Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 жніўня 1999 г.


У Менску працягваецца падрыхтоўка да магчымага пачатку перамоваў паміж апазыцыяй і афіцыйнымі ўладамі пад эгідаю АБСЭ. Гэты працэс супаў з працэсам перарэгістрацыі партыяў і няўрадавых арганізацыяў, які, здаецца, патроху робіцца пэрманэнтавым. Пры гэтым галоўнай умоваю перарэгістрацыі з боку ўладаў застаецца падтрымка дзейнае Канстытуцыі. З пункту погляду афіцыйнае прапаганды, у адпаведнасьці з гэтай Канстытуцыяй легітымным нібыта зьяўляецца "Нацыянальны сход", а не Вярхоўны Савет. Таму рашэньне апазыцыйных партыяў і рухаў дэлегаваць Вярхоўнаму Савету паўнамоцтвы ў справе фармаваньня дэлегацыі на перамовах, выклікала нэрвовую рэакцыю кіраўніцтва. Беларуская тэлевізыя ў праграме "Панарама" ўчора прысьвяціла гэтай тэме асобны сюжэт, у якім даводзілася, быццам Аб'яднаная Грамадзянская партыя, да прыкладу, засьведчыла ў статуце сваю ляяльнасьць лукашэнкаўскай Канстытуцыі. Свае меркаваньні аб усім гэтым выказаў нашаму радыё ў тэлефоннай размове сябра АГП палітоляг Валер Карбалевіч.

(Карбалевіч: ) "Гэты сюжэт ва ўчарашняй "Панараме" — вельмі цікавы сюжэт, таму што ён паказаў, што апазыцыя паламала тыя пляны, якія беларускія ўлады разам са спадаром Вікам хацелі б навязаць беларускай апазыцыі. Той сцэнар паламалі.

І калі гаворка йдзе пра тое, што палітычныя партыі нібыта прызналі дзейную Канстытуцыю — што разумець пад дзейнай Канстытуцыяй? Справа ў тым, што апазыцыйныя палітычныя партыі пад дзейнай Канстытуцыяй разумеюць Канстытуцыю 94-га году. У той час, як улады, у сваю чаргу, пад гэтым разумеюць Канстытуцыю 96-га году. У гэтым разыходжаньне

І мне здаецца, што апазыцыя зрабіла вельмі ўдалы ход. Удалы ход у тым сэнсе, што яна фактычна паказала, што суб'ектам перамоваў з боку апазыцыі мусіць быць менавіта Вярхоўны Савет. У той жа час Вярхоўны Савет пайшоў таксама на вельмі ўдалы кампраміс — ён толькі дае мандат апазыцыйным партыям і фармуе дэлегацыю — і ўсё. Гэта вельмі важны кампраміс, на мой погляд. Кампраміс, які паказвае высокую грамадзянскую адказнасьць і Вярхоўнага Савету, і апазыцыі, таму што партыі фактычна паступіліся сваімі амбіцыямі.

Я лічу, што гэта вельмі важна. І невыпадкова ўлады так турбаваліся з гэтай нагоды".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG