Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня стала вядома, што Расея адмовілася выплаціць лёнданскаму клюбу крэдытораў 216 мільёнаў даляраў у котш пагашэньня працэнтаў па зьнешняй запазыцы. У шэрагу выпадкаў міжнародная супольнасьць даравала краінам, якія сталі на рынкавы шлях разьвіцьця, былыя запазыкі. Расея не належыць да такіх краінаў, - але можа здарыцца, што Масква так ніколі і ня сплоціць запазыкі былога СССР з іншых прычынаў. Што, у сувязіі з гэтым, набыла ці згубіла Беларусь?

Дамова аб стварэньні СНД і шэраг пагадненьняў, падпісаных кіраўнікамі новых незалежных краінаў, прадугледжвалі, што адзінай спадкаемцай запазыкаў СССР будзе Расейская фэдэрацыя. Іншымі словамі, Расея ўзяла на сабе выплату запазыкаў - але пры гэтым кіраўнікі былых савецкіх рэспублік пагадзіліся, што і ўся маёмасьць СССР за мяжой пераходзіць пад юрысдыкцыю Расеі.

Як потым стала вядома, пакеты дакумэнтаў, прынятых і ў Віскулях, і потым, праз тры тыдні, у Алма-Аце, распрацоўваліся расейскім бокам. Пад час Віскулёў з Шушкевічам і Кебічам, як вядома, не было спэцыялістаў у сфэры міжнароднага права; асноўным кансультантам, як выглядае, быў міністар замежных справаў Пётра Краўчанка.

Цяперашнія расейскія шавіністы дарэмна папракаюць Гайдара і Бурбуліса здрадаю расейскіх нацыянальных інтарэсаў; тое, што здабылі і у тыя дні "маладыя рэфарматары" Расеі, вымяраецца дзясяткамі, калі ня сотнямі мільярдаў - зразумела, ў цьвёрдай валюце.

Бо Расеі засталіся ня толькі будынкі амбасадаў ў больш як сотні краінаў, якія пераважна не набываліся да 17 году (як так званая "старая амбасада" ў Парыжы), а будаваліся ў савецкія часы (як у тым жа Парыжы - новы будынак, які займае цэлы квартал). Прыхільнікі Савецкага Саюзу любяць нагадваць, што у аднаўленьні зруйнаванай Беларусі - праца "усіх народаў СССР". Несумненна, што і будынкі амбасадаў набываліся альбо ўзводзіліся ў тым ліку і коштам працы беларусаў. Сёньня вельмі цяжка вызначыць долю Беларусі ў нерухомасьці, правапераемніцай якой зрабілася Расейская Фэдэрацыя. Аднак несумненна, што яна складае дзясяткі і дзясяткі мільёнаў даляраў.

Зусім магчыма, што яшчэ большая доля належыла і ў той маёмасьці, якая засталася на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Прыгадаем хаця б алмазны фонд і залаты запас. І, нарэшце, флёт - дзясяткі караблёў і падводных лодак, коштам кожнай зь якой можна было б адбудаваць горад памеру Навалукомля ці Сьветлагорска.

Але ёсьць і тое, што вымярыць грашыма немагчыма. У сховішчах расейскіх музэяў ды архіваў застаюцца шмат якія рэліквіі беларускай гісторыі і культуры. Некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што менавіта ў Расеі захоўваецца Крыж Ефрасіньні Полацкай; расейскія абласныя галэрэі маюць палотны Марка Шагала, вывезеныя з Віцебскага краязнаўчага музэю ў першыя дні вайны.

Сённьня можна сказаць, што калі б у 91-ым годзе кіраўнікі былых савецкіх рэспублікаў запатрабавалі сваю долю маёмасьці СССР, дык расейскае кіраўніцтва магло б і не пагадзіца на развал Саюза. Аднак гэта ня так: у той момант менавіта Елдьцын быў асноўным ініцыятарам ліквідацыі СССР, менавіта ён, а не Краўчук ці Шушкевіч , імкнуўся выселіць з Крамля Гарбачова — і, напэўна, пагадзіўся б на любыя ўмовы. Ва ўсялякім разе, беларускае кіраўніцтьва магло б пратакольна зафіксаваць прэтэнзіі на долю маёмасьці былога СССР - і гэтага было б дастаткова, каб праз шмат гадоў распачаць пэўныя юрыдычныя працэдуры.

Магчыма, шанец застаецца і цяпер, аднак ў дачыненьні да сёняшняй Беларусі ён палягае не ў міжнародна-праваой, а ў палітычнай плоскасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG