Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 траўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня завяршыла сваю працу ў Менску місія Міжнароднага Валютнага Фонду. На працягу дзесяці дзён экспэрты гэтага вядучага фінансавага інстытуту сьвету вывучалі стан беларускай эканомікі. Дарэчы, сканчэньне цяперашняй місіі МВФ у Беларусі супала з завяршэньнем аднаго з этапаў іх узаемадачыненьняў.

Так сталася, што згаданая місія Міжнароднага Валютнага Фонду гэтым разам прыцягнула да сябе павышаную ўвагу айчыннай грамадзкасьці і сродкаў масавай інфармацыі. Гэта мела дзьве прычыны. Па-першае, ад місіі чакалі адказу на пытаньне, якое дагэтуль набіла аскоміну шмат каму ў Беларусі, а менавіта — ці атрымае краіна фінансавую дапамогу ад фонду ў рамках праграмы надзвычайнага і кампэнсацыйнага крэдытаваньня. Па-другое, падчас працы місіі плянаваўся прыезд у Менск высокапастаўленага чыноўніка гэтай арганізацыі — дырэктара Другога эўрапейскага ўпраўленьня Джона Одлінга-Смі.

Былі меркаваньні, што наведаньне Менску сп. Одлінгам-Смі і лёс 100-мільённага кампэнсацыйнага крэдыту — падзеі ўзаемазьвязаныя. У рэшце рэшт так і аказалася. Дырэктар упраўленьня МВФ прывёз з сабой вестку, што фонд ня мае магчымасьцяў пайсьці насустрач беларускім уладам і выдзяліць ім дапамогу на эканамічныя патрэбы краіны. Ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, што адбылася 25 траўня, засьведчыла прыкметнае разыходжаньне бакоў у ацэнках такога рашэньня фонду. Беларускі «лідэр» лічыць МВФ палітызаванай арганізацыяй, у выніку чаго тая праводзіць сваю крэдытную палітыку ў залежнасьці ад палітычнага стаўленьня да афіцыйнага Менску краінаў Захаду. У сваю чаргу высокапастаўлены супрацоўнік фонду падчас свайго цяперашняга наведаньня Беларусі яшчэ раз падкрэсьліў выключна эканамічны характар усіх рашэньняў, што прымаюцца гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыяй.

Як лічаць назіральнікі, тлумачэньне МВФ выглядае больш праўдападобным — фонд адмовіў камандзе Аляксандра Лукашэнкі ў выдзяленьні крэдыту сапраўды на падставе невыкананьня ёю дамоўленасьцяў чыста эканамічнага зьместу. МВФ назваў гэтыя нявыкананыя дамоўленасьці: Беларусь праводзіць слабую грашова-крэдытную палітыку, ажыцьцяўляе марудны прагрэс у галіне структурных рэформаў і асабліва ў сфэры лібэралізацыі валютнага рынку.

Відавочна, цяпер на парадку дня галоўнае пытаньне — якім чынам бакі будуць ладзіць свае далейшыя ўзаемадачыненьні. На сёньняшні дзень на яго не йснуе адказу. Улады Беларусі пакуль ня выказалі на гэты конт ніякай пазыцыі. Безумоўна, адмоўнае рашэньне фонду вельмі сапсавала ім настрой. А МВФ, як вынікае з выказваньняў сп. Одлінга-Смі, па-ранейшаму застаецца арганізацыяй адкрытай для супрацоўніцтва, у тым ліку ў пытаньні выдзяленьня крэдытаў. Але пры гэтым дырэктар Другога эўрапейскага ўпраўленьня падчас свайго знаходжаньня ў Менску зьвярнуў увагу на гэткую акалічнасьць: калі беларускія ўлады раптам пажадаюць яшчэ раз папрасіць крэдыт у Міжнароднага Валютнага Фонду, то яны ўжо ведаюць — якую эканамічную палітыку павінна праводзіць краіна, каб рашэньне МВФ было станоўчым.

Дарэчы, фонд з свайго боку не спыняе свайго супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Экспэрты МВФ падчас цяперашняга візыту ў Менск правялі тут шырокі збор інфармацыі аб эканамічным разьвіцьці краіны, які зьявіцца матэрыялам для грунтоўнай справаздачы аб стане й пэрспэктывах нацыянальнай эканомікі Беларусі. Мяркуецца, што гэтая справаздача ўжо празь некалькі тыдняў будзе пададзеная выканаўчай радзе дырэктароў Міжнароднага Валютнага Фонду. Пасьля гэтага дакумэнт МВФ, у якім знойдуць адлюстраваньне эканамічны аналіз і рэкамэндацыі гэтай фінансавай арганізацыі, будзе накіраваны для азнаямленьня кіраўніцтву Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG