Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 1999 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

Адміністрацыя аднаго з аршанскіх прадпрыемстваў пайшла на адкрыты канфлікт з рабочымі, уцягнуўшы ў яго і прадстаўнікоў гарадзкой улады.

Працаўнікі Аршанскага прадпрыемства "Акцыянэрнае таварыства "Ворша" ужо неаднаразова выказвалі сваёй адміністрацыі сур'ёзныя эканамічныя прэтэнзыі, якія суправаджаліся страйкавымі папярэджаньнямі. Апошні зварот асабіста да дырэктара прадпрыемства Яўгена Бур'яка быў напісаны напрыканцы чэрвеня. Патрабаваньні традыцыйна зводзіліся да сваечасовай выплаты заробку ды дакладнага выкананьня ўсіх пунктаў калектыўнай дамовы. Напрыканцы было зьмешчана наступнае папярэджаньне: "Мы пакідаем за сабой права на спыненьне вытворчасьці ды пошук сродкаў існаваньня па-за межамі прадпрыемства".

Аніякай рэакцыі ад адміністрацыі рабочыя не дачакаліся і раніцай 6 ліпеня на прадпрыемстве распачаўся стыхійны страйк. Спыніліся, перад усім, механічныя цэхі, якія складаюць тут аснову вытворчага працэсу. У іх працуюць каля дзвюх сотняў чалавек, якія маюць заробак у памеры 11 мільёнаў беларускіх рублёў. Але апошні раз людзі атрымлівалі грошы ўсяго толькі за красавік.

Працаўнікі сабраліся каля будынку адміністрацыі прадпрыемства і пачалі патрабаваць выплаты заробкаў за травень ды чэрвень, падвышэньня ўзроўню заработнай платы ды сваечасовых яе выплатаў, а таксама працы бяз вымушаных прастояў.

Да ўдзельнікаў страйку выйшаў дырэктар прадпрыемства Яўген Бур'як. Але нічога канкрэтнага ён не сказаў. Тады прадстаўнікі вольнага ды афіцыйнага прафсаюзаў, а таксама адзін з рабочых інструмэнтальнага цэху вырашылі тэлефанаваць мэру Воршы Валянціну Майсеюку, спрабуючы знайсьці разуменьне ў гарадскіх уладаў. Калі па тэлефоне знайсьці мэра не ўдалося, тыя ж асобы былі дэлегаваныя проста ў Варшанскі гарвыканкам. Сакратарка мэра паспрабавала пераканаць пасланцоў, што шэфа няма ў горадзе, гэтаксама як і яго намесьніка Дамброўскага. Таму нечаканая сустрэча з мэрам у гарадзкой адміністрацыі выглядала, мякка гаворачы, дзіўна. Засьпеты зьнянацку мэр, ацаніўшы няёмкасць сытуацыі, паабяцаў асабіста з'явіцца на прадпрыемства а 14 гадзіне.

І ў прызначаны час ля прахадной акцыянэрнага таварыства "Ворша" ён з'явіўся разам са сваім намесьнікам Дамброўскім, галоўным пракурорам гораду Маруком, начальнікам міліцыі Крывальцэвічам, а таксама прадстаўнічай асобай з КГБ.

Дзеля грунтоўнай размовы ўсіх запрасілі ў актавую залю, але з прамовы мэра рабочыя зразумелі толькі, што ні гарадзкія ўлады, ні адміністрацыя таварыства ня можа вырашыць сёньня іхныя праблемы. А галоўны гарадзкі пракурор патлумачыў сёньняшні стан прадпрыемства шматлікімі фактамі злоўжываньня з боку ранейшай адміністрацыі. Цьвёрда была паабяцаная толькі выплата травеньскага заробку да 20 ліпеня. Наконт астатніх патрабаваньняў рабочых нічога вырашана не было, і людзі разышліся вельмі незадаволеныя.

Камэнтуючы гэтыя падзеі, юрысконсульт аршанскага вольнага прафсаюзу Алег Граблеўскі заявіў карэспандэнту радыё "Свабода", што ў такой сытуацыі варта чакаць неўзабаве новых праяваў рабочай актыўнасьці.

Да ўсяго, пад час размовы прадстаўнікоў гарадзкой адміністрацыі з рабочымі на прахадной прадпрыемства былі затрыманыя карэспандэнт мясцовай недзяржаўнай газэты Куцейна ды старшыня гарадзкой суполкі вольнага прафсаюзу. На сустрэчу з прадстаўнікамі гарадскіх уладаў іх не пусьцілі.

Як заявіў Алег Граблеўскі, гэта з'яўляецца парушэньнем заканадаўства аб прафэсійных саюзах ды сродках масавай інфармацыі, і неўзабаве ад пацярпелага боку ў гарадзкую пракуратуру будзе пададзеная адпаведная заява.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG