Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 жніўня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Адной зь нешматлікіх краінаў, зь якой застаюцца ў Беларусі стабільныя дачыненьні, зьяўляецца Ірак. вось ужо ня першы раз у Багдад езьдзіць намесьнік старшыні ўраду Ўладзімер Замяталін. Аднак, мэты ягонага візыту старанна хаваюцца ад грамадзкасьці.

Віцэ-прэм'ер беларускга ўраду Ўладзімер Замяталін з 22 па 30 ліпеня быў зь візытам у Іраку. Афіцыйна ж пра гэта паведамілі толькі 5 жніўня. Мабыць, калі б пра факт ягонай паездкі не паведамілі незалежныя газэты, улады наогул бы прамаўчалі. Так было ўжо некалькі гадоў, калі Замяталін яшчэ ўзначальваў галоўную управу грамадзка-палітычнае інфармацыі прэзыдэнцкае адміністрацыі. І езьдзіў ў Ірак нібыта як прыватная асоба на выбары Садама Хусэйна. Калі журналісты раскапалі той факт, Замяталін вымушаны быў прызнаць ягоную наяўнасьць, а потым даў інтэрвію "Інтэрфаксу", у якім сьцьвярджаў, што выбары прэзыдэнта Іраку прайшлі надзвычай дэмакратычна.

Магчыма й цяпер Замяталін дасьць інтэрвію некаму з набліжаных журналістаў. Але наўрадці ён і на гэты раз скажа аб сапраўднай мэце сваёй паездкі, якую ён ажыцьцявіў па распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі, выконваючы пастаўленую ім нейкую надзвычай важную задачу. Пра тое, што гэта сапраўды так, сьведчыць адсутнасьць Замяталіна на закрыцьці фэстывалю "Славянскі базар" у Віцебску. Сам ён — кіраўнік аргкамітэту фэстываля, які патрануе непасрэдна Лукашэнка — на такое не рашыўся б.

Зь якой жа мэтаю накіроўваўся Замяталін у Ірак? Як паведаміў учора на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Мікалай Барысевіч — каб падпісаць гандлёвае пагадненьне з гэтай краінаю. Маўляў, Ірак вельмі зацікаўлены ў пастаўках Беларусьсю трактароў, іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, мэдычнага абсталяваньня й лекаў. Калі верыць беларускім уладам, дык у такіх пастаўках зь Беларусі зацікаўленыя ледзь ня ўсе краіны сьвету, а між тым, Беларучсь сама закупляе значную колькасьць сельскагаспадарчай тэхнікі, мэдычнага абсталяваньня й лекаў за мяжою.

Іншая вэрсія ў лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, які вядомы тым, што заўсёды выступаў за кантакты Беларусі зь Іракам, неаднойчы там бываў і, дарэчы, за савецкім часам працаваў там ваенным дарадчыкам. Праўда, спачатку ён зрабіў выгляд, што пра візыт Замяталіна нічога не чуў, але потым пагадзіўся коратка адказаць на маё пытаньне, калі я перэтэлефаную яму па т. зв. "расейскай" лініі, і прадыктаваў нумар тэлефону ажно з адзінаццацю лічбамі — відаць, гэтую лінію цяжэй праслухоўваць.

Паводле словаў Сяргея Гайдукевіча, у дэлегацыю Замяталіна ўваходзілі толькі бізнэсоўцы. Былі й беларускія, але галоўным чынам, з маскоўскага гандлёвага дому "Расея" і расейскіх банкаўскіх колаў. У Іраку адбыліся сутрэчы Замяталіна з прэм'ерам Азізам і прэзыдэнтам Хусэйнам. Наколькі я паінфармаваны, адзначыў Гайдукевіч, размова йшла пра ўдзел Беларусі ў праграме ААН. Як вядома, Іраку даецца квота на продаж нафты для закупкі лекаў і прадуктаў харчаваньня. Калі стварыць фірму й зарэгістраваць яе ў ЗША, можна атрымаць магчымасьць для ўдзелу ў рэалізацыі гэтай праграмы.

Больш аніякіх падрабязнасьцяў і тлумачэньняў (прыкладам, чаму трэба рэгістравацца менавіта ў ЗША?) Гайдукевіч даць не пажадаў, спаслаўшыся на тое, што й так сказаў больш чым можна было.

А з колаў, набліжаных да афіцыйных крыніцаў, стала вядома, што ледзь ня ў самы бліжэйшы час трэба чакаць кардынальных зьменаў у замежнай палітыцы Менску. У гэтым рэчышчы, маўляў, і трэба разглядаць візыт Замяталіна. Мяркуецца адчыніць амбасаду ў Сырыі і, цалкам верагодна, і ў Іраку. Аднак тое, што Лукашэнка імкнецца да зьбліжэньня з арабскімі краінамі, а Хусэйн — найбольш блізкі яму сярод тамтэйшых лідэраў, даўно вядома. Таму можна пагадзіцца з думкаю аднаго з экспэртаў у галіне міжнароднага права, які пажадаў застацца неназваным, што, паслаўшы замяталіна ў Ірак, Лукашэнка хутчэй за ўсё шукае яшчэ адзін спосаб зарабіць сродкі на правядзеньне сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. Пра тое ж, што ён зьбіраецца кіраваць Беларусьсю яшчэ мінімум сем гадоў, Лукашэнка абвясьціў днямі ў гутарцы з карэспандэнтам "Российской газеты".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG