Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

У Менску абмяркоўваюцца крытычныя заявы Лукашэнкі ў бок Крамля адносна марудных тэмпаў інтэграцыі. Сярод іх прычынаў называюць унутраную сітуацыю ў Беларусі і 20 ліпеня – дату заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Выступ Аляксандра Лукашэнкі на парлямэнцкім сходзе саюзу Беларусі і Расеі выклікаў нагэтулькі супярэчлівую рэакцыю ў Менску і ў Маскве, што беларускае МЗС мусіла тлумачыць найбольш адметныя прэзыдэнцкія пасажы.

Міністар замежных справаў Урал Латыпаў на прэсавай канфэрэнцыі пасьпяшаўся запэўніць, што словы прэзыдэнта пра нармалізацыю адносінаў з Захадам "нельга разглядаць як альтэрнатыву супрацоўніцтву з Расеяй".

Разам з тым міністар даў зразумець, што праект дамовы аб аб'яднаньні Беларусі і Расеі не задавальняе беларускі бок і ня можа быць парафіраваны.

Адзін з распрацоўшчыкаў праекту, памочнік прэзыдэнта Беларусі Міхаіл Сазонаў, выказаўся больш асьцярожна. Ён заявіў, што некаторыя пазыцыі ў кампрамісным варыянце выклікалі ў Лукашэнкі пэўнае сумненьне – ён хацеў бы бачыць дамову больш моцнай. Аднак, паводле словаў Сазонава, "ёсьць шляхі для таго, каб нават на гэтай базе ўсё дастаткова дакладна зафіксаваць".

Складаецца ўражаньне, што нават блізкае атачэньне Лукашэнкі аказалася, мякка гаворачы, не зусім гатовае да чарговых імправізацыяў свайго патрона. Выгладае нават, што за пяць год у кіраўніцтве Беларусі так і не была збудаваная колькі-небудзь пасьлядоўная канцэпцыя адносінаў нават з усходнім суседам. Ці так гэта? Вось думка на гэты конт прафэсара Патупы.

(Патупа: ) "Думаю, што галоўнае ў гэтай справе тое, што ў Лукашэнкі заўсёды свае правілы гульні. Ніякая згода, а толькі свая гульня. Гэта галоўная праблема ўнутранай палітыкі і палітыкі зьнешняй. Толькі ў міжнародных справах ён ня мае кіраўніцтва над іншымі прэзыдэнтамі, іншымі ўрадамі і гэтак далей. У рэальнасьці ён мае тры мадэлі паводзінаў, тэарэтычна. Ён можа ісьці пад Расею. Ён можа ісьці пад Захад. І ён можа будаваць канцэнтрацыйны лягэр у сваёй дзяржаве. Вось і ўсё. Таму ён мае вельмі няўстойлівую пазыцыю ў эканамічных пытаньнях. Стан эканомікі – катастрафічны. Ён пайшоў на расейскі, усходні вэктар так званы. Калі будзе агульная дзяржава – ён недатыкальны пасьля 20 ліпеня. Гэта вядомая праблема, бо 20 ліпеня ягоны статус можа зьмяніцца ў міжнародных адносінах і гэтак далей. Нейкая дэстабілізацыя магчымая ўнутры краіны з эканамічных пазыцыяў. А калі ён будзе мець нейкую пасаду ў саюзнай дзяржаве – то ўсё вельмі добра. Захад ня можа аказаць вялікага ціску на ядзерную дзяржаву. Вось ягоная псыхалогія, і гэта, можа, наймацнейшы пункт. Калі будзе зробленая дзяржава, яна павінная зрабіцца суб'ектам міжнародных адносінаў, так званым прававым суб'ектам у міжнародных адносінах. І вось гэта пытаньне вельмі складанае, таму што хто гэтую дзяржаву зробіць такім суб'ектам? Можа быць міжнародная абструкцыя, калі гэта як суб'ект будзе існаваць толькі ў фантазіях крамлёўскага ды менскага кіраўніцтва. Але калі будуць законы ў гэтай дзяржаве, то будуць пытаньні ў МВФ, напрыклад: " Мы ведаем Расею, мы ведаем расейскія законы, але вы дзейнічаеце не паводле законаў міжнароднага суб'екту. І мы ня можам крэдыты даваць". І гэта – кропка ў рэальных адносінах з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Гэта ёсьць вельмі моцны аргумэнт і адна зь відавочных сытуацыяў. Іншае пытаньне – гэта расейская сытуацыя. Бо яны на працягу двух гадоў наступных будуць мець іншы парлямэнт і іншага прэзыдэнта. І ў гэтай сытуацыі крокі магчымай дэстабілізацыі нікаму не патрэбныя. І новыя фігуры ў расейскім палітычным істэблішмэнце не патрэбныя. І гэтак далей. Гэта – праблемы расейскага боку".

Гэта – тое, што тычыцца Расеі. А як быць з загадам Лукашэнкі свайму зьнешнепалітычнаму ведамству неадкладна, як гаворыцца, "на маршы" разварочвацца да Захаду?

Як бы ні ўспрымаць гэтыя словы, моцны прапагандысцкі эфэкт відавочны.

(Патупа: ) "Ён кажа: "у напрамку Захаду". Чаму не? Захаду ў такой сытуацыі складана мець прэтэнзіі. Можа, і сапраўды пачнецца лібералізацыя эканомікі, дэмакратызацыя палітычнага жыцьця, і так далей. Гэта верагодна? Верагодна. Ну, і тады 20 ліпеня ня будзе нейкай "чорнай меткай"

(Тарас: ) Але, прабачце, тут ўзьнікае пытаньне, бо на гэта мала часу засталося, каб зрабіць нешта рэальнае, каб Захад паверыў у добрыя намеры, гэтак скажам.

(Патупа: ) "Я цалкам згодны. Гэта ёсьць нейкая блякада на хуткія паводзіны Захаду ў гэтай сытуацыі. І толькі. Каб трансфармаваць Захад у нейкі час чаканьня. Вось гэта – Лукашэнкі галоўная мэта".

Як Расея, так і Захад зьнешне цалкам спакойна ўспрынялі апошнія інвэктывы прэзыдэнта Лукашэнкі, ведаючы, што ад рыторыкі ў палітыцы ніколі нічога не залежыла. Аднак і Аляксандар Лукашэнка і ягоны расейскі партнэр адчуваюць зараз дэфіцыт часу.

А гэта можа падштурхнуць абодвух да рэзкіх рухаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG