Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Учора кампанія "Microsoft", якая лічыцца найбуйнейшай у сьвеце трымальніцай сеткі дармовага ліставаньня, змушаная была на дзьве гадзіны зачыніць службу электроннае пошты "Hotmail".

Хакеры здолелі ўзламаць гэтую сыстэму, якую ўжываюць 50 мільёнаў чалавек. Гэта значыць, што "кампутаровыя піраты" атрымалі магчымасьць безперашкодна ўваходзіць у сыстэму і наўпрост чытаць чужыя электронныя допісы.

Гэта было найбуйнейшае парушэньне сыстэмы сакрэтнасьці цягам усёй гісторыі інтэрнэту. Хаця мэнэнджэр кампаніі "Microsoft" Джон Мантгомэры сказаў, што падобныя атакі бываюць і на іншыя кампаніі-канкурэнты.

Паводле незалежнага кансультанта ў пытаньнях інтэрнэту Біла Томпсана, хакеры магчыма й раней, яшчэ да таго, як пра гэта стала вядома, чыталі "Hotmail". Карыстальнікі думалі, што іхны password і пэрсанальныя дадзеныя надзейна абароненыя, а супрацоўнікі сэрвісу "Гарачай пошты" не спадзяваліся, што нехта захоча яе ўзламаць.

Томпсан сказаў, што праверка сыстэмы "Hotmail" запавольвае працэс ліставаньня, а гэты сэрвіс быў адным з найхутчэйшых у сьвеце, гэта значыць, такім якога хочуць людзі. Учора акцыі "Microsoft" на Нью-Ёркскім банку ўпалі.

Пра ўварваньне ў глябальную сетку электроннае пошты стала вядома пасьля таго, як на інтэрнэтаўскіх сайтах у Вялікай Брытаніі ды Швэцыі быў знойдзены код, які дазваляў абыйсьці сыстэму бясьпекі кожнаму, хто б гэтага ні пажадаў.

У мінулым тыдні група навукоўцаў заўважыла, што некалькі дзясяткаў мільёнаў пэрсанальных кампутараў з "Windows-95" і "Windows-98" былі вірусаванымі, і гэта дало магчымасьць хакерам "узламаць" сыстэму і ўзяць пад кантроль пэрсанальныя кампутары, а таксама распаўсюджваць вірусы праз электронную пошту. Практычна, пладамі ўзлому – чытаньнем чыёй заўгодна прыватнай карэспандэнцыі – мог карыстацца кожны, хто мае інтэрнэт-браўзэр.

Першым, хто паведаміў пра парушэньне сакрэтнасьці "Гарачай пошты" ў прэсе быў журналіст са швэцкай газэты "Expressen" Хрысьціян Карвік. Ён жа сказаў, што размовы пра ўзламанасьць "Hotmail" ішлі некалькі дзён. Кампанія "Microsoft" падцьвердзіла, што яна таксама ведала, пра йснаваньне праблемы, але афіцыйна пра гэта не заяўляла.

"Чорны ход яшчэ не зачынены, – пісаў Хрысьціян Карвік, – і ў яго заходзяць усё больш і больш цікаўных".

На сёньня "чорны ход" зачыніўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG