Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Перадачай, прысьвечанай 10 угодкам Першага Устаноўчага з'езду БНФ мы распачынаем цыкл перадачаў "Год 89-ты. Каляндар "Свабоды". Факты і ўрокі найноўшай гісторыі" (эфір 26 чэрвеня).

Аўтар і вядучы - Сяргей Навумчык.

Чэрвень 1989 году. Ужо ўвесь сьвет ведае пра Курапаты, ужо сем месяцаў працуе аргкамітэт ў справе стварэньня Беларускага Народнага Фронту. Грамадзства жыве спадзяваньнямі і патрабуе пераменаў, але БССР усё больш нагадвае запаведнік артадаксальнага камунізму, а парттыйнае кіраўніцтва рэспублікі атрымоўвае ад Алеся Адамовіча назоў Вандэі.

Паэт Генадзь Бураўкін у той час уваходзіў у тры найвышэйшыя ворганы тагачаснай улады - ён быў членам ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і, як старшыня Дзяржтэлерадыё, уваходзіў у склад ураду

(Бураўкін: ) "Калі я даваў, як кіраўнік тэлебачаньня і радыё слова прадстаўнікам Народнага Фронту, таму ж Зянону Станіслававічу Пазьняку, то, канечне, па тэлефоне на мяне крычалі, і ў кабінэтах крычалі, на што я адказваў вельмі ім проста: "Дарагія мае, я разумею, што вам не падабаецца тое, што гаворыць па тэлебачаньні Пазьняк. Ну і на здароў'е, але калі ласка - я даў Пазьняку дзесяць хвілінаў, бярыце сорак хвілінаў, гадзіну эфірнага часу, калі ласка, абвяргайце тое, што гаварыў Пазьняк, абвяргайце ягоныя пазыцыі, паказвайце іх няправільнасьць. Калі ласка! Але ж яны да гэтага не былі гатовыя. Яны да гэтага не прывыклі. Яны не маглі ўдзельнічаць у прамой спрэчцы, у прамой дыскусіі, яны адчувалі, што яны прайграюць. Між іншым, гэта і зараз ёсьць. Чаму, напрыклад, сёньня кіраўніцтва беларусі не пушчае на экран апазыцыю? Таму што яно ня ўпэўненае ў тым, што калі выйдзе апазыцыя і ўлада, — то ў такой спрэчцы, у такім прамым дыялёгу выйграе ўлада. Яны ў гэтым ня ўпэўненыя".

Дарэчы, на Пленуме ЦК КПБ, які адбыўся за тры дні да ўстаноўчага з'езду БНФ, Бураўкін быў адзіным, хто выступіў з крытыкай кіраўніцтва рэспублікі.

Вось урывак з той прамовы (тут і далей - цытаты з газэты "Звязда" 1989 г).

Наш ідэалагічны актыў за доўгія сонныя дзесяцігоддзі прывык працаваць толькі з прадстаўнікамі сацыяльных групаў, працоўных калектываў пры раўнадушнай пасіўнасці большасці. А цяпер гэтая маўклівая большасць абудзілася - і аказалася, што ў яе накапілася столькі пытанняў і прэтэнзій, ды яшчэ такіх вострых, такіх рэзкіх, што пачала трашчаць наша прапагандысцкая сетка, наша сістэма палітычнай адукацыі. Паставіцца б да гэтага разважна і стала... А мы з ходу кінуліся абвяргаць і асуджаць мітынговую дэмакратыю, забыўшыся пра вывад клясыкаў, што любая рэвалюцыя (а мы ж аднадушна называем перабудову рэвалюцыяй) абавязкова праходзіць такі этап свайго развіцця, хоць ён і нясе ў сабе элементы анархіі і экстрэмізму. Мы адразу пачалі шукаць у нашых маладых сучаснікаў чужыя (з намёкам ледзь не на варожае замежжа) думкі, чамусці адмаўляючы ім у натуральным праве мець свае ўласныя, няхай і не заўсёды прымальныя да нас. Мы з нейкім незразумелым жахам спыніліся перад відавочнай для ўсіх неабходнасцю тэрмінова перагледзець многія старонкі нашай нацыянальнай гісторыі, нашу практыку міжнацыянальных адносін.
.... у многіх ідэалагічных інстанцыях, на маю думку, упарта чапляюцца за старыя метады, не спяшаюцца ісці да людзей, уключацца ў дыскусіі, зашываюцца ў кабінеты, каб адтуль даваць строгія ацэнкі чужым (можа, і не заўсёды ўдалым) дзеянням, штампаваць так званыя «арыенціроўкі», карыстаюыся пры гэтым недакладнай, а то і недобрасумленнай інфармацыяй. Не адкінута і выпрабаваная практыка замоўчвання канфліктаў і рэальных цяжкасцей, хоць, як вядома, калі страўс хавае галаву ў пясок, дык яшчэ больш прыметнай робіцца іншая, зусім не лепшая частка ягонага цела...

Але прамова Бураўкіна гучала дысанансам агульнаму настрою суцэльнага адмятаньня дэмакратыі і вальнадумства, які панаваў на пленуме. Як гэта сёньня не падаецца дзіўным, абрэвіятура БНФ на пленуме не гучала - члены ЦК не жадалі апаганьваць сьцены свайго партыйнага храму вымаўленьнем крамолы. Аднак пад тэрмінамі "нефармалы", "экстрэмісты" - меўся на ўвазе менавіта БНФ. Дэрэктыва была адназначна і нядвусэнсоўна вызначана ў выступе першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова.

«...У апошни час робяцца спробы ўтварыць структуру экстрэмісцкай накіраванасці. Аднак ініцыятары яе стварэньня адмовіліся перадаць Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР праекты праграмных дакумэнтаў. Чаму? Ци не таму, каб скрыць свае намеры, якия мала чаго агульнага маюць з перабудовай.

Такое сцвярджэньне заснавана на выказваннях некаторых членаў «аргкамітэта» і ў маладзежных аўдыторыях, і ў інтэрвью, і ў публікацыях самвыдатаўскіх выпускаў, якімі яны раз-пораз «радуюць» па-экстрэмісцку настроеных чытачоў. Аналіз падобнага роду матэрыялаў і дае дакладнае ўяўленне аб палітычным абліччы гэтых людзей.

Яны ігнаруюць кіруючую ролю КПСС, спрабуюць а'бявіць свой рух самастойнай, па-сутнасьці, альтэрнатыўнай партыі палітычнай структурай, рэкламуюць сяюе ў якасьці адзінай сілы, здольнай ажыцьцявіць перабудову; на словах прызнаюць федэрацыю, на справе ж выступаюць за канфедэрацыю, за разбурэнне СССР - нашага агульнага дома; грэбуюць савецкімі законамі, штурхаюць людзей на прававы нігілізм, на непадпарадкаваньне распараджэньням мясцовых органаў улады.

Яны супраць канструктыўнага, паважлівага абмену думкамі па вострых праблемах нашага жыцьця, вельмі часта, у самых розных аўдыторыях, звяртаюцца да недобрасумленных прыёмаў. Крыкі, свіст, тупат, іншыя дзікія формы абструкцыі, вырываньне з рук апанентаі мікрафона сталі для іх нормаў паводзін на сходах і мітынгах.

Працоўныя ў сваёй большасці не падзяляюць поглядаў і імкненняў па-экстрэмісцку настроеных асоб. Рэзалюцыі сходаў працоўных калектываў з рэзкім асуджэннем іх пазіцыі паступаюць у ЦК КПБ, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, мясцовыя партыйныя і савецкія органы. Нашы людзі занепакоены, патрабуюць у гэтых рэзалюцыях не дапусціць развіцця падзей, падобных на падзеі ў радзе рэгіёнаў краіны. Вось чаму палітычную работу па аргументаванаму выкрыцьцю мэт гэтага «руху» трэба ўзмацніць. Грамадзкасьць павінна ведаць, хто, прыкрываючыся дэмакратычнымі лозунгамі, імкнецца сарваць працэс абнаўленьня, штурхнуць масы на шлях беззаконня і анархіі»

Каманда на ідэялагічны адстрэл была дадзеная, і ў ход пайшла лёгкая і цяжкая артылерыя прапагандысцкага войска. Гартаючы афіцыйныя газэты дзесяцігадовай даўніны, я спрабаваў знайсьці хоць бы адно інтэрвію з Пазьнякомі ці зь любым іншым сябрам аргкамітэту ў справе ўтварэньня Фронту. Уражаньне, што ідэялагічная машына ваявала з прывідам, бачыць і чуць якога было дадзена выключна кіраўнікам прапагандысцкай машыны. Насельніцтву ж заставалася браць на веру тое, пра што вяшчалася з экрану тэлебачаньня і пісалася ў газэтах. Ды ўжо не ўпершыню паводле прынцыпу "Я Пастэрнака не чытаў, але — скажу..." , арганізаваныя уладамі сходы працоўных выносілі безапэляцыйныя прысуды:

«У ПРЫЁМНАЙ ПРЭЗЫДЫУМА ВС БССР . У Прэзыдыум ВС БССР пачалі паступаць тэлеграмы, рэзалюцыі сходаў.

«Вадзіцелі лідскага грузавога аўтамабільнага парка № 3 падтрымліваюцб дзеянні Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР у адносінах да арганізацыі Народнага Фронта Беларусі. Лічым недапушчальным правядзенне арганізацыйнага з'езда Народнага фронта Беларусі без папярэдняга абмеркавання ў працоўных калектывах праекта праграмных дакументаў». Гэтую тэлеграму падпісаў старшыня сходу Рубцоў.
«Рашуча выступаем супраць правядзення ўстаноўчага з'езда так званага Беларускага народнага фронта. Мы, рабочыя і служачыя райаграпрамтэхнікі Касцюковіцкага раёна, не ведаем мэт і задач гэтай самазванай арганізацыі, не ведаем, чые интарэсы яна прадстаўляе....Прэзідыум сходу: Гаўрыленка В.Г., Астахава В.В., Паўловіч А.П., Усаў В.А., Мамонаў Н.М.».

...У рэзалюцыі сходу працоўнага калектыву Глускага масласырзавода гаворыцца, што сапраўдным прыхільнікам перабудовы ёсць усе магчымасці праявіць сябе ў існуючай грамадска-палітычнай сістэме краіны.

...Калектыў вагоннага дэпо горада Жлобіна лічыць, што такая арганізацыя не патрэбна, усе набалелыя пытанні былі ўзныты на Зездзе народных дэпутатаў.

...«Мы ўважліва сочым за працэсамі, якія адбываюцца ў рэспубліцы, горадзе, вобласці, - гаворыца ў рэзалюцыі сходу калектыву Бабруйскай аптовай гаспадарчаразліковай базы. - ...нас абурае пазіцыя асобных па-экстрэмісцку настроеных людзей і груп грамадзян, якія спрабуюць унесці дэстабілізацыю ў наша грамадства, дэзарыентаваць працоўных. Нас вельмі трывожыць рост злачыннасці ў рэспубліцы, аслабленне барацьбы з пьянствам, іншымі парушэннямі сацыялістычнай законнасці.... Мы асуджаем пазіцыю прадстаўнікоў аргкамітэта Народнага фронта...».

«...Мы з усёй адказнасцю ставімся да сваёй роднай беларускай мовы і культуры, але супраць прывілей адной нацыі перад другой, вяртання да часоў буржуазнай рэспублікі, што прасочваецца ў дзеяннях народных франтоў Прыбалтыкі. Нам неабходна ўберагчы нашу краіну ад магчымага расколу на асобныя адасобленыя нацыянальныя дзяржавы....
Старшыня сходу працоўнага калектыву электрасетак Клічаўскага раёна В.Шамаль, сакратар сходу Н.Рыбакоў».

«...Спекулюючы на аб'ектыўных цяжкасцях у развіцці перабудовачных працэсаў, лідэры гэтых (нефармальных - С.Н.) абяднанняў абяцаюць палепшыць становішча працоўных, заклікаюць да агульнанароднай барацьбы з «сучасным сталінізмам», а фактычна вядуць лінію на дыскрэдытацыю КПСС....
З рэзалюцыі адкрытага сходу партарганізацыі ПМК-97 Хоцімскага раёна».

З аднаго боку, аргкамітэту БНФ не давалі магчымасьці выкласьці сваю праграму дзеяньняў - а з другога - папракалі тым, што народ яе ня ведае.

У траўні 1989 году ў Менскі гарвыканкам і ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета сябрамі аргкамітэту былі дасланыя заявы з просьбай паспрыяць у правядзеньні ў Менску 24-25 чэрвеня устаноўчага з'езду БНФ. Паспрыяць - гэта, безумоўна, азначала "даць дазвол". 20 чэрвеня ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савета БССР адбылася сустрэча з дванаццацю прадстаўнікамі аргкамітэту. БЕЛТА паведаміла, што яе вёў Старшыня Прэзыдыюма, аднак насамрэч Таразевіча на той сустрэчы не было. Кіраваў ягоны намесьнік, колішні першы сакратар Менскага абкаму КПБ Мікуліч. Прысутнічалі сакратар і члены прэзыдыюма. Адразу пасьля пасяджэньня член Прэзыдыюма пісьменьнік Іван Навуменка заявіў карэспандэнту БЕЛТА, што "тое, што прапануе аргкамітэт - мітынговая дэмакратыя, якую цалкам могуць захліснуць хвалі экстрэмізму". У правядзеньні з'езду ў Менску было адмоўлена.

Але ў аргкамітэту быў запасны варыянт.

(Пазьняк: ) "Было зразумела, што з'езд яны не дадуць правесьці, мы гэта цудоўна ведалі, бо была "устаноўка" з Масквы не дапусьціць "ніякага фронту" ў Беларусі, і Сакалоў даў слова, што ў Беларусі ніякіх франтоў ня будзе. Яны гэтае слова стараліся трымаць. І было ясна, што з'езд не дазволяць. Таму мы шукалі іншыя варыянты. Былі камандыраваныя людзі ў Літву, была непасрэдна размова зь кіраўнікамі "Саюдзіса", з Бразаўскасам, тады - кіраўніком кампартыі Літвы. І такая дамова была, дазвол фактычна быў дадзены. Асабіста Бразаўскас даваў такі дазвол".

24 чэрвеня ў Вільню прыехалі 399 дэлегатаў з'езду. Паводле паведамленьня мандатнай камісіі, сярод дэлегатаў было 336 беларусаў, 36 рускіх, 8 украінцаў, 4 яўрэі. 341 дэлегат меў вышэйшую або няпоўную вышэйшую адукацыю. 144 чалавекі акрэсьлілі сябе ў анкетах як навуковыя і інжынэрна-тэхнічныя работнікі, 78 прадстаўлялі творчыя прафэсыі, 59 былі рабочыя, студэнтаў было 19, журналістаў - 17. Быў адзін працаўнік сельскай гаспадаркі і адзін камсамольскі работнік. Зь ліку дэлегатаў устаноўчага з'езду БНФ было 57 членаў альбо кандыдатаў у члены КПСС, 38 - членаў ВЛКСМ. 220 дэлегатаў - амаль палова - былі жыхарамі Менску. Жанчынаў было 62. Як паведамлялі самвыдатаўскія "Навіны БНФ", умоўны партрэт дэлегата з'езду - мужчына 31-40 гадоў, беларус, з вышэйшай або няпоўнай вышэйшай адукацыяй, навуковы альбо інжынерна-тэхнічны супрацоўнік, беспартыйны, жыхар Менску.

Я папрасіў дэлегатаў устаноўчага з"еду, прыгадаць, што ім найбольш запомнілася з тых дзён.

(Віктар Івашкевіч: ) "Мяне найболей уразіла салідарная падтрымка літоўцаў нашаму з'езду. Пачынаючы ад звароту праз тэлевізію першага сакратара літоўскіх камуністаў Бразаўскаса з заклікам да жыхароў горада дапамагчы беларусам з памяшканьнямі для начоўкі, і сканчаючы чаргой соцень людзей, якія прыходзілі, забіралі нашых людзей дахаты, а часта давалі ключы ад сваіх кватэраў і катэджаў з тым, каб там нашыя людзі расьсяляліся".

(Данута Бічэль-Загнетава: ) "Нам хацелася сувэрэннай Беларусі. І на Першым Устаноўчым з'езьдзе я ўбачыла ўсіх сяброў і сябровак сваёй маладосьці, беларускую інтэлігенцыю. У той час (1988-89 гг.) мы мелі 10-15 адсоткаў. Але ў народны рух, у Народны Фронт ішлі пераважна людзі з гарадоў. І ўжо тады Беларускі Народны фронт і Пазьняк зрабіліся словамі-сынонімамі".

(Уладзімер Арлоў: ) "Мы ўсе, разам з украінцамі, разам з прыбалтамі, мы ўсе знаходзіліся ў адной хвалі, у хвалі, якая разбурала таталітарную сыстэму, разбурала Саюз. І да пэўнага часу гэтая хваля дзейнічала на нашых тэрыторыях ад Чорнага мора да мора Балтыйскага. Вось на той тэрыторыі, якую калісьці займала Вялікае княства Літоўскае".
Пра атмасфэру з'езду гаворыць Зянон Пазьняк.

(Зянон Пазьняк: ) "Гэта атмасфэра, якая вынікала зь вялікага ўздыму, я б нават сказаў, рамантычнага ўздыму, такога разьняволеньня чалавечых думак. Людзі жылі як на крылах, і гэта адчувалася проста ў паветры. Цяжка перадаць словамі. Але гэта сапраўды быў такі ўздым і нацыянальны, і ўздым разьняволенай асобы, і чаканьне нейчага вельмі такога прыгожага, свабоднага, што не маглі людзі канкрэтызаваць у словах, але вось гэтае чаканьне свабоды, гэтае чаканьне нацыянальнага існаваньня нармальнага - яно чыталася ў вачах, у тоне размовы, у пад'ёме, у рэакцыі на словы, калі мноства людзей, сотні, гаварылі як адна асоба".

На з'езьдзе былі прынятыя Праграма і Статут. У Праграме, у адмысловым разьдзеле "Сувэрэнітэт", было выказанае патрабаваньне юрыдычных гарантыяў выхаду Беларусі са складу СССР, вяршэнства беларускіх законаў над саюзнымі. Эканамічны блёк палягаў на прынцыпе эканамічнай самастойнасьці рэспублікі і роўнасьці ўсіх формаў уласнасьці. БНФ патрабаваў забесьпячэньня правоў чалавека і адмены 6-га артыкула Канстытуцыі, які замацоўваў кіруючую ролю КПСС.

Асобнай тэмаю быў Чарнобыль.

Ва ўхвале аб пераадоленьні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы ўпершыню было заяўлена пра небясьпечны рост ракавых захворваньняў, пра тое, што пятая частка ворнай зямлі Беларусі непрыдатная для выкарыстаньня

Было запатрабавана зьняць сакрэтнасьць з інфармацыі пра стан радыяцыі, спыніць пасыланьне моладзі і дзяцей на сельскагаспадарчую і любую іншую працу ў радыяцыйна забруджаныя раёны.

Менавіта на ўстаноўчым з'езьдзе БНФ упершыню - у адмысловай ухвале - было заяўлена, што Беларусь павінна стаць бяз'ядзернай зонай.

І, нарэшце, з'езд зьвярнуўся да народаў СССР і народаў сьвету, да беларускай дыяспары з просьбай аб дапамозе ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, асабліва ў справе паставак радыямэтрычнага і дыягнастычнага медыцынскага абсталяваньня.

Быў абраны Сойм БНФ у складзе 55 асобаў, і сярод іх - Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Старшынёй Сойму БНФ з'езд абраў Зянона Пазьняка, ягонымі намесьнікамі - Міхася Ткачова і Юрася Хадыку.

Пазьней афіцыйная прапаганда будзе папракаць Фронт у імкненьні прымусовай беларусіфікацыі. Уласна, гэтая тэза і цяпер застаецца асноўным стрыжнем афіцыйнай антыбэнээфаўскай прапаганды.

Наколькі апраўданыя былі папрокі?

Ва Ўхвале з'езду "Пра дзяржаўнасьць беларускай мовы", дзе заяўлена, што БНФ усімі законнымі захадамі будзе імкнуцца да вяртаньня беларускай мове статусу дзяржаўнай, адначасна гаварылася, цытую:

"У той жа час БНФ "Адраджэньне" выступае за гарантыю свабоднага функцыянаваньня моваў усіх нацыянальных меншасьцяў Беларусі, за веданьне работнікамі кіраваньня і абслугі як беларускай, так і рускай моваў" - канец цытаты. Ва ўхвале "Аб міжнацыянальных адносінах на Беларусі" заяўлялася, што БНФ зробіць усё, каб захаваць і ўмацаваць найвышэйшуцю нашую каштоўнасьць - традыцыйную узаемапашану, цярпімасьць адзін да аднаго.

Дарэчы, ва ўхвале "Аб пераадоленьні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы" было выказана спачуваньне народам Расеі і Украіны, якія таксама пацярпелі ад Чарнобыля і заяўлена пра неабходнасьць СУПОЛЬНЫХ дзеяньняў дзеля пераадоленьня вынікаў катастрофы.

Такім чынам, на з'езьдзе быў аформлены рух, які выказаўся за шырокае супрацоўніцтва з усімі плыянмі грамадзтва, якія падтрымлівалі дэмакратызацыю.

Шмат якія праграмныя палажэньні БНФ, закладзеныя на тым з'езьдзе, якія большасьці насельніцтва здаваліся нерэальнымі альбо абсурднымі - незалежнасьць, дзяржаўнасьць беларускай мовы, стварэньне ўласнага войска і ўласнай грашовай сыстэмы, вяртаньне гістарычнай сымволікі - былі зьдзейсненыя. У чым палягалі здабыткі БНФ, а ў чым - пралікі?

Вось як разважае пра гэта Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) "У прынцыпе, кіраўніцтва Фронту і аргкамітэт улавілі вельмі дакладна самае галоўнае, самае важнае - што калі зьявілася магчымасьць беларускай нацыі , беларускаму народу адчуць сябе самастойным, незалежным, сувэрэнным, — гэта трэба падтрымаць. Вось гэта, я думаю, шчасьце Беларускага Народнага Фронту, бо ніякая іншая партыя так дакладна і так адназначна гэтага не заявіла.

У чым недахоп? Як сёньня я так разважаю, недахоп у тым, што Беларускі Народны фронт быў залішне рамантычны тады. Ён сапраўды хацеў нейкіх рэчаў, прыгожых, сьвятых, важных, але ён не разумеў, што ёсьць рэальны народ. Можа быць, не народ, а - рэальнае насельніцтва, рэальныя людзі. Якія не таму, што яны супраць ідэяў Народнага Фронта, а таму што яны яшчэ не дарасьлі, не зразумелі гэтага. І яны пад дзікім прэсам афіцыйнае прапаганды (я, напрыклад, лічу, што цяпер гэты прэс стаў яшчэ больш жахлівым, чым тады, ў тыя гады), — яны супраціўляліся таму, што гаварыў Народны фронт. Не таму, што яны былі супраць гэтых ідэяў, а таму, што яны не разумелі, яны не былі гатовыя. Яны хацелі жыць прывычна, а прывычка была савецкая. Пастулаты былі ўбітыя ў іх школаю, выхаваньнем, жыцьцём. І вось кіраўнікі Беларускага Народнага Фронта, на жаль, гэтага альбо ня ўлічвалі, альбо не зусім разумелі. І яны тым самым, можа - сьвядома, можа - несьвядома, адштурхнулі ад сябе вельмі шмат тых беларусаў, якія гатовыя былі б пайсьці за Беларускім Народным Фронтам, калі б ён быў не такі радыкальны".

Меркаваньне на гэты конт Зянона Пазьняка.

(Зянон Пазьняк: ) "Ну дык якая можа быць меньш радыкальная пазыцыя? Радыкальнай пазыцыі не было ўвогуле. Пазыцыя была такая, што трэба, каб чалавек ведаў мову, ведаў сваю гісторыю, паважаў сабе як асобу, паважаў сваю гісторыю, стараўся б аб рэалізацыі сваіх дзяржаўных інтарэсаў. Гэта - пазыцыі нармальнага чалавека. Элемэнтарныя пазыцыі. І што, ад такіх пазыцыяў адыходзіць? Якія тады ёсьць іншыя пазыцыі. Іншыя пазыцыі - ёсьць толькі пазыцыі наменклятуры, якая трымала ўсю ўладу. Гэта значыць, што трэба было згадзіцца з намэнклятурнай пазыцыяй. Тут не было ніякага выбару, бо справа ішла аб уладзе наменклятуры. Калі ставілася пытаньне аб беларускай школе - то гэта не радыкалізм. Гэта нармальная з'ява. Чалавек павінен вучыцца, павінен есьці, павінен працаваць і павінен адпачываць. Гэта элемэнтарныя рэчы. І калі ставіцца такая мэта, то ўлада павінна б была гэтую задачу ажыцьцяўляць. А яны не ажыцьцяўляюць гэтую задачу. Ні адной беларускай школы не было ў Менску. І, фактычна, па ўсёй Беларусі яны зьнішчаліся. Якая магла быць меньш радыкальная пазыцыя да ўлады? Пра што зь ёй можна было тады гаварыць? Таму пазыцыя была акрэсьленая вельмі ясная і простая: мы вас прымаем як аб'ектыўную рэальнасьць, вы ёсьць, ёсьць вашая ідэялёгія. Але давайце вырашым усё дэмакратычнымі выбарамі. І вось на гэта яны не пайшлі".

Чым павінен быць Фронт - арганізацыяй, мэта якой - узяць уладу, ці вяшчуном нацыянальных ісьцінаў? Прыхільнікі першага падыходу могуць справядліва сьцьвярджаць, што без улады немагчыма захаваць сувэрэнітэт, ажыцьцявіць беларусызацыю ды іншыя праграмныя мэты БНФ. На гэта - і таксама не без падставаў - іхныя апанэнты прывядуць доказы, што калі б БНФ у свой час ня ўзьняў тэмы, слушнасьць якіх у большасьці насельніцтва пакуль яшчэ выклікае сумнеў, — пра нацыянальнае адраджэньне даўно б маглі забыцца.
Выглядае, што гэтая дылема - ці варта пайсьці на кампрамісы ў мэтах атрыманьня ўлады, ці змагацца за маральнасьць у палітыцы, -- менавіта сёньня зрабілася прычынаю падзелу ў цяперашнім БНФ.

Але - вернемся ў 1989 год. Пытаньне да Зянона Пазьняка.

(Навумчык: ) Калі б Вы вярнуліся ў той час, лета 1989 году, — што б Вы зрабілі ня так? З улікам сняшняга Вашага вопыту?

(Пазьняк: ) "У 89-годзе, як і ўвогуле за ўвесь гэты перыяд першапачатковы, ўсё было зроблены "звыштак". Гэта цуд, што ў краіне, дзе было затаптана ўсё, дзе людзі задавалі пытаньне "Навошта гэтая беларуская мова?", і толькі адзінкі дапускалі сувэрэннае існаваньне, што за вельмі кароткі перыяд удалося падняць гэтыя ідэі на шчыт нацыянальнай палітыкі. І атрымаць значную падтрымку людзей. Я не бачу зараз ніякіх стратэгічных ці тактычных памылак у той час. Трэба было падняць нацыянальны сьцяг, трэба было голасна сказаць "Мы за Беларусь! Мы за беларускую мову! Мы за нашую культуру, за нашую гісторыю, за нашае існаваньне. Хто яшчэ жывы? Хто — з намі? Падымайце галовы! Станавіцеся побач!". Іншай тактыкі не было. Ня можна было прыкідвацца, нешта там рабіць, бо была цішыня. Трэба было, каб прагучаў голас, голас у пустыні. Каб усё жывое паднялося.І вось гэта было зроблена. І ісьціна была сказаная. І ісьціна падняла людзей.

І яшчэ меркаваньне двух ўдзельнікаў з'езду - Віктара Івашкевіча і Уладзімера Арлова.

(Івашкевіч: ) "Я думаю, што якраз на Першым з'езьдзе адпаведныя настроі былі на максымальна шырокі рух. І наколькі я памятаю працу аргкамітэту, рабіліся ўсе намаганьні, каб знайсьці і неяк закантактаваць з тымі адзінкамі ў камуністычнай намэнклятуры, якія схіляліся да разуменьня нацыянальнай ідэі, дэмакратыі. Я думаю, што далейшыя паразы зьвязаныя ня з тым, што напачатку былі няслушна закладзеныя ідэі. Таму што, зноў жа, падкрэсьліваю, ідэі былі максымальна шырокага руху, хаця большасьць у аргкамітэце былі антыкамуністы, але мы адчынілі дзьверы і для камуністаў у Народны фронт і ўвялі ў кіраўніцтва членаў камуністычнай партыі. На з'езьдзе былі прадстаўленыя і расейскамоўныя дэмакратычныя суполкі, а ня толькі беларускамоўныя культурніцкія. А далей паразы былі ад парушэньня тых прынцыпаў шырокага руху, і ў выніку звужэньня вось гэтага шырокага фронту шляхам адсячэньня недастаткова нацыянальных, недастаткова дысцыплінаваных, недастаткова ідыялягічна вывераных членаў шырокага народнага руху БНФ, які запачаткоўся ў канцы 88 году".

(Арлоў: ) "Я лічу, што ў той час Фронт паводзіў сябе бездакорна. І калі б ён быў меньш рэзкі, то заваявана было б значна меней".

Дык якую ж ролю ў беларускай гісторыі, паводле ацэнкі ягоных удзельнікаў, адыграў устаноўчы з'езд БНФ?

(Івашкевіч: ) "Былі ў поўны рост паднятыя бел-чырвона-белы сьцяг і ідыялы Незалежнасьці, дэмакратыі, эўрапейскага шляху разьвіцьця. І гэта было галоўнае — прапагандысцкае значэньне і штуршок для распаўсюджваньня ў беларускім грамадзстве вось гэтых ідэяў".

(Данута Бічэль-Загнэтава: ) "Канечне, гэта быў з'езд спадзяваньняў, і дасягнулі мы мэты, таму што быў створаны рух, які працаваў вось гэты час, ён пэўныя задачы выканаў. Таму што выгнаў з палацаў камуністаў, стварыў сувэрэнную Беларусь. Мы ж жывем у сувэрэннай Беларусі, хай сабе яна цяпер не такая, як нам хацелася б".

(Арлоў: ) "Я думаю, што калі б не адбыўся устаноўчы з'езд Беларускага Народнага Фронту, Беларусь ня здолела б аднавіць сваю незалежнасьць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG