Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Як вядома, сёньня ў Менск прыбыў першы віцэ-прэм'ер Расеі Аксёненка, які рыхтуе візыт кіраўніка ўраду Ўладзімера Пуціна. Дарэчы, Пуцін, візыт якога мае адбыцца заўтра, наведае Менск яшчэ і ў якасьці старшыні Выканаўчага камітэту Беларусі й Расеі.

Між тым, мала хто з расейскіх ды й беларускіх палітыкаў ведае, што вялікая частка грошай з гэтак званага "саюзнага" бюджэту йдзе на падтрымку расейскага холдынгу "Электронныя тэхналёгіі". Пры тым, мэханізм фармаваньня "саюзнага" бюджэту дазваляе хаваць гэтыя грошы ад падаткаў.

Хаця аб'яднаньня Беларусі й Расеі ў адзіную хаўрусную дзяржаву пакуль не адбылося, рэальна йснуе "саюзны" бюджэт – 800 мільёнаў рублёў (32 мільёны даляраў). Да гэтага трэба яшчэ дадаць выдаткі на бюракратычныя ворганы "саюзу" дзьвюх дзяржаваў. У выканаўчых ворганах "саюзу" працуюць 100 чыноўнікаў з абедзьвюх краінаў.

У газэце "Moscow Times" нядаўна зьявіўся артыкул Яўгеніі Барысавай, якая дасьледуе, куды йдуць выдаткі "саюзнага" бюджэту. Вядома – і аб гэтым было паведамлена афіцыйна – што 14,5 мільёнаў рублёў вылучаныя на праграму "саюзны тэлевізар". Мяркуецца стварыць новую мадэль тэлевізара на базе Варонежскага заводу "Рубін" з выкарыстаньнем трубкі – галоўнай часткі ўсялякага тэлевізара – ад фірмы "Velt". Аб гэтым заявіў цяперашні гэнэральны дырэктар "Рубіна" Анатоль Лашкевіч (былы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі). Партнэрамі ў праграме выступаюць таксама Віцебскае вытоворчае аб'яднаньне "Віцязь", Менскае навукова-выторчае аб'яднаньне "Інтэграл" ды аналягічнае аб'яднаньне "Квант" у Ноўгарадзе.

"Саюзны" бюджэт, варта нагадаць, фармуецца паводле такога прынцыпу: кожная з дзьвюх дзяржаваў вылучае па 1,1% з уласнага бюджэту ў агульны фонд.

Такім чынам, піша аўтарка "Moscow Times", пакуль у Думе вяліся дэбаты вакол кожнага пункту выдаткаў у дзяржаўным бюджэце, паралельна йснаваў ды йснуе яшчэ адзін бюджэт, пра які многія расейскія палітыкі нават ня ведаюць. Сёлета гэты бюджэт склаў 585 мільёнаў расейскіх рублёў. Летась Расея вылучыла ў "саюзны" бюджэт 379 мільёнаў і 520 – сёлета. Гэткія лічбы абвесьціў кіраўнік адміністрацыйных ворганаў "саюзу" Беларусі й Расеі Віктар Сьцяпанаў.

У публікацыі ў "Moscow Times" дзеля параўнаньня прыводзяцца іншыя лічбы – у бюджэце Расейскай Фэдэрацыі 90 мільёнаў рублёў скіраваныя ў падтрымку дзяцей-інвалідаў ў 22 мільёны – у дапамогу вэтэранам афганскай ды чачэнскай войнаў. Сярод "саюзных" праграмаў "саюзны тэлевізар" займае другое мейсца.

Між тым, роля каардынатара ў ягоным ажыцьцяўленьні належыць расейскаму холдынгу "Электронныя тэхналёгіі". Гэтая кампанія хацела б паправіць свае справы за кошт "саюзных" грошай. Анатоль Лашкевіч абвінаваціў "Электронныя тэхналёгіі" ў тым, што яны абараняюць інтарэсы фірмы "Velt", якая ўваходзіць у холдынгавую кампанію.

Віктар Сьцяпанаў падцьвердзіў інфармацыю, што 14,5 мільёнаў рублёў з "саюзнага" бюджэту пойдуць на дасьледваньні ў справе стварэньня новае тэлевізійнае трубкі "Velt". "Яны павінныя стварыць стартавы капітал", – сказаў ён шчыра.

Ня зусім ясна, якую ролю адыгрывае ва ўсёй гэтай гісторыі Анатоль Лашкевіч. Цікава, што зусім нядаўна паўстала прапанова, каб ён узначаліў апазыцыйны ўрад Беларусі. Вось што сказаў на гэты конт у тэлефоннай размове карэспандэнт газэты "Новые Известия" ў Беларусі Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) "Найперш гэтая ідэя зьявілася ў самога Лашкевіча. Пэўны час ён нават агітаваў сам за сябе і спрабаваў неяк прасунуць гэтую справу. Гэта спроба, на мой погляд, чарговы раз карыстацца "расейскай картаю" – ня надта ўдалая, бо я не думаю, што за Лашкевічам там ёсьць нейкі моцны ўплыў. Аднак, усё больш-менш зразумела, што гэта – "асоба, прымальная для Расеі, якая працуе ў Расеі, якая больш-менш вядомая там… І таму, яна мусіць дапамагчы ў барацьбе з Лукашэнкам. Дакладней, ёй мусяць дапамагчы, калі яна вырашыць пачаць такую барацьбу".

Вяртаючыся да тэмы "саюзнага" бюджэту, варта дадаць, што расейскія падатковыя ворганы ды нават Падліковая палата ня могуць праверыць "саюзны" бюджэт, паколькі іхная кампэтэнцыя абмежаваная нацыянальным заканадаўствам. Аналягічным чынам выглядае справа і ў дачыненьні Беларусі.

Можна меркаваць, што карупцыйцны скандал, у які было ўцягнутае нават вышэйшае крамлёўскае кіраўніцтва, можа выйсьці на новы, так бы мовіць, "саюзны" узровень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG