Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 жніўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Эфір 26 жніўня)

Сёньня на працэсе ў Вярхоўным судзе даваў паказаньні былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў. Адное за другім ён абвергнуў усе абвінавачваньні, якія выставіла супраць яго сьледзтва.

Васіль Лявонаў загаварыў. Гэта стала сюрпрызам на працэсе, які ўжо другі тыдзень праходзіць у Вярхоўным судзе. Напярэдадні скончыліся зачытваньні абвінаваўчага заключэньня. І сёньня, бяз бачнай надзеі на посьпех, судзьдзя Чартовіч, выконваючы фармальнасьць, спытаў, ці будзе даваць Васіль Лявонаў паказаньні? Экс-міністар, які на сьледзтве ў большасьці эпізодаў даваць тлумачэньні адмаўляўся, сёньня ўзяў слова.

Забягаючы наперад, скажу, што назіральнікі й абарона лічаць выступ Лявонава пераканаўчым і ўнушальным. Пачаў Лявонаў з адказу на абвінавачваньні, што ён лябаваў інтарэсы камэрцыйнае фірмы "Руст-Інвэст". Сьледзтва сьцьвярджае, што гэта рабілася з мэтаю забясьпечыць танную працоўную сілу на будаўніцтве асабістага катэджу. Будаўніцтвам нібыта займаліся рабочыя выключна гэтай фірмы.

Лявонаў патлумачыў, што конкурс на пастаўкі ў краіну збожжа ў 1996 годзе выйграла фірма "Руст-Інвэст" таму, што яна прапанавала самыя нізкія кошты паставак — прыкладна, на 20 адсоткаў ніжэйшыя за іншых канкурсантаў.

Былы міністар даводзіў, што гэтыя забавязаньні фірма практычна выканала. А вось шалёная кампанія супраць яе й міністэрства сельскае гаспадаркі таму й пачалася, што былыя пастаўшчыкі страцілі шалёныя грошы, калі прайгралі тэндэр.

На працэсе прагучалі прозьвішчы сакратара Рады бясьпекі Шэймана й былога кіраўніка службы кантролю Дамашкевіча, якіх Лявонаў лічыць арганізатарамі гэтага цкаваньня. Ён упэўнены, што гэтыя асобы помсьцілі яму з карысьлівых прычынаў.

Лявонаў распавёў суду пра іншыя правакацыі, якія былі зарганізаваныя супраць яго якраз пачынаючы з 1996 году, калі пачаў дзейнічаць кантракт зь фірмаю "Руст-Інвэст". Беспадстаўнымі назваў Лявонаў і абвінавачваньні ў махлярстве з атрыманьнем дызэльнага паліва на мільён даляраў ад ПА "Нафтан". У той час, паводле Лявонава, не хапала камбікармоў для жывёлы. Валюты на пакупку камбікармоў таксама не было й каб выратаваць становішча, кіраўнікі гаспадарак знаходзілі самыя неверагодныя схэмы. Вось і міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня знайшло такую схэму: з дапамогаю пасярэднікаў, якія возьмуць на сябе даўгі "Нафтану" й разьлічацца з замежнымі пастаўшчыкамі "кармавой" валютаю, узяўшы ад "Нафтана" паліва. На думку Лявонава, схэма ў тых умовах была вельмі ўдалая і ў прынцыпе яна спрацавала.

"Я ніколі ня думаў, што за гэта мяне будуць прыцягваць да адказнасьці — у той час і прэзыдэнт, і прэм'ер ведалі й віталі нашыя намаганьні вырашыць праблему. Анічога карыснага з гэтай угоды я ня меў. А вось тое, што мы выратавалі ад голаду тысячы жывёлаў — гэта факт", — заявіў у судзе Васіль Лявонаў.

Даволі пераканаўча прагучалі ягоныя тлумачэньні й па эпізоду будаўніцтва асабістага катэджу. Лявонаў сьцьвярджаў, што дом, які ён будаваў разам зь зяцем Андрэем Уласавым, належыць абодвум. І будавалі яго рабочыя ці, як кажуць, "шабашнікі" з самых розных мейсцаў. І з фірмы "Руст" — так сама. З рабочымі звычайна разьлічваўся зяць, які непасрэдна кіраваў будоўляй. Разьлічваўся грашыма. А калі выкарыстоўвалася машына ці кран, аплату атрымоўвала арганізацыя.

Лявонаў перакананы, што ўсе аплаты былі зроблены. "У нас зь зяцем такое правіла — каб ніхто з рабочых ня быў пакрыўджаны",-- сказаў экс-міністар. Гэты эпізод потым быў спраўджаны пад час допыту Лявонава судзьдзём Чартовічам. Адказваў былы міністар вельмі ўпэўнена.

А вось уражаньні ад абмеркаваньня эпізоду з атрыманьнем мэблі ад Васіля Старавойтава, відаць, будзе іншым. Лявонаў сьцьвярджаў, што ня ведае, чаму старшыня "Расьсвета" замест танных сасновых фатэляў, як замаўляў Лявонаў, прывез яму ў новы дом дарагія дубовыя. "Я заплаціў за мэблю Старавойтаву столькі, колькі ён сказаў, а чаму ён сьцьвярджае, што гэтага не было — ня ведаю",-- заявіў Лявонаў на судзе і зьвярнуў увагу на тое, што Старавойтаў мяняў свае паказаньні.

Заўтра, паводле прагнозаў абароны, пачнуцца допыты сьведкаў. У справе праходзяць больш за сто чалавек. Адвакат Лявонава Зутава кажа, што ейны падабаронны вытрывае гэты марафон. "А калі яму й стане дрэнна, ён гэтага не пакажа".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG