Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 верасьня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Сёньня ў Жэнэве завершылася сэсія рабочай групы ў справе гвалтоўных або недабрахвотных зьнікненьняў. Гэтая група была створаная камісіяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у правох чалавека дзеля разгляду выпадкаў зьнікненьня людзей і абставінаў гэтых зьнікненьняў. На цяперашняй сэсіі ўпершыню разглядаецца беларуская справа — зьнікненьне былога міністра нутраных справаў краіны, вядомага апазыцыйнага палітыка Юрыя Захаранкі.

Рабочая група валодае інфармацыяй, якая заснаваная галоўным чынам на зьвестках, што паступілі ў грамадзкую камісію ў справах расьсьледваньня абставінаў зьнікненьня Юрыя Захаранкі, а таксама зьвестак аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.

Нагадаю, што сям'я Юрыя Захаранкі нічога ня чула пра ягонае мейсцазнаходжаньне зь вечара 7 траўня, калі ён патэлефанаваў дахаты й паведаміў, што кіруецца дадому й будзе на мейсцы каля 8-мі гадзінаў увечары. Ягоная жонка ўпэўненая ў тым, што яго заарыштавалі на загад уладаў за актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 16 траўня.

31 жніўня маці Юрыя Захаранкі зьвярнулася да прэзыдэнта Лукашэнкі з адкрытым лістом: "Вярніце мне майго сына! ...Хоць бы хто сказаў, што Юра жывы — не забіты, не закатаваны, то мне б адразу адлегла, а так па начах ня сплю".

Каб даведацца больш падрабязна, што адбывалася на паседжаньні рабочай групы ў справе гвалтоўных зьнікненьняў у Жэнэве, мы затэлефанілі ў Жэнэву міжнароднаму каардынатару грамадзянскае ініцыятывы "Хартыя-97" Андрэю Саньнікаву і задалі пытаньне, кім ініцыяваны разгляд і як наогул інфармацыя аб Юрыю Захаранку патрапіла ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў?

(Саньнікаў: ) "Гэтая інфармацыя патрапіла ад беларускіх праваабарончых арганізацяў і міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Таму што справа аб зьнікненьні Захаранкі — яна зараз даволі гучная, і нават учора я атрымаў ад Міжнароднай Амністыі яшчэ адзін заклік зьвяртацца да ўладаў Беларусі з патрабаваньнем неяк высьвятліць, што здарылася з Захаранкам.

Так што ў гэтай працоўнай групе інфармацыю маюць даволі поўную, калі можна так сказаць, у гэтай справе — што здарылася. Але яшчэ няма інфармацыі ад уладаў.

Я хацеў бы сказаць, якая існуе працэдура — перш за ўсё зьвяртаецца сям'я. І калі ёсьць зварот з боку сям'і, тады інфармацыя ад праваабарончых арганізацыяў прымаецца да разгляду".

(Карэспандэнтка: ) "У гэтым выпадку быў зварот ад жонкі Юрыя Захаранкі?"

(Саньнікаў: ) "Была згода жонкі Юрыя Захаранкі, каб гэтая справа разглядалася ў працоўнай групе".

(Карэспандэнтка: ) "І якая далей можа быць працэдура? Гэтая арганізацыя зьвяртаецца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем ці з просьбаю прысьпешыць ці зарганізаваць больш плённае дасьледваньне?"

(Саньнікаў: ) "Так, таму што гэтая група йснуе як адмысловы ворган камісіі ў правох чалавека ААН. А мы ведаем, што ААН перш за ўсё працуе з урадамі. Улічваючы гэтую спэцыфіку групы, яны мусяць нейкі дыялёг ці нейкае паразуменьне знайсьці з уладамі. І таму адразу ж, калі яны атрымалі гэтую справу, 17 траўня ўжо скіравалі запыт у МЗС Беларусі і да вышэйшых афіцыйных асобаў Беларусі, каб высьветліць, што на самай справе здарылася. І аніякага адказу яны не атрымалі, і... я ня ведаю — ці то было ў ліпені... зрабілі тады паўторны запыт.

Я магу падкрэсьліць, што зараз, калі прагучалі такія сур'ёзныя заявы падкамісіі ААН у правох чалавека да беларускага афіцыйнага боку, можна было б чакаць, што хоць бы неяк адкажуць на гэтыя запыты працоўнае групы... Але аніякага адказу няма".

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце калі ласка, а ці йснуюць у Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у такіх выпадках нейкія мэханізмы ціску на ўрады?"

(Саньнікаў: ) "Гэта толькі праз тыя мэханізмы, якія існуюць у Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Гэта значыць, што гэтая інфармацыя будзе вядомая краінам-удзельніцам ААН, і гэтыя дзяржавы могуць у сваіх дачыненьнях з Беларусьсю гэтую інфармацыю ужываць".

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце калі ласка, Вы знаёмыя, да прыкладу, з дзейнасьцю гэтай рабочай групы па гвалтоўных або недабрахвотных зьнікненьнях. Наколькі вось такія запыты — тое, што гэтая група зацікавіцца тым ці іншым чалавекам, які зьнік у той ці іншай дзяржаве — наколькі такія запыты могуць даць плён і ці давалі яны плён?"

(Саньнікаў: ) "Я ведаю, што давалі плён. Да прыкладу, урад Кітая вельмі апэратыўна рэагуе на такія запыты, таму што сытуацыя ў Кітаі з пункту гледжаньня ажыцьцяўленьня правоў чалавека паводле нормаў ААН ня вельмі добрая, мякка кажучы. І яны не хацелі пагоршыць сытуацыю. Таму яны вельмі хутка рэагуюць, і калі ва ўладаў Кітаю ёсьць інфармацыя аб зьнікненьні, яны яе адразу ж накіроўваюць у гэтую групу.

Група таксама мае магчымасьць паехаць на мейсца — да прыкладу, у Беларусь. Але ж дзеля гэтага трэба, каб урад Беларусі запрасіў іх".

(Карэспандэнтка: ) "Але ўвогуле — гэта першы выпадак, калі камісія ААН зацікавілася сытуацыяй у Беларусі і фактам зьнікненьня людзей у Беларусі..."

(Саньнікаў: ) "Гэта так. Гэта першая справа зь Беларусі"

Нагадаю, у чым сутнасьць закліку арганізацыі Міжнародная Амністыя, які ўзгадаў Андрэй Саньнікаў.

Міжнародная Амністыя заклікала ўсіх сваіх сяброў неадкладна запатрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладна растлумачыць сытуацыю са зьнікненьнем Юрыя Захаранкі. Міжнародная Амністыя выказвае заклапочанасьць тым, што "магчыма Юрыя Захаранку схавалі ў невядомым мейсцы й катуюць".

Прадстаўнікі гэтае аўтарытэтнае міжнароднае арганізацыі раяць накіроўваць на імя кіраўніка дзяржавы, гэнэральнага пракурора, міністра нутраных справаў Беларусі, а таксама ў прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь у розных дзяржавах тэлеграмы, факсавыя звароты ды іншую карэспандэнцыю з патрабаваньнем высьвятліць, дзе знаходзіцца гэнэрал Захаранка і неадкладна паведаміць аб гэтым ягонай сям'і.

У выпадку арышту Юрыя Захаранкі Міжнародная Амністыя раіць запатрабаваць ад беларускіх уладаў прадстаўленьня яму сустрэчы з жонкаю і адвакатам, а ў выпадку завядзеньня супраць яго крыміналнае справы, абвесьціць сутнасьць абвінавачваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG