Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 верасьня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск-Барысаў

Сёньня ўраніцу ў Цэнтральным раённым судзе сталіцы павінна было адбыцца другое паседжаньне наконт разгляду адміністрацыйнае справы лідэра барысаўскае філіі Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі Народная Грамада Аляксандра Абрамовіча. Яму ставіцца ў віну ягоны ўдзел у вядомых палітычных гуляньнях у Менску, прысьвечаных заканчэньню тэрміну легітымнага знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, замест разгляду справы адбыўся скандал паміж судзьдзёй, Натальляй Вайцяховіч і кіраўніцтвам Барысаўскага гарадзкога аддзелу нутраных справаў.

Сёньня а палове на 10-ю гадзіну раніцы пераапранутыя міліцыянты з Маскоўскага раённага аддзелу нутраных справаў Менску, актывісты БСДП Народная Грамада, сябры Гэльсынскага камітэту тоўпіліся перад дзьвярыма 14-га кабінэту Цэнтральнага раённага суду сталіцы, ды зь нецярпеньнем пазіралі на ўваход у будынак. Але й праз гадзіну, і праз дзьве старшыня філіі сацыял-дэмакратычнае партыі ў Барысаве, старшыня рэгіянальнага прадстаўніцтва БГК Аляксандар Абрамовіч у кайданках ды пад канвоем міліцыянтаў так і не зьявіўся сюды на другое паседжаньне па сваёй справе да судзьдзі Натальлі Вайцяховіч.

У выніку зрыву паседжаньня спадарыня Вайцяховіч сьведкаў адпусьціла дадому, і аб'явіла аб пераносе разгляду справы на 8 верасьня. Адказваючы потым на мае пытаньні, Натальля Міхалаўна патлумачыла, што яна самым належным чынам аформіла сваю пастанову аб прымусовым прыводзе з Барысава ў Цэнтральны раённы суд Менска Аляксандра Абрамовіча.

Апошні, паводле палітычных прычынаў, не прызнае пасьля 20 ліпеня легітмнымі ўсе інстытуты ўлады. У суды дабрахвотна не зьяўляецца. А з судзьдзямі й сьведкамі навогул адмаўляецца кантактаваць. Аляксанадар Абрамовіч, — заўважыла судзьдзя, — аніякі ня злодзей, не крымінальнік. Жыве й працуе ў Барысаве. Нікуды адтуль не зьнікае. Таму мяйсцоваму гарадзкому аддзелу нутраных справаў не складала цяжкасьцяў прывезьці спадара Абрамовіча ў суд.

Спадарыня Вайцяховіч паведаміла, што пра нядбайнасьць барысаўскіх міліцыянтаў будзе дакладаць у менскую вабласную управу нутраных справаў.

І на самрэч, як потым я высьвятліў, Аляксандар Абрамовіч гэтымі днямі нікуды з Барысава не зьнікаў. І ад ахоўнікаў правапарадку знарок не хаваўся. Сёньня, да прыкладу, увесь дзень знаходзіўся на працы.

Ён пагадзіўся, дарэчы, зь меркаваньнем судзьдзі — так учора, паводле спадара Абрамовіча, нехта ўвечары яму патэлефаніў у кватэру. Абанэнт прадставіўся ўчастковым міліцыянтам, але прозьвішча свайго не назваў. Паводле Аляксандра Абрамовіча, той, хто тэлефаніў, параіў сацыял-дэмакрату месяцы на два зьнікнуць з гораду.

Сёньня ж ураніцу ахоўнікі парадку на кватэру Аляксандра Міхалавіча, як такое было 30 жніўня, не завіталі. Як патлумачыў мне адзін з намесьнікаў начальніка Барысаўскага гарадзкога аддзелу нутраных справаў, Юры Лукашоў, спадар Абрамовіч акцыяй грамадзянскага непадпарадкаваньня стварыз аддзелу нутраных справаў шмат праблемаў. Што, да прыкладу, азначае — завесьці яго пад прымусам у Менск? Па-першае, трэба выпісваць выправы канвойным, па-другое, задзейнічаць пад гэта аўтатранспарт, а бэнзын цяпер каштуе ці малыя грошы? Канешне, — паабяцаў Юры Лукашоў, — з гэтым выпадкам барысаўская міліцыя будзе разьбірацца.

Паводле камэнтару, які даў гэтаму скандалу сакратар ЦК БСДП Народная Грамада Алесь Станкевіч, чын ягоных барысаўчскіх аднапартыйцаў у ігнараваньні інстытутаў улады заслугоўвае ўвагі ўсёй апазыцыі, бо на самрэч, спаралізоўвае цяпер ужо нелегітымную бюракратычную машыну:

(Станкевіч: ) "Гэта цалкам адпавядае мэтам і бачаньню сёньняшняе палітыкі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG