Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня, за тры дні да пачатку сустрэчы ў Бухарэсьце, арганізаванай рабочаю групаю АБСЭ, стала вядома, што прадстаўнікі ўладаў Беларусі альбо ўжо адмовіліся ад запрашэньня альбо адмаўляюцца пацьвердзіць свой удзел у ёй. Між тым прадстаўнікі апазыцыі па-ранейшаму маюць намер ехаць на бухарэсцкую сустрэчу, хоць і ацэньваюць ейныя пэрспэктывы, мякка кажучы, скептычна.

Сьпіс удзельнікаў бухарэсцкай сустрэчы 11-14 чэрвеня неафіцыйным шляхам трапіў у незалежныя беларускія СМІ яшчэ некалкькі тыдняў таму. Асабістыя запрашэньні за подпісам кіраўніка кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску накіроўваліся прадстаўнікам уладаў, апазыцыі і трэцяга сэктару. нягледзячы на гэта ў місіі АБСЭ ў Менску да сёньняшняга дня адмаўляюцца паведаміць якую-небудзь інфармацыю адносна праграмы, складу ўдзельнікаў і нават самога факту мерапрыемства.

Магчыма, гэта зьвязана з тым, што некалькі афіцыйных асобаў зь беларускага боку ўжо адмовіліся ад запрашэньня. Сярод іх называюцца імёны найбольш высокапастаўленых чыноўнікаў зь ліку запрошаных — намесьніка старшыні «палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу» Ўладзімера Канаплёва ды прадстаўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Абрамовіча. У абедзьвюх гэтых установах, а таксама ў Міністэрстве Замежных Справаў Беларусі, як і ў місіі АБСЭ, катэгарычна адмаўляюцца камэнтаваць факт будучай сустрэчы ў Бухарэсьце. У МЗС яе асьцярожна называюць «уласнай ініцыятывай Адрыяна Сэвэрына», які ўзначальвае спэцыяльную рабочую групу АБСЭ ў справах Беларусі.

Сярод тых, хто трапіў у сьпіс запрошаных у якасьці афіцыйных асобаў, толькі намесьнік старшыні Фэдэрацыі Прафсаюзаў Беларускай Франц Вітко ахвотна пацьвердзіў свой удзел у будучых перамовах у Бухарэсьце.

З свайго боку пацьвярджаюць свой плянаваны на чацьвер выезд на сустрэчу прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Адзін зь іх, старшыня Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч, аднак, падкрэсьліў у інтэрвію для Радыё Свабода, што на гэтую сустрэчу ня варта ўскладаць вялікіх спадзяваньняў.

(Статкевіч:) «Па-першае, я хацеў бы сказаць, што ня трэба ўскладваць шмат спадзяваньняў на гэтую сустрэчу. «Нефармальны дыялёг» — так абазвалі гэтую сустрэчу яе арганізатары. Але тут трэба заўсёды памятаць, што ў гэтага дыялёгу ёсьць тры бакі — апазыцыя, рэжым і Захад. І цяпер проста ў гэтай сытуацыі — паедзе там хто з вэртыкалі ці не — апазыцыя павінна даць ясны сыгнал і ўнутры краіны, і Захаду, што мы гатовыя да дыялёгу. Бо, на жаль, супраць нас у Эўропе вельмі часта выкарыстоўваецца аргумэнт, і яго паўтараюць у тым ліку і некаторыя прадстаўнікі АБСЭ, што беларуская апазыцыя «страціла пачуцьцё рэальнасьці» і яна супраць дыялёгу. Мы можам і хацелі б удзельнічаць у дыялёгу. Зараз проста трэба даць такі сыгнал. Рэальна да чаго можа прывесьці гэтая сустрэча — гэта будзе нешта накшталт сэмінару. Ня трэба спадзявацца, што вельмі хутка мы прымусім Лукашэнку да дыялёгу і саступак. Гэта дастаткова доўгі працэс».

У кожным выпадку адсутнасьць на сустрэчы высокіх асобаў з колькі-небудзь сур'ёзнымі ўладнымі паўнамоцтвамі стане расчараваньнем. Але расчараваньнем хутчэй не для апазыцыі, а для тых чыноўнікаў з АБСЭ, якія зноў спрабуюць рабіць стаўку на дыялёг зь цяперашнім рэжымам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG