Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 11 жніўня)
У наступны аўторак у Вярхоўным судзе Беларусі пачнецца працэс над былым міністрам сельскай гаспадаркі й харчаваньня Васілём Лявонавым. Сёньня грамадзкія абаронцы Лявонава, а таксама ягоныя дачкі Сьвятлана, Зоя і Тацяна зарганізавалі прэсавую канфэрэнцыю, пад час якой распавялі некаторыя падрабязнасьці аб справе свайго бацькі.

Як паведаміла сёньня дачка й грамадзкая абаронца Васіля Лявонава Сьвятлана, крымінальная справа яе бацькі налічвае 37 тамоў, а само абвінаваўчае заключэньне надрукаванае на 271 машынапіснай старонцы. Сьвятлана амаль кожны дзень бачыцца з Васілём Лявонавым, і яны ўжо цалкам азнаёміліся са зьместам заключэньня.

Паводле словаў дачкі, Лявонаў у сьледчым ізалятары трымаецца добра і актыўна рыхтуецца да будучага працэсу. Сьвятлана гаворыць, што нават у турме яе бацьку цікавяць праблему сельскй гаспадаркі Беларусі. Лявонаў няспынна задае пытаньні: ці ёсьць у менскіх крамах яйкі, сьмятана й каўбаса; якой гэтыя прадукты якасьці й колькі каштуюць? Дачкі гавораць, што іхны бацька — проста фанат сваёй справы, які ўсе апошнія гады марыў аб рэфармаваньні сельскай гаспадаркі краіны.

Лявонаў, паводле словаў ягоных дачок, хацеў ператварыць беларускія калгасы ў акцыянэрныя таварыствы, па ўзору нямецкіх. А Аляксандар Лукашэнка ня мог дапусьціць такой рэвалюцыі на вёсцы. Калгасы, паводле словаў Лукашэнкі, зьяўляюцца апірышчам уладаў у сельскай мясцовасьці, а тых, хто спрабуе замахнуцца на гэты інстытут улады, кіраўнік дзяржавы лічыць сваімі ворагамі. Вось Лявонаў і стаў такім ворагам, сказала Сьвятлана.

Папярэдняе сьледзтва спрабавала знайсьці як мага больш кампрамату на былога міністра. Рабіліся ператрусы на кватэрах і сваякоў Лявонава. Абшукалі нават дом прыватнага лекара Віктара Мілько, да якога былы міністар некалькі разоў зьвяртаўся па мэдычную дапамогу. Спадар Мілько, а таксама дачкі Лявонава гавораць, што сьледчыя дамагаліся ад іх даць паказаньні супраць экс-міністра. Тым ня менш далёка ня ўсе сьведкі (а іх па справе праходзіць каля 200 чалавек) згадзіліся даць патрэбную сьледзтву інфармацыю.

Таму цяпер Лявонава абвінавачваюць, у асноўным, у атрыманьні хабару ад былога старшыні калгасу "Расьсвет" Васіля Старавойтава, злоўжываньні службовым становішчам, і ў незаконным захаваньні зброі. У якасьці зброі фігуруюць 59 патронаў да карабіна "Вінчэстар" і сем да аўтамата "СКС". Родныя Лявонава лічаць, што патроны былі ім падкінутыя ўладамі, паколькі аніякай зброі ў іхным доме не было.

Сьледзтва сьцьвярджае, што Васіль Лявонаў неаднаразова атрымліваў ад Старавойтава хабар у выглядзе дзесяткаў кіляграмаў мяса, каўбасаў, рыбы й памідораў. "Навошта сям'і зь пяці чалавек такая колькасьць прадуктаў? Тым больш, што ў нас ёсьць свая прысядзібная дзялянка з градамі й парнікамі, дзе растуць памідоры...",-- задае пытаньне дачка Васіля Лявонава Сьвятлана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG