Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

"Беларускамоўная адукацыя сёньня — гарант нашае незалежнасьці заўтра" — такі лейтматыў патрабаваньняў удзельнікаў пікету, які распачаўся сёньня а 17-й гадзіне ў Міхайлаўскім сквэры сталіцы краіны. Сярод пікетоўцаў шмат школьнікаў — яны пратэстуюць супраць пазбаўленьня іх права працягваць у новым навучальным годзе сваё навучаньне на роднай беларускай мове.

Калі 30 жніўня вучні пятае беларускае клясы 29-е сталічнае школы прыйшлі перад пачаткам научальнага году на арганізацыйны сход, то са зьдзіўленьнем даведаліся, што вучыцца яны сёлета будуць па-расейску. Так вырашыла адміністрацыя школы. А ні дзеці, а ні іхныя бацькі не прасілі пра гэта, бо 4 гады з ахвотаю вучыліся па-беларуску — што хацелі рабіць і надалей. Аднак, іхныя жаданьні й правы чыноўнікі бесцырымонна ігнаруюць.

Такія ж сытуацыі напярэдадні новага навучальнага году склаліся з дзьвюма беларускімі клясамі ў 210-й, з чацьвертай клясаю ў 96-й ды ў шмат якіх іншых сталічных школах.

Учора начальнік менскае гарадзкое ўправы адукацыі Генадзь Пятровіч заявіў журналістам, што сёлета па-беларуску будуць вучыцца 28 тысячаў сталічных школьнікаў (гэта, дарэчы, з усіх 250-ці). Аднак і названая лічба яўна не адпавядае сапраўднасьці, бо, вось жа й бацькам пяціклясьнікаў з 54-й школы ўлетку начальства абяцала працяг навучаньня па-беларуску, аднак парушыла ня толькі правы дзяцей, але й свае ж абяцаньні.

Кіраўнік краіны, які сёньня распачынаў новы навучальны год у 197-й школе ў Менску, нічога не абяцаў а ні вучням, а ні настаўнікам. Хаця чакалі і адныя, і другія. Вучні — роднамоўнае асьветы, настаўнікі — належнае аплаты працы. Прамова Аляксандра Лукашэнкі, калі не лічыць віншавальных сказаў, складалася з агульных разважаньняў. З чаго стала зразумела, што калі ён і надалей будзе ўтрымліваць уладу ў краіне, то беларускія дзеці застануцца ізгоямі на роднай зямлі, а настаўнікі — жабракамі. Ці не таму сёньня конкурс на ўступных іспытах у пэдагагічныя ВНУ быў адным з самых нізкіх у краіне?

Аднак антынацыянальная разбуральная палітыка дзяржавы ў навучальнай сфэры ня спыняе прыхільнікаў беларушчыны і яны працягваюць змагацца за свае правы.

Сёньняшні пікет — гэта чарговая антырусіфікацыйная акцыя Таварыства Беларускае Мовы. ТБМ цераз усё лета змагалася за захаваньне беларускага школьніцтва. Сёньня адзін з лёзунгаў акцыі паведамляў, што дзякуючы актыўным ТБМаўцаў у супольнасьці з бацькамі за лета ўдалося захаваць чатыры клясы.

Кіраўнік справамі ТБМ Сяргей Кручкоў лічыць, што маглі б дамагчыся й большага, калі б былі больш актыўныя бацькі. ТБМ, аднак, разьлічвае на падвышэньне актыўнасьці прыхільнікаў беларушчыны, заклікаючы ўсіх на чарговую антырусіфікацыйную акцыю — гэтым разам на мітынг, які адбудзецца ў Менску каля Палаца чыгуначнікаў 9 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG