Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 чэрвеня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Койданава

Учора вечарам Койданаўская суполка БНФ выключыла з Народнага Фронту Тацьцяну Ваніну - лідэра дэмакратычнага Жаночага руху "Адраджэньне Айчыны", каардынатара выбарчага штабу Міхаіла Чыгіра, жыхарку мястэчка Койданава.

Адказ на пытаньне - "У чым канкрэтна вінаватая сп.Ваніна перад БНФ?", я атрымаў яшчэ да пачатку сходу Койданаўскай суполкі Народнага Фронта, бо сябры арганізацыі дружна заявілі мне: кожны зь іх ужо даўно прыняў для сабе рашэньне, і яно не на карысьць спадарыні Ванінай.

Вось што , напрыклад, сказаў Уладзімер Рапштына:

(Рапштына: ) "Яна зьбірала подпісы за Чыгіра і плаціла на іх, на жаль".

А вось словы Алены Дубраўской:

(Дубраўская: ) "Яна здрадзіла Фронту. Яна перайшла да Чыгіра, бо там - грошы".

Больш падрабязна пра тое, чаму сябра БНФ Тацьцяна Ваніна не павінна была падтрымліваць кандыдата ў прэзыдэнты міхаіла Чыгіра, мне растлумачыў старшыня суполкі Міхась Цішук:

(Цішук: ) "У БНФ да Чыгіра маюцца вялікія прэтэнзіі пад час таго, калі ён быў старшынём ураду Беларусі. Таму што дастаткова прыгадаць, напрыклад, вясну 1996 года, калі пабоішчы на вуліцах Менску бачыў увесь сьвет, а старшыня ўраду Чыгір у той час не рабіў ніякіх заяваў, не выходзіў у адстаўку. Такім чынам, калі чалавек удзельнічае ў кампаніі на баку Чыгіра, то ў Фронце ён быць ня можа, таму што цярпелі ў асноўным пад час гэтых падзеяў сябры БНФ".

Заўважу, што працэдура выключэньня Тацьцяны Ванінай з БНФ прайшла без праблемаў. На прыняцьце выраку не паўплывала нават тая акалічнасьць, што на сходзе адсутнічала сама спадарыня Ваніна.

Як потым мне патлумачыла Тацьцяна Уладзіміраўна, яна з прычыны працягласьці свайго працоўнага дню ў Менску ня здолела ўчора да 18 гадзінаў вярнуцца са сталіцы ў Койданава.

Вось што мяркуе з нагоды свайго выключэньня з БНФ Тацьцяна Ваніна.

(Ваніна: ) "Я прыняла рашэньне ўвайсьці ў каманду Чыгіра ў сьнежні, тады, калі ўдзелам Пазьняка ў гэтай кампаніі нават ня пахла. Я лічу, што Зянон Пазьняк рукамі рэгіянальных суполак распраўляецца з усімі, на каго "займеў зуб" падчас гэтай кампаніі. "Справа Ванінай" разглядалася двойчы - першы раз на сходзе ў Койданаўскай радзе, але тады не было вырашана, хоць там было людзей паболей, і ўзьнікла пытаньне, чаму такая сьпешка, і гэтак далей. І Цішук вырашыў расправіцца са мной ужо на сходзе суполкі, дзе менш людзей, дзе лягчэй яму правесьці працу адпаведную. Пазьняк прыватызаваў Фронт. Але мы ўступалі ў Беларускі Народны Фронт не таму, што лідарам быў Пазьняк. Нас прываблівала сама ідэя стварэньня сапраўды незалежнай краіны."

Тацьцяна Ваніна абвергла абвінавачваньні наконт атрыманьня ёю грошай ад Чыгіра дзеля подкупу выбаршчыкаў, і высокіх ганарараў за сваю працу ў ягоным перадвыбарчым штабе. Яна паведаміла, што з нагоды свайго выключэньня з БНФ зьбіраецца падаваць апэляцыю на разгляд Сойму БНФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG