Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Учора ў Менску прадстаўнікі асноўных апазыцыйных партыяў Беларусі правялі рабочую кансультацыйную сустрэчу й прынялі палажэньне плятформы, зь якой апазыцыя зьбіраецца йсьці на перамовы з уладамі пры пасярэдніцтве АБСЭ. Сёньня лідэры Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, дэпутаты Станіслаў Багданкевіч і Анатоль Лябедзька з гэтай нагоды сустрэліся з журналістамі.

Як вядома, сем беларускіх апазыцыйных партыяў — БНФ, АГП, ПКБ, Народная Грамада (Статкевіча), Сацыял-дэмакратычная Грамада (Шушкевіча), Партыя Працы і Партыя Жанчынаў "Надзея" вырашылі перадаць свае паўнамоцтвы на перамовах з выканаўчай уладаю Вярхоўнаму Савету 13 скліканьня.

На думку Анатоля Лябедзькі, гэтае рашэньне зьяўляецца моцным палітычным крокам. Лукашэнка перад перамовамі стварыў свой цэнтар прыняцьця рашэньняў. Цяпер такі цэнтар ёсьць і ў апазыцыі ў выглядзе Вярхоўнага Савету — адзінага легітымнага воргану, які прызнаецца міжнароднай супольнасьцю, у тым ліку й АБСЭ, — лічыць спадар Лябедзька. І гэты факт, на ягоную думку, значна падвышае аўтарытэт апазыцыі на перамовах.

Пад час учорашняй рабочай сустрэчы ўсе лідэры палітычных партыяў, за выключэньнем кіраўніка лібэрал-дэмакратаў Сяргея Гайдукевіча (які неўзабаве ў знак пратэсту пакінуў залю паседжаньняў), падпісаліся пад асноўнымі палажэньнямі плятформы, на падставе якой апазыцыя зьбіраецца весьці дыялёг з уладамі. Тое, што ЛДПБ і Беларускае аб'яднаньне "Яблоко" не захацелі перадаваць свае паўнамоцтвы Вярхоўнаму Савету, дэпутаты лічаць станоўчай зьяваю. На іхную думку, партыі з адыёзнай рэпутацыяй толькі б скампрамэтавалі парлямант у вачох грамадзкасьці.

У якасьці папярэдніх умоваў перад пачаткам дыялёгу апазыцыя патрабуе ад уладаў вызваленьня з турмаў палітзьняволеных, спыненьня ў краіне рэпрэсыяў і свабоднага доступу апанэнтаў Лукашэнкі да дзяржаўных мас-мэдыя. Галоўнай жа мэтаю перамоваў апазыцыянэры лічаць правядзеньне ў Беларусі свабодных і дэмакратычных парляманцкіх выбараў у 2000 годзе.

Прычым, паводле словаў Станіслава Багданкевіча, ягона партыя, хаця й выступае за аднапалатны парлямант, але гэта зусім не азначае, што будучы вышэйшы заканадаўчы ворган краіны адназначна будзе аднапалатным. На думку Багданкевіча, няхай сабе парлямант будзе называцца і Нацыянальным сходам, галоўнае — каб ён кантраляваў дзеяньні выканаўчае ўлады і рэальна ўдзельнічаў у фармаваньні ўраду.

Увогуле ж прадстаўнікі Вярхоўнага Савету да перамоваў з уладамі гатовыя і вызначылі тыя прынцыповыя пазыцыі кшталту свабоднага доступу апазыцыі да СМІ ды іншых, якімі паступацца намеру ня маюць.

У склад апазацыйнае дэлегацыі на перамовах увойдуць прадстаўнікі ўсіх вядучых палітычных сілаў краіны, пры чым, неабавязкова дэпутаты Вярхоўнага Савету. Пэрсанальны склад дэлегацыі будзе зацьверджаны напрыканцы жніўня на сэсыі Вярхоўнага Савету.

На думку спадара Лябедзькі, удзельнікі дыялёгу ад апазыцыі будуць няспынна кансультавацца па пытаньнях, паднятых пад час перамоваў, зь кіраўніцтвам Вярхоўнага Савету.

Прадстаўніцтва апазыцыі на перамовах, паводле словаў спадароў Багданкевіча й Лябедзькі, будзе не ніжэйшым за прадстаўніцтва дэлегацыі ўладаў, у якую ўвайшлі міністар юстыцыі Варанцоў, палатачныя дэпутаты Кулакоўскі й Чаргінец, памочнік прэзыдэнта Сазонаў ды іншыя чыноўнікі.

Анатоль Лябедзька лічыць, што ўладам цяпер перамовы больш патрэбныя, чымся апазыцыі. Беларусь знаходзіцца ў цяжкой эканамічнай сытуацыі, а Расея грошай на падтрымку нашае эканомікі не дасьць. Гэтыя грошы можна ўзяць на Захадзе, а дзеля гэтага Лукашэнку трэба прадэманстраваць гатоўнасьць да дыялёгу з апазыцыяй. Таму, на думку Лябедзькі, перамовы ў верасьні пачнуцца, але іхны вынік у шмат чым будзе залежыць ад разумных дзеяньняў апазыцыянэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG