Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 жніўня 1999 г.


Валянцін ЖДАНКО, Прага

Пачынаючы з сакавіка гэтага году, Расея значна прысьпешыла ўзьвядзеньне недалёка ад Ганцавічаў радыёлякацыйнай станцыі, якая мусіць стаць важнай часткаю расейскае сыстэмы папярэджаньня пра ракетны напад. Як паведаміў 4 жніўня маскоўскай газэце "Известия" галоўнакамандуючы расейскімі стратэгічнымі войскамі Уладзімір Якаўлеў, станцыя ў Ганцавічах пачне дзейнічаць ужо ў сьнежні, а на наступны год яе паставяць на баявое дзяжурства.

Будаваць радыёлякацыйную станцыю ля Ганцавічаў пачалі яшчэ ў 80-я гады. Напачатку 90-х будаўніцтва замарудзілася, а потым і ўвогуле спынілася. Лёс гэтага стратэгічнага ваеннага аб'екту Расеі заставаўся няпэўным да таго часу, пакуль да ўлады ня прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Адразу пасьля таго, як імкненьне беларускае дзяржавы да нэйтралітэту было пастаўленае пад сумненьне, недабудаваная станцыя стала аб'ектам палітычнага ды эканамічнага гандлю паміж Масквой і Менскам.

У 95-м годзе Лукашэнка адмовіўся ад усялякіх правоў на гэтую і на падобную да яе Вілейскую станцыю дзеля таго, каб Расея даравала Беларусі энэргетычныя даўгі, якія на той час вымяраліся ўжо мільярдам даляраў.

Аднак і пасьля дасягненьня так званага "нулявога" варыянту праца на вялізарнай палескай будаўнічай пляцоўцы не кіпела – у расейскага Міністэрства абароны не было дзеля гэтага грошай.

Сітуацыя нечакана зьмянілася сёлетняй вясною. У расейскага ваеннага ведамства неспадзявана знайшліся патрэбныя сродкі пасьля таго, як абвастрыўся крызыс у Косаве і пачалася ўзброеная акцыя НАТО супраць Югаславіі. На сёньняшні дзень на станцыі працуюць ужо тынкоўшчыкі й маляры, а таксама праводзіцца мантаж электроннага абсталяваньня.

Узьвядзеньне гэтай станцыі можа мець для Беларусі вельмі сур'ёзныя наступствы. І гэта пры тым, што на бясьпеку ўласна беларускіх межаў ганцавіцкі аб'ект не ўплывае. Антэны і лякатары ў палескіх лясох будуць скіраваныя на поўнач Эўропы, на Нарвэскае мора й воды паўночнай Атлянтыкі. Адтуль, з боку амэрыканскіх стратэгічных падводных лодак, расейскія гэнэралы чакаюць небясьпекі для паўночна-заходніх межаў Расеі, якія пасьля аднаўленьня незалежнасьці балтыйскіх краінаў страцілі былыя абарончыя заслоны.

Такім чынам, станцыя ў Ганцавічах будзе абслугоўваць выключна расейскія ваенныя інтарэсы. І пры гэтым яна аўтаматычна стане адным з самых небясьпечных аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі, бо ў выпадку ўзброенага канфлікту паміж Расеяй і Захадам менавіта на яе будуць накіраваныя першыя паветраныя ўдары.

Апроч таго, магутны радыёлякацыйны вузел – гэта яшчэ й крыніца экалагічнай небясьпекі для дзесяткаў беларускіх вёсак і мястэчак, якія трапяць у зону вельмі небясьпечнага для здароўя выпраменьваньня.

Пра ўсё гэта ў Беларусі сёньня мала гавораць, хоць ужо ў наступным годзе тысячы людзей сутыкнуцца з праблемамі, выкліканымі стратэгічным расейскім аб'ектам, які яшчэ больш аддаліць краіну ад спадзяваньняў на нэйтралітэт і за знаходжаньне якога на сваёй тэрыторыі Беларусь не атрымае аніякай кампэнсацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG