Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 чэрвеня 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Праект саюзнай дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй павінен абмяркоўвацца на паседжаньні парляманцкага сходу 2 ліпеня ў Менску. Існуюць дзьве групы, якія распрацоўваюць гэты праект, і пакуль яшчэ паміж імі існуюць прынцыповыя разыходжаньні. Пра гэта заявіў сёньня старшыня Дзяржаўнай думы Расеі Генадзь Селязьнёў.

Існуюць два праекты дамовы. Першы падрыхтавала працоўная група з прадстаўнікоў прэзыдэнтаў і ўрадаў дзвюх краінаў. Другі праект - плён працы парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі. Сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Генадзь Селязьнёў сёньня прызнаў, што паміж двума варыянтамі "даволі шмат прынцыповых разыходжаньняў". Разыходжаньні тычацца, найперш, кампэтэнцыі саюзнага ўраду і саюзнага парляманту. Дэпутаты парлямэнцкага сходу лічаць, што саюзныя структуры павінны мець значныя паўнамоцтвы, у тым ліку прымаць законы і рашэньні, абавязковыя для выкананьня ў абедзьвюх краінах. Сыстэма, якую прапануе другая група распрацоўшчыкаў, фактычна захоўвае сёньняшнюю сытуацыю, калі ўсе рашэньні выканаўчых структураў саюзу маюць неабавязковы характар. Паводле словаў Селязьнёва, ужо створаная працоўная група, якая паспрабуе за тыдзень зрабіць адзіны варыянт дамовы. У некаторых дэпутатаў гэтая спроба выклікае сумнеў. На іх погляд, даволі цяжка спалучыць гэтыя два праекты, бо разыходжаньні паміж імі канцэптуальныя. Альбо новы саюз будзе ісьці шляхам Эўрапейскага Зьвязу, альбо - ствараецца беларуска-расейская канфэдэрацыя. Такую думку, у прыватнасьці, выказаў у інтэрвю радыё "Свабода" сябра камісіі ў міжнародных справах Дзярждумы Уладзімір Аверцаў. На думку дэпутата, Расея не павінная сьпяшацца. Калі ў Беларусі ёсьць свае інтарэсы ў хутчэйшым зьбліжэньні з Расеяй, лічыць дэпутат, то Расея павінная зьвяртаць увагу на палітычную сытуацыю ў Беларусі і "неспалучальнасьць нашых палітычных сыстэмаў".

Магчыма, дэпутатам міжпарляманцкага сходу прыдзецца пагадзіцца з менш радыкальным плянам інтэграцыі. Уладзімер Аверцаў патлумачыў гэта так: "Любыя радыкальныя рашэньні кшталту стварэньня адзінай дзяржавы ці канфэдэрацыі патрабуюць такіх гіганцкіх зьменаў у Канстытуцыях, што гэта малаверагодна". Да таго ж варта дадаць, што ў Расеі зьмяненьне Канстытуцыі - гэта вельмі складаны і працяглы працэс. Калі пайсьці такім шляхам, дык дамову сёлета падпісаць не атрымаецца. Дэпутаты гэта цудоўна разумеюць. Генадзь Селязьнёў ужо заявіў, што выбары ў "саюзны парлямант" трэба арганізаваць так, каб не ўносіць зьмены ў Канстытуцыю. Селязьнёў не выключыў нават, што з гэтай мэтай будзе падрыхтаванае спэцыяльнае міждзяржаўнае пагадненьне, якое ратыфікуюць парляманты.

(Вядучы ў студыі: ) Віктар, а што ў гэтых праектах сказана пра пасаду прэзыдэнта?

(Дзятліковіч: ) Самае дзіўнае - гэта тое, што ні ў адным з варыянтаў, якія сёньня разглядаюцца, няма пасады агульнага прэзыдэнта. Мне падаецца, што адна з прычынаў - гэтая ідэя выклікала даволі негатыўны рэзананс у расейскім грамадзтве. Прычым баяцца больш не таго, што ўладу ў Расеі захопіць Лукашэнка, а супраць пасады агульнага прэзыдэнта выступае нават левая камуністычная апазыцыя. У Расеі пасаду гэтую разглядаюць як спробу працягнуць трэці прэзыдэнцкі тэрмін Барысу Ельцыну.

(Вядучы ў студыі: ) Відавочочна, што Крэмль трымае гэта як варыянт далейшай легітымізацыі ўлады Ельцына. Як дэпутаты ўспрымаюць такі варыянт?

(Дзятліковіч: ) Пра такі варыянт у расейскай прэсе, сапраўды, пішуць ці ня кожны тыдзень. Фактычна, абраньне Ельцына на пасаду агульнага прэзыдэнта Расеі і Беларусі застаецца зараз адзінай магчымасьцю працягнуць паўнамоцтвы, бо Канстытуцыйны Суд Расеі даўно прызнаў, што балатавацца на трэці тэрмін у прэзыдэнты Расеі Ельцын ня можа. Дэпутаты Дзярждумы і ўвогуле расейская палітычная эліта зьвяртаюць вялікую ўвагу на такія публікацыі, бо яны баяцца, што такім чынам атачэньне Ельцына паспрабуюць працягнуць ягоныя паўнамоцтвы. І ў нейкім сэнсе гэта на руку праціўнікам інтэграцыі, бо камуністычная апазыцыя ня можа цяпер актыўна выступіць за радыкальны плян інтэграцыі, бо любы радыкальны плян - можа мець вынікам "трэці тэрмін" Ельцына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG