пару тыдняў, але зараз, бо ў іншым выпадку сьвет будзе мець гэтых няшчасных людзей на сваім сумленьні. Адтэрміноўваньне прыбыцьця міжнародных сілаў дае джакарцкаму рэжыму час па-за вачыма сьвету працягваць гэнацыд майго народу, бо нават замежныя журналісты былі вымушаныя пакінуць правінцыю.

Пэнтагон, – лічыць біскуп Карлос Бэло, – мусіць ужыць усе свае ўплывы дзеля ціску на індаэзійскую армію. Амэрыка ды іншыя краіны сьвету мусяць дамагчыся, каб інданэзійскія сілы пакінулі Ўсходні Тымор раз і назаўсёды.

На думку біскупа, сьвет не павінен некрытычна ўспрымаць заявы Інданэзіі аб ейным праве на Ўсходні Тымор, аб значаньні Інданэзіі, як быццам важныя толькі інданэзійцы. Злучаныя Штаты ды іншыя краіны, якія з часу захопу Джакартаю Ўсходняга Тымору падтрымалі Інданэзію фінансамі й дыпляматычным шляхам, маюць маральны абавязак прыняць канкрэтныя крокі дзеля прадухіленьня гэнацыду насельніцтва Ўсходняга Тымору.

Пасьля жудасных падзеяў ў апошні час, мы мусім захаваць аптымізм і бадзёрасьць, каб вярнуцца дзеля адбудовы сваёй Радзімы. Аднак сваімі сіламі мы ня ў стане гэтага дасягнуць, – напісаў ў газэце "International Herald Tribune" каталіцкі біскуп з Усходняга Тымору, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Карлас Бэло.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG