Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 1999 г.


Прэсавая служба Рады бясьпекі абвесьціла пра арышт вядомага прадпрымальніка Віктара Лагвінца, які , паводле вэрсыі праваахоўчых ворганаў, узначальваў злачынную групоўку, зьвязаную з дырэктарам беларускага металургічнага завода Юрыям Феакціставым. Ня меншую цікавасьць выклікаюць і сувязі Лагвінца з бліжэйшым атачэньнем беларускага прэзыдэнта.

На падставе зьвестак, сабраных з самых розных крыніцаў, арыштаваны Віктар Лагвінец - асоба, дастаткова вядомая ў бізнесе і ўплывовая ва ўладных структурах (калі дапушчальна гэтак казаць пра чалавека, які ўжо два дні знаходзіцца за кратамі). Прэсавая служба Рады бясьпекі паведамляе толькі, што Лагвінец - прэзыдэнт закрытага акцыянэрнага таварыства "Канта-груп" і што шматлікія камэрцыйныя структуры пад ягоным кіраўніцтвам наладзілі крымінальную сувязь са службовымі асобамі беларускага металургічнага заводу.

Не паведамляецца галоўнае - пад чыім патранажам працаваў у апошнія гады Віктар Лагвінец. Ёсьць меркаваньне, што ягоным патронам быў ніхто іншы, як кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў. У прыватнасьці, парлямантарый Анатоль Лябедзька адназначна назваў яго "правай рукой" Ціцянкова ў бізнэсе, а вядомы экспэрт у галіне прадпрымальніцтваАляксандар Патупа дадае, што ён - усяго толькі адна са шматлікіх "правых рук" Ціцянкова. Пры гэтым спадар Патупа заўважае, што Лагвінец ніколі ня быў сябрам Саюза прадпрымальнікаў. Пра што там не шкадавалі, бо наперадзе яго заўсёды бегла слава чалавека, які дапамагае людзям пры ўладзе зарабляць грошы на незаконных гандлёвых апэрацыях.

Паводле зьвестак аднаго з дэпутатаў так званага "нацыянальнага сходу", які пагадзіўся падзяліцца інфармацыяй пры ўмове захаваньня інкогніта, Лагвінец займае моцныя пазыцыі ў гандлі палівам, металам, будаўнічыміматэрыяламі, мінэральнай вадой. А пачынаў ён свай шлях у бізнэсе ў якасьці аднаго з акцыянэраў цэментна-шыфернага камбінату ў Крычыве. Ужо гэта сьведчыць на карысьць вэрсыі пра тое, што ён уваходзіць у "магілеўскую групу" - якую увасабляюць Ціцянкоў, Канаплёў, ды іншыя землякі беларускага прэзыдэнта.

Паводле меркаваньняў экспэртаў у справах ценявога бізнэсу, гэтая група даўно вядзе барацьбу за сфэры ўплыву з прадстаўнікамі так званай "кебічаўскай групы", найбольш вядомым прадстаўніком якой называюць кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхаіла Мясьніковіча. Паводле чутак, арыштаваны ў панядзелак генэральны дырэктар металургічнага завода ў Жлобіне Феактыстаў, з'яўляецца якраз чалавекам з групы Мясьніковіча. У пэўным сэнсе, арышт Феактыстава - гэта моцны ўдар па кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі, справакаваны, магчыма, ня без удзелу Івана Ціцянкова.

А вось тое, што пасьля Феактыстава быў арыштаваны і Лахвінец, экспэрты называюць "ходам у адказ". Пры гэтым не выключаецца, што Лагвінец мог мець камерцыйныя кантакты як з адной, гэтак і з другой групоўкай. І гэта якраз яму пашкодзіла, бо зараз яго будуць выкарыстоўваць у якасьці крыніцы інфармацыі і супраць Ціцянкова, і супраць Мясьніковіча.

Як лічыць Лябедзька, "падобна на тое, што групоўкі не самі па сабе зводзяць рахункі між сабою, а гэта правакуецца загадам зь верху, каб падтрымліваць "балянс сілаў" у бліжэйшым асяродьдзі прэзыдэнта".

А вось Аляксандар Патупа бачыць ва ўсім гэтым сувязь з ранейшым арыштам прадпрымальніка Эдуарда Эйдзіна. На думку Патупы, улада рыхтуе нешта кшталту "працэсу прампартыі", які быў у сталінскія часы, каб на дырэктароў і бізнэсоўцаў перакласьці адказнасьць за развал эканомікі і зьбядненьне насельніцтва.

Алег Грузьдзіловіч, Менск s

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG