Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Старшыня Камітэту Міністраў Рады Эўропы, прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі і генэральны сакратар Рады Эўропы выступілі з дэклярацыяй, у якой падтрымалі высновы АБСЭ адносна выбараў у мясцовыя саветы Рэспублікі Беларусь у красавіку і прэзыдэнцкіх выбараў, праведзеных Вярхоўным Саветам XIII скліканьня ў траўні.

Кампанія выбараў прэзыдэнта ахарактарызавана ў дэклярацыі як «кансультацыя з выбаршчыкамі». Кіраўніцтва Рады Эўропы таксама заявіла, што арышт былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра супярэчыць прынцыпам, якіх прытрымваюцца краіны-ўдзельніцы Рады Эўропы, і заклікала беларускі ўрад вызваліць былога прэм'ера з-пад варты.

Кіраўнікі Рады Эўропы выказалі сваё цьвёрдае перакананьне ў тым, што палітычныя партыі і дзеячы Беларусі павінны мець магчымасьць бесьперашкодна зьвяртацца да выбаршчыкаў, а народ Беларусі павінен мець права выбіраць сваіх прадстаўнікоў на сапраўды свабодных і дэмакратычных выбарах.

Кіраўніцтва Рады Эўропы лічыць, што палітычныя партыі і кандыдаты павінны мець магчымасьці, улучна зь фінансавымі, для арганізацыі поўнамаштабнай выбарчай кампаніі і доступ да любых друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку да фінансаваных дзяржавай.

Як гаворыцца ў дэклярацыі, павінен быць пакладзены канец антыдэмакратычнай практыцы ўвязваньня адміністрацыйных правапарушэньняў з магчымасьцю вылучэньня кандыдатаў. У дэклярацыі адзначаецца, што, як прынята ва ўсіх дэмакратычных краінах, палітычным партыям павінна належаць вядучая роля ў вылучэньні кандыдатаў у выбарныя ворганы. Адначасова працоўныя калектывы, чые дзеяньні абмежаваныя вытворчай дысцыплінай, а кар'ера членаў гэтых калектываў шмат у чым залежыць ад кіраўніцтва дадзенага прадпрыемства, ня могуць адыгрываць якойсьці ролі ў выбарчым працэсе.

Кіраўніцтва Рады Эўропы таксама лічыць, што выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў павінны фармавацца паводле прынцыпаў, ухваленых усімі палітычнымі сіламі, якія бяруць удзел у выбарах.

У канцы дэклярацыі лідэры Рады Эўропы падкрэсьліваюць, што свабодныя і дэмакратычныя выбары пры ўмове падтрымкі іх міжнароднай супольнасьцю і прысутнасьці міжнародных назіральнікаў стануць першым крокам на шляху аднаўленьня дачыненьняў паміж Беларусьсю і Радай Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG