Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 жніўня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

У Дагэстане трынаццаты дзень працягваюцца баі. За прамінулыя суткі расейская авіяцыя нанесла 24 ракетна-бомбавыя ўдары па пазыцыях ісьлямістаў у горных паселішчах у Ботліхскім раёне.

Але вырашальная апэрацыя супраць ісьлямскіх фармаваньняў пачнецца не раней за наступны тыдзень, — паведамляе прэсавы цэнтар расейскага міністэрства абароны ў Дагэстане. Дадатковы час, паводле прэс-цэнтру, неабходны для правядзеньня апэрацыі з найменшымі стратамі.

Паводле інфармацыі расейскіх ваенных, учора ў баёх за паселішча Тандо загінула 8 расейскіх жаўнераў і 20 чалавек было паранена. Паводле расейскіх крыніцаў, гэта былі самыя цяжкія страты за дзень, пачынаючы ад 7 жніўня. Ісьлямісты паведамляюць, што было забіта звыш шасьцідзесяці расейскіх вайскоўцаў.

Прадстаўнік ісьлямістаў Махамад Тагаеў сьцьвярджае, што ля Тандо расейскі наступ быў адбіты, а йсьлямскія байцы захапілі яшчэ два паселішчы. Расейскія крыніцы абвяргаюць гэта і паведамляюць пра ўзяцьцё горнага перавалу Харамі.

Баевікі паведамляюць таксама, што да іх падыйшлі падмацаваньні з Чачні. Міністар абароны Расеі Ігар Сяргееў, які наведаў учора Дагэстан, паабяцаў прадставіць неабходныя войскі й тэхніку дзеля пасьпяховага завершаньня апэрацыі супраць ісьлямістаў.

Агэнцыя ІТАР-ТАСС са спасылкаю на прэсавы-цэнтар Мінабароны Расеі ў Дагэстане, паведамляе, што да ўсіх, хто пацерпіць у выніку гэтае апэрацыі, будзе выяўлены максімум увагі. Параненым жаўнерам і афіцэрам, а таксама сем'ям палеглых вайскоўцаў будуць выплачаныя грашовыя кампэнсацыі. Дагэстан зьвярнуўся да фэдэральнага цэнтру з просьбаю выдаткаваць 300 мільёнаў рублёў дзеля ліквідацыі наступстваў баявых дзеяньняў.

Расейскія войскі зь цяжкасьцяй манэўруюць у горных раёнах. Амэрыканская газэта «Бостон Глоб» прыводзіць словы аднаго з расейскіх жаўнераў, які дзеліцца сваімі ўражаньнямі: не пасьпееш, маўляў, зь вялікімі цяжкасьцямі заняць вышыню, як ісьлямісты ўжо рассыпаюцца па шматлікіх схованках у пячорах, далінах, на стромых адхонах. «Гэта тое ж самае, як шукаць 124 іголкі ў дзесяці стагох, а вы ня маеце магніту, ды іголкі могуць забіць вас», — такое ўражаньне ўдзельніка дагэстанскіх падзеяў.

«Нягледзячы на тое, што расейскае камандаваньне абяцае неўзабаве ачысьціць раён ад баявікоў, анічога ня ўказвае на тое, што баявыя дзеяньні набліжаюцца да канца», — зазначае «Бостон Глоб».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG