Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 ліпеня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Ворганы сыстэмы адукацыі зноў актывізавалі наступ на школьныя падручнікі па гісторыі Беларусі. Гэта зьвязана з незадавальненьнем віцэ-прэм'ера Замяталіна станам гістарычнай навукі.

Сваё незадавальненьне віцэ-прэмьер выклаў у вельмі рэзкай форме лісьце на імя прэзыдэнта, у якім, упрыватнасьці, указаў на недапушчальнасьць дысмкусыяў на тэмы айчыннай гісторыі.

Як старшыня дзяржаўнае камісіі у справе напісаньня новых школьных падручнікаў гуманітарнай сфэры, сп. Замяталін патрабуе ад аўтараў адназначнае прарасейскае арыентацыі у гісторыі Беларусі, лічачы яе не самастойнай, а толькі часткай агульнай усходнеславянскай.

За тры гады існаваньня камісіі такіх падручнікаў, якія б задавальнялі навукова ды мэтадычна так і не было напісана. Бо адна справа - крытыкаваць падручніка Паўла Лойкі, Георгія Штыхава, Міхася Біча ды іншых вядомых гісторыкаў, а зусім іншая - стварыць вартыя падручнікі самому.

Спробы, праўда, час ад часу зьяўляюцца. Адна з апошніх - вучэбны дапаможнік для 7 клясы па гісторыі Беларусі 16-18 стагодзьзяў, напісаны кандыдатам гістарычных навук Мілаванавым у сааўтарства са школьным настаўнікам Даўжонкам.

Гаворыць адзін з рэцэнзэнтаў гэтай кнігі, выкладчык Полацкага дзяржаўнага Уладзімір Лобач:

(Лобач: ) "Гэтая праца вельмі непрыемна ўразіла абсалютным адступленьнем ад якой бы тое ні было аб'ектыўнасьці. Фактычна аўтары зрабілі стаўку на два асноўныя моманты: прынцып клясавай барацьбы і так званы заходнерусізм. Рускі народ разглядаецца як гістарычны правадыр і гаспадар усходнеславянскіх народаў. У выніку атрымалася формула: "западнорусское население стремилось освободиться от иноземного господства литовских и польских феодалов и соединиться с братским русским народом в составе Московского государства".

Аўтары падручніка, паводле словаў Лобача, у сваіх прарасейскіх тэзах перагналі нават славутага антыбеларускага гісторыка Абэцэдарскага. У іх да 16 стагодзьзя такога этнасу, як беларусы, папросту не інсуе. Не існуе і беларускай мовы.

Апроч ігнараваньня гістарычных фактаў, Мілаванаў ды Даўжонак займаюцца непрыхаванай фальсыфыкацыяй. Таму выснова рэцэнзэнтаў адназначная:

(Лобач: ) "Дапаможнік" а ні ў якім разе не можа быць рэкамэндаваны да друку па наступных прычынах. Аўтары выкарыстоўваюць састарэлыя падыходы, суб'ектыўна падыходзяць да адбору гістарычнай фактуры, і не карыстаюцца найноўшымі распрацоўкамі беларускай гістарычнай навукі. І самае галоўнае - дапаможнік не спрыяе выхаваньню у вучняў нацыянальнай годнасьці і павагі да суседніх народаў. Палякі, літоўцы паказаныя выключна ў варожым кантэксьце. І выяўляецца варожасьць да іншых, акрамя праваслаўнай, канфэсіяў".

Падручнікі падобнага сьместу не ўхваленыя і сябрамі сэкцыі дзяржаўнай камісіі. Сама ж камісія будзе разглядаць рукапісы новых падручнікаў у жніўні. Тады ж будзе прынятае рашэньне адносна выкарыстаньня ў новым навучальным годзе падручнікаў, створаных у інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Падручнікаў, якімі задаволеныя вучні, настаўнікі, мэтадысты — апроч галоўнага прэзыдэнцкага дарадцы па гісторыі, віцэ-прэмьера Замяталіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG