Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 ліпеня 1999 г.


Напярэдадні 20 ліпеня ідэялягічныя кіраўнікі мясцовай выканаўчай вэртыкалі і дзяржаўныя мас-мэдыя атрымалі з адміністрацыі прэзыдэнта дэрэктыву, як належыць правільна растлумачваць вынікі пяцігадовага кіраваньня прэзыдэнта Лукашэнкі.

Падрыхтоўка да пятай гадавіны прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі была тэмаю некалькі закрытых нарадаў у адміністрацыі прэзыдэнта. Плён гэтых нарадаў, дырэктывы, якія атрымалі напярэдадні дваццатага ліпеня ўсе ідэялягічныя службы па, так бы мовіць, "правільнай" трактоўцы адметнай даты. Першым вынікам скаардынаванае кампаніі стала тое, што ўсе дзяржаўныя мас-мэдыя дружна пачалі пісаць і гаварыць пра дасягненьні рэжыму. Пералік дасягненьняў таксама быў даведзены зьверху — гэта адзін з самых далікатных і палітычна небясьпечных аспэктаў прапагандысцкае кампаніі, які выклікае шмат пытаньняў у самога ідэялягічнага апарату. Чым ганарыцца, калі жыцьцёвы ўзровень бальшыні людзей за апошнія гады зьнізіўся? Гэта галоўная праблема арганізатараў акцыі.

Ганарыцца, паводле вэрсыі кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Міхаіла Мясьніковіча, трэба трыма дасягненьнямі:
па-першае, стабільнасьцю;
па-другое, кіруемасьцю дзяржаўнага апарату і эканомікі, і
па-трэцяе, сацыяльнай падтрымкаю насельніцтва.
Гэты пералік цікавы тым, што, па сутнасьці, супадае з "сьпісам дасягненьняў" Вячаслава Кебіча, зь якім ў 94-м годзе тагачасны прэм'ер-міністар спрабаваў змагацца за пасаду прэзыдэнта. Становішча Кебіча тады было падобнае на цяперашняе становішча Лукашэнкі — на той час ён ужо пяць гадоў узначальваў урад, а сытуацыя ў эканоміцы год ад году толькі пагаршалася. Тады й вынайшлі гэтую ўнівэрсальную форму: "жывем дрэнна, затое ў нас стабільнасьць", ну і яшчэ пра сацыяльную падтрымку...

Кебічу перад выбарамі ў гэтай сфэры ўвогуле не было роўных — ільготнікамі ён зрабіў ледзь не палову насельніцтва краіны. Лукашэнка ўжо некалькі год па крысе тыя ільготы намагаецца "ўрэзваць", крыўдзячы ці чарнобыльцаў, ці вэтэранаў, ці вайскоўцаў — іх проста не вытрымлівае дзяржаўны бюджэт. Адметна тое, што Мясьніковіч выконвае сёньня тую ж функцыю, што й пяць гадоў таму. У 94-м годзе ён, намесьнік прэм'ер-міністра, гэтак жа інтарэсамі "стабільнасьці", "кіруемасьці" ды "сацыяльнай дапамогі" абгрунтоўваў неабходнасьць таго, каб пры ўладзе застаўся Кебіч.

Увогуле, адтуль, з 1994 году пазычаны й іншыя прапагандысцкія штампы, многія зь якіх сёньня выглядаюць проста недарэчна. Традыцыйны аб'ект крытыкі — Станіслаў Шушкевіч, хоць у яго час узровень жыцьця ў Беларусі быў вышэйшы за цяперашні. Яшчэ адзін прыём — параўнаньне беларускае сытуацыі са становішчам у іншых краінах. Праўда, у 94 годзе сьведчаньнем нашых перавагаў лічылі цяжкое становішча ў краінах Балтыі — адтуль была тады прыкметная плынь эміграцыі. Цяпер у Беларусь эмігруюць з Казахстану, Таджыкістану й Афганістану, але й гэта падаецца як сьведчаньне стабільнасьці ды слушна абранага курсу.

Нэрвовасьць і заклапочанасьць улады датаю 20 ліпеня абумоўленая, галоўным чынам, дзеяньнямі апазыцыі, якая намагаецца нагадаць, што адведзены Канстытуцыяй пяцігадовы тэрмін, на які Лукашэнку выбіралі ў 1994-м годзе, сканчаецца. Імкнучыся абвергнуць гэта, улада прынамсі змушана, хоць і ў своеасаблівай форме, весьці дыскусыю й азірацца на мінулыя пяць гадоў, якія ўсё ж сталі рысаю, хоць для ўлады й непажаданаю.

Валянцін Жданко

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG