(Эфір 8 верасьня)
Сёньня ў Менску прайшла санкцыянаваная ўладамі акцыя апазыцыі, прысьвечаная Дню беларускае вайсковае славы. У акцыі, зарганізаванай Беларускім Народным Фронтам, паводле назіральнікаў, узялі ўдзел каля 3 тысячаў чалавек. Улады адрэагавалі адключэньнем электрычнасьці й зрывам канцэрту беларускіх рок-гуртоў. (Фон рэпартажу: ) "Чамадан Вакзал Расея! Чамадан Вакзал Расея!"... Чарговая "інтэграцыйная" ініцыятыва афіцыйнага Менску й візыт расейскага прэм'ера прадвызначылі танальнасьць сёньняшняй акцыі, якая была абвешчана Беларускім Народным Фронтам як сьвята. "Беларусь! Цябе чакае наперадзе новая Ворша!" напісана на адным зь лёзунгаў. А 17:30 калёна маніфэстантаў рушыла ад опэрнага тэатру да сквэра Янкі Купалы. (Фон рэпартажу: ) "Незалежнасьць! Незалежнасьць! Незалежнасьць!"... Пад час шэсьця дэманстранты занялі першую паласу праезнай часткі. На чале калёны выключна лідэры Фронту, сярод якіх заявіцелі сьвята: Лявон Баршчэўскі й Аляксей Кавалец. Асноўную частку складае моладзь: (Дэманстрантка: ) "Мне 15 гадоў, завуць мяне Ганна. Для мяне гэта сьвята. Сьвята незалежнасьці маёй краіны". Сквэр Янкі Купалы, куды дакрочылі маніфэстанты, стаў мейсцам правядзеньня сьвяточных мерапрыемставаў. (Фон рэпартажу гучыць урачыстая музыка.) Прэм'ераю гэтае музычнае кампазыцыі Віктара Войціна "Шляхам аршанскіх ваяроў" распачалося тэатралізаванае прадстаўленьне, якое наладзіў тэатар "Вольная сцэна": "войскі Канстатнына Астрожскага", натуральна, перамаглі такі "маскоўскія войскі", але сам "Канстантын Астрожскі" хваляваўся вельмі... (Карэспандэнт: ) "Скажыце, а справа Канстантына Астрожскага жыве?" ("Астрожскі": ) "...вельмі мала. Хацелася б, каб народ нешта такое стварыў, нешта такое рабіў і быў моцны... А зараз нешта ня вельмі". Сканчэньнем тэатралізаванага відовішча завершылася і аптымістычная частка акцыі. Спачатку высьветлілася, што ўлады адключылі электрычнасьць з-за чаго быў адменены канцэрт самага папулярнага рок-гурту "НРМ". Палітыкі абураліся праз мегафоны. Гаворыць Лявон Баршчэўскі: (Баршчэўскі: ) "Сёньня ўлада паказвае хто ёй кіруе. Значыць паступіў загад з Масквы: "адключыць" халуі і адключылі... (Сьвіст прысутных). Яшчэ адной непрыемнасьцю стала бойка паміж прафашыстоўскай групоўкаю скінгэдаў і беларускай моладзьдзю. Скінгэды чалавек сем пачалі выгукваць: "слава Расеі!" і ўскідаць угару рукі ў характэрным жесьце. Сьведкам бойкі паміж скінгэдамі й беларускай моладзю стаў назіральнік беларускага Гэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі: (Маркушэўскі: ) "Тут адбылася правакацыя з боку прафашыстоўскай групоўкі скінгэдаў так у іх было напісана на саколках яны зрабілі напад на слухачоў акцыі, а потым пачалі ўцякаць. Некаторыя са слухачоў падаліся за імі, але тыя кінуліся ўрассып, ну і вось..." Міліцыянты затрымалі двух арганізатараў бойкі. А 20:00 акцыя, прысьвечаная бітве пад Воршай, была ўжо скончаная. Як патлумачылі арганізатры, невыпадкова, што менавіта гэтая акцыя распачала, як яны сьцьвярджаюць, "восеньскі марафон" апазыцыі.