(Эфір 28 жніўня)
Пасьля падпісаньня ўчорашняга звароту мы зьвязаліся са старшынёй Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонкай Сурвілай, якая паставіла свой подпіс пад гэтым дакумэнтам. (Карэспандэнт: ) "Спадарыня Івонка, Ваш удзел у сумесным звароце, які мае палітычны характар зьява па-свойму ўнікальная і, можна сказаць, беспрэцэдэнтавая. чым тлумачыцца такі актыўны ўдзел Рады БНР у гэтай акцыі? Як Вы самі ацэньваеце ейнае значэньне?" (Сурвіла: ) "Удзел Рады БНР зусім нармальны ў гэтым выпадку. Як Вам ведама, мы ўжо больш за 80 гадоў вядзем барацьбу за незалежнасьць Беларусі. І, паводле нашага Статуту, вядзецца гэтая барацьба ўсялякімі магчымымі, даступнымі мэтадамі. Адзін з гэтых мэтадаў гэта ёсьць дапамога нашым змагаром за незалежнасьць, за долю беларускага народу ў Беларусі. У гэтым мамэнце была вельмі добрая нагода дапамгчы якраз падзеям ў Беларусі, якія ёсьць вельмі крытычныя... Як Вам ведама, спадар Лукашэнка ўжо ня мусіў быць на пасадзе прэзыдэнта а ён сілаю застаецца тамака, тады, калі праўдзівей цяперашні прэзыдэнт, дакладней, выконваючы функцыі прэзыдэнта, спадар Шарэцкі, апынуўся за мяжою дзеля гэтага, што была рызыка, што яго Лукашэнка пасадзіць у турму. Гэтая сытуацыя, безумоўна, цалкам недапушчальная. Мы гаварылі са спадаром Шарэцкім мы пагаджаемся ў бальшыні пытаньняў адносна незалежнасьці Беларусі. Ён робіць тую працу, што робім і мы: ён тутака, а мы у дыяспары, у гэтым мамэнце. На маю думку, дзеля гэтага было толькі нармальна, што мы прыедзем. Падзея гэтая падпісаньне закліку да беларускага народу, да беларусаў усяго сьвету, а таксама да парлямэнтаў і ўрадаў дэмакратычных краінаў сьвету каб памаглі Беларусі ў цяжкім мамэнце жыцьця гэта ёсьць зусім нармальная рэч. Вельмі важная рэч дзеля гэтага, што гэта пачатак, я думаю, супольнага змаганьня ўсяго беларускага народу за незалежнасьць". (Карэспандэнт: ) "Спадарыня Івонка, Вы казалі ўжо пра посьпех аб'яднанае беларускае апазыцыі. На Вашую думку, што сталася прычынаю гэтага посьпеху, бо яшчэ нядаўна здавалася, што апазыцыі вельмі далёка да гэтай мэты? І дарэчы, хто выступіў зь ніцыятываю звароту?" (Сурвіла: ) "Гэта спадар Шарэцкі. Ён запрасіў, каб я прыехала, і таксама запрасіў іншых удзельнікаў гэтай падзеі, гэтага подпісу. Была вельмі пасьпяховая прэсавая канфэрэнцыя было нешта 30-40 журналістаў, вельмі цікавыя пытаньні. Я думаю, што ён зрабіў велізарную працу таксама тутака, як і ў Беларусі. Вельмі пахваляю яго за тое, што ён робіць". (Карэспандэнт: ) "Спадарыня Сурвіла, а ці ўпершыню Вы былі ў Вільні?" (Сурвіла: ) "Гэта другі раз. Я ўжо была адзін раз, але толькі пару дзён у 92-м годзе, калі была на канфэрэнцыі "Сьвет пасьля Чарнобылю" ў Менску, і добрыя сябры нас сюды прывезьлі, каб паказаць крышку Вільню, якая для майго сэрца вельмі дарагая, таму што тутака вучыўся мой тата, часта гаварыў аб Вільні. Так што я вельмі хацела сюды прыехаць. Цяпер я таксама вельмі задаволеная, ня толькі Вільня, але й віленчукі таксама надзвычайныя". (Карэспандэнт: ) "Спадарыня Сурвіла, а ці плянуеце Вы ў бліжэйшай будучыні прыехаць у Беларусь? Ці ёсьць у Вашых плянах сустрэчы з прадстаўнікамі розных палітычных партыяў і рухаў, у прыватнасьці, зь лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком?" (Сурвіла: ) "На гэта цяпер не магу адказаць, бо гэта будзе залежыць ад пастановы прэзыдыюму Рады, паседжаньне якой адбудзецца ў наступную суботу ў Нью-Ёрку".