Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Другое паседжаньне запар суд Ленінскага раёну Менска ня можа скончыць чытаньне абвінаваўчага заключэньня дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Андрэя Клімава. Судзьдзя Тупік і пракурор Радкевіч, зьмяняючы адна адну, пералічваюць факты так званай "злачыннай дзейнасьці" Андрэя Клімава ды ягоных калегаў. Аднак адолець за дзень больш як 50-60 старонак тэксту заключэньня ім аніяк не ўдаецца.

Сьпякотнае надвор'е, што ўсталявалася цяпер у Менску, стала сапраўднай пакутаю для ўсіх удзельнікаў і назіральнікаў за працэсам над Андрэям Клімавым. У маленькай залі паседжаньняў Ленінскага раённага суду, нягледзячы на шырока расчыненыя вокны, літаральна няма чым дыхаць. Ня выключана, што менавіта такое надвор'е стала адной з прычынаў працяглага зачытваньня абвінаваўчага заключэньня. Судзьдзі й пракуроры — таксама людзі, й таксама хутка стамляюцца.

Нажаль, яны забываюць, што галоўнаму падсуднаму Андрэю Клімаву цяпер цяжэй удвая, бо паўтары гады, праведзеныя ў турме, зусім не дадалі яму здароўя. Аднак усе хадайніцтвы адвакатаў аб шпіталізацыі цяжка хворага Андрэя і зьмяненьні яму меры стрыманьня суд не задаволіў. І таму Клімаў вымушаны назіраць за хадой працэса пад пільным наглядам міліцэйскага канвою.

Праўда, факт прысутнасьці Клімава ў залі назваць удзелам у працэсе можна хіба што зь вялікай нацяжкаю. Сёньня ўсю першую палову дня галоўны падсудны сядзеў на лаве з заплюшчанымі вачыма й фактычна не рэагаваў на тое, што адбывалася ў залі. Родныя Андрэя Клімава гавораць, што яму няспынна баліць хворае сэрца, і небеспадстаўна непакояцца за ягонае жыцьцё.

Аднак, падобна на тое, што суд ня вельмі цікавіць, як там адчувае сябе Клімаў. Хутчэй бы асіліць усім ужо абрыдлую юрыдычную фармальнасьць пад назваю "абвінаваўчае заключэньне". Але паводле словаў грамадзкага абаронцы Клімава Гары Паганяйлы, суд мусіць абавязкова выканаць гэтую фармальную працэдуру. Бо далейшыя дзеяньні і абароны, і абвінавачваньня будуць адштурхоўвацца ад фактаў, пералічаных у тэксьце заключэньня. На думку Гары Паганяйлы, працэс над Андрэям Клімавым будзе вельмі працяглым. Суд мусіць заслухаць паказаньні больш 70 сьведкаў, 9 падсудных, а таксама зачытаць матэрыялы, сабраныя пад час шматлікіх экспэртызаў і сьледчых экспэрымэнтаў.

Аднак, не працягласьць працэсу хвалюе цяпер абаронцаў Андрэя Клімава. Зрэшты, для таго й існуе суд, каб скрупулёзна разьбірацца ў самых дробных акалічнасьцях справы й вынесьці справядлівае рашэньне. Нават, калі дзеля гэтага спатрэбіцца й некалькі месяцаў. Праблема, на думку адвакатаў Клімава ў тым, што іхны падабароны пастаўлены ў няроўныя ўмовы з тымі падсуднымі, якія застаюцца на свабодзе.

Клімаў не атрымлівае кваліфікаванае мэдычнае дапамогі, ня можа азнаёміцца з матэрыяламі справы й добра падрыхтавацца да сваёй абароны. Вось думка грамадзкага абаронцы Андрэя, адваката Гары Паганяйлы:

(Паганяйла: ) "Я мяркую, што суд бы не памыліўся, зьмяніўшы Клімаву меру стрыманьня. І тым самым паставіў бы яго ў роўныя умовы з тымі, хто не знаходзіцца пад вартаю. Бо тыя падсудныя, хто сёньня знаходзіцца на волі, могуць свабодна сустракацца са сваімі адвакатамі, атрымліваць кансультацыі, раіцца са спэцыялістамі й г.д. Клімаў жа ўсяго гэтага пазбаўлены. І гэта пры тым, што ўсе падсудныя, што праходзяць па справе, абвінавачваюцца па адным і тым жа цяжкім артыкуле: "крадзёж у буйных памерах". Я не да таго, што ўсіх астатніх падсудных трэба ўзяць пад варту... Я выступаю за тое, каб закон разумна скарыстоўваць. А калі розуму няма й адчуваецца прадузятасьць у адносінах да Клімава, то, натуральна, паўстае пытаньне: "чаму гэта робіцца?" Зрэшты, на маю думку, Клімава прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці толькі дзеля таго, каб выключыць яго з актыўнай палітычнай дзейнасьці. І таму выпускаць Андрэя на волю ўлады не зьбіраюцца".

Чым жа на самрэч кіруецца суд, адмаўляючы Клімаву ў зьмяненьні меры стрыманьня, стане, відаць, зразумела пазьней, калі судзьдзя Тупік пяройдзе да разгляду асноўных матэрыялаў гэтае справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG