Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў Менску адбылася каардынацыйная нарада апазыцыйных партыяў. На ёй былі зацьверджаныя чатыры экспэртавыя групы, якія будуць вылучаць і аналізаваць прапановы, што потым будуць выносіцца апазыцыйнай дэлегацыяй на перамовы з уладамі.

Спробу стварыць мазгавы цэнтар напярэдадні пачатку перамоваў з уладамі зрабілі апазыцыйныя партыі, якія сёньня правялі каардынацыйную нараду ў будынку місіі АБСЭ. пра гэта нашаму радыё паведаміў лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, які сёньня вёў каардынацыйнае паседжаньне партыяў.

Зацьверджаны чатыры экспэртавыя групы, якія будуць аналізаваць і самі вылучаць прапановы апазыцыі. Групы будуць існаваць у межах агучанай апазыцыяй плятформы на перамовах. У плятформе, нагадаю, выкладзеныя ўмовы пачатку дыялёгу з уладамі, а таксама прапановы апазыцыі.

Першая экспэртавая група будзе спэцыялізавацца ў праблемах "стварэньня свабоднага палітычнага клімату, вольнага ад страху й перасьледу". Каардынаваць працу гэтай групы будзе старшыня праваабрончага цэнтру "Вясна'96" Алесь Бяляцкі.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхал Пастухоў стаў каардынатарам экспэртавае групы ў праблемах свабоды слова й доступу да сродкаў масавае інфармацыі.

Трэцюю экспэртавую групу ў пытаньнях канстытуцыйнага й выбарчага права ачоліць сябра Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Міхал Пліска. У гэтую групу ўвайшлі Аляксандар Фядута й Сяргей Леўшуноў.

Не зацьверджаны кіраўнік чацьвертай групы, якая будзе займацца выпрацоўкаю працэдуры легітымізацыі дасягнутых пад час перамоваў дамоўленасьцяў.

Кіраўнік апазыцыйнае дэлегацыі Анатоль Лябедзька выступіў з прапановаю, каб рашэньні, прынятыя пад час перамоваў з уладамі, адначасна былі б ратыфікаваныя й прэзыдэнцкімі паламі, і Вярхоўным Саветам. А потым — выносіліся на рэфэрэндум. Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч вылучыў прапанову скліканьня Канстытуцыйнага сходу, які б зацьвярджаў вынікі перамоваў. Агульны падыход і мусіць выпрацаваць экспэртавая група ў гэтым пытаньні.

У кожнай групе будуць працаваць ад 5-ці да 10-ці экспэртаў. Плянуецца, што на наступным каардынацыйным паседжаньні 25 жніўня палітычныя партыі зацьвердзяць мадэль абмеркаваньня прапановаў пад час дыялёгу з уладамі. Прынятая хутчэй за ўсё будзе трохступенная мадэль, калі спачатку прапанова абмяркоўваецца ў экспэртавых групах, потым — на ўзроўні каардынацыйнае нарады партыяў, і толькі потым сябры апазыцыйнае дэлегацыі выносяць яе на перамовы.

Сяргей Калякін паведаміў, што на сёньняшнім паседжаньні была ўнесеная карэктыва ў апазыцыйную плятформу. Акрамя спыненьня рэпрэсыяў, апазыцыйныя партыі патрабуюць зрабіць прадметам абмеркаваньня з уладамі пытаньне стварэньня бясьпечных умоваў дзеля вяртаньня ў Беларусь палітэмігрантаў.

Паводле словаў Сяргея Калякіна, сёньня ж палітычныя партыі дыстанцыяваліся ад зьневажаючых заяваў на адрас кіраўніка кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганса-Георга Віка. Як заявіў Сяргей Калякін, Віку будзе даведзеная пазыцыя апазыцыйных партыяў у тым, што "негатыўнае стаўленьне да місіі АБСЭ ў Менску як з боку дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ не адпавядае стаўленьню партыяў. Нагодаю дзеля такой заявы стаў артыкул Міхала Падаляка ў газэце "Народная Воля", дзе спадар Вік названы крэатураю Аляксандра Лукашэнкі.

Галоўнае ж пытаньне, ці згодныя афіцыйныя ўлады абмяркоўваць магчымасьць правядзеньня парлямэнцкіх выбараў не ў прэзыдэнцкія палаты, на сёньняшняй нарадзе не закраналася. Меркавалася, што пасьля ўчорашняй сустрэчы з Гансам-Георгам Вікам, кіраўнік афіцыйнае дэлегацыі Міхал Сазонаў адкажа на гэтае пытаньне. Аднак а ні ўчора, а ні сёньня афіцыйных камэнтароў так і не зьявілася, як паведаміў Сяргей Калякін.

(Калякін: ) "Нажаль, на сёньняшні дзень улада аніяк ня вызначыла канцэптуальнага падыходу й канцэптуальных пытаньняў да перамоваў. Акрамя складу афіцыйнае дэлегацыі аніякіх іншых дакумэнтаў, прапановаў з урадавага боку не йснуе. Такім чынам, сёньня вельмі складана выказаць, якія пазыцыі зойме ўлада на перамовах".

Маўчаньне афіцыйнае дэлегацыі, як лічыць Сяргей Калякін, таксама зьяўляецца своеасаблівай пазыцыяй. Тлумачыцца гэтая своеасаблівасьць тым, што Аляксандар Лукашэнка сам яшчэ не зразумеў, чаго ён хоча ад перамоваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG