Як паведамляе агенцтва БелАПАН, старшыня Саюзу Беларускiх Пiсьменьнiкаў паэт Уладзiмер Някляеў не выключае, што зьвернецца да ўладаў Польшчы з просьбай даць яму палiтычны прытулак. У тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН сп. Някляеў, якi знаходзiцца цяпер у Варшаве, паведамiў, што такi варыянт яго далейшых паводзiнаў выклiканы «сытуацыяй, пры якой усе абставiны ўзаемадапаўняюць адна адну». Адначасова, заўважыў ён, «я цяпер ня столькi займаюся палiтыкай, колькi мэдыцынай, у сувязi зь нядаўна перанесеным iнсультам». Паводле сп. Някляева, з-за ўзнiклых «вельмi сур'ёзных Праблемаў са здароўем яму неабходна зараз заняцца сабою». Сп. Някляеў, якi прыехаў у Варшаву для ўдзелу ў мiжнародным сэмiнары лiтаратураў 20 чэрвеня, заявiў журналiстам пра тое, што не зьбiраецца вяртацца ў Беларусь. Нагадаем, што нядаўна старшыня СБП выступiў на старонках незалежнай газэты «Народная воля» з рэзкай крытыкай дзяржаўнай палiтыкi ў сфэры беларускай мовы, нацыянальнай гiсторыi i культуры, а таксама атачэння прэзыдэнта Беларусi, у прыватнасьцi вiцэ-прэм'ера Ўладзiмера Замяталiна, якi курыруе ва ўрадзе пытаньнi адукацыi i культуры. БелаПАН
Самае папулярнае
1