Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 1999 г.


Кіраўніцтва НАТО неаднойчы падкрэсьлівала, што адзіная мова, якую разумее прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч — гэта мова сілы. І таму ўчора НАТО прыняло важную пастанову: колькасьць натаўскіх наземных войскаў на Балканах у раёне канфлікту будзе павялічаная амаль удвая і ў самым блізкім часе дасягне 50 тысячаў жаўнераў. Ці гэты крок сымбалізуе сабой падрыхтоўку НАТО да наземнай апэрацыі?

Павелічэньне вайсковага кантынгенту НАТО ля межаў Косава сымбалізуе сабой адпаведны паварот у стратэгічнай лініі саюзу. Напярэдадні пастановы Рады НАТО ў гэтай справе генэральны сакратар саюзу Ксавіер Саляна заявіў, што НАТО плянуе закончыць ваенную апэрацыю супроць Югаславіі да пачатку зімы, а калі гэта не атрымаецца — саюз павінен быць гатовы да наземнай апэрацыі. Праўда, тых 50 тысячаў жаўнераў, якія ў хуткім часе будуць знаходзіцца на мяжы з Косавам, яўна недадстаткова, каб эфэктыўна акупаваць край. Ваенныя экспэрты лічаць, што для наземнай вайны супроць югаслаўскай арміі патрэбна мінімум 150-200 тысячаў жаўнераў. А на падрыхтоўку гэткай арміі патрэбна шмат часу.

Між тым за мінулыя суткі авіяцыя НАТО працягвала інтэнсіўныя налёты на Югаславію. Паводле паведамленьня Пэнтагону, тры чвэрці югаслаўскай супроцьпаветранай абароны ўжо зьнішчана, і таму натаўскія самалёты лётаюць больш свабодна і нават на не такіх вялікіх вышынях. Мінулай ноччу яны скінулі бомбы на вілу і комплекс будынкаў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў Бялградзеа. Прэсавы сакратар авіяцыі НАТО генэрал Чарлз Ўолд заявіў, што бомба магутнай сілы трапіла ў падземны бункер, дзе знаходзіцца штаб югаслаўскай арміі, які кіруе ваеннай апэрацыяй у Косаве.

Збамбаваныя былі таксама камбінат мэталаканструкцыяў Сабат, каля Бялграду. Паводле заявы НАТО, гэта было зроблена дзеля таго, каб не дазволіць Югаславіі аднаўляць разбураныя ў папярэдніх налётах масты.

НАТО ацэньвае ў якасьці сваёй вялікай перамогі знішчэньне радарнай станцыі папярэджаньня ў Чарнагорыі, якая кантралявала паветраную прастору краіны з боку мора.

Праваабарончыя арганізацыі сьвету востра крытыкуюць пастанову НАТО бамбаваць сэрбскія электрастанцыі, каб пазбавіць краіну электрычнасьці. Гэта адбіваецца перш за ўсё на цывільным насельніцтве. Бялград і іншыя гарады Сэрбіі ўжо некалькі разоў заставаліся бяз току, без вады. У выніку ў шпіталях загінула некалькі нованароджаных дзяцей.

Аднак Пэнтагон у спэцыяльнай заяве сьцьвярджае, што толькі такім чынам можна зруйнаваць сэрбскую ваенную машыну і перамагчы. Электрычнасьць і нафтапрадукты — падстава яе функцыянаваньня. І калі ў першым выпадку НАТО паволі выконвае свае заданьні, дык з нафтапрадуктамі ня ўсё так проста. Нягледзячы на тое, што НАТО зьнішчыла амаль усе сэрбскія нафтаперапрацоўчыя заводы, бэнзын і салярка ідуць па-ранейшаму ў Югаславію. НАТО не рашылася затрымліваць караблі іншых краінаў, якія ідуць ў югаслаўскія порты. Галоўным чынам гэта караблі пад украінскім сьцягам, але вязуць яны расейскія нафтапрадукты. Дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт нават зьвярнулася ў гэтай справе да ўкраінскага ўраду. На прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне яна ахарактарызавала гэты свой крок наступным чынам:

(Олбрайт:) «Мы ўжо правялі перамовы ў гэтай справе з Украінай, і мы надалей будзем рабіць гэта. Я мяркую, што ўкраінцы раней добра супрацоўнічалі з намі, і я думаю, што падобнае супрацоўніцтва будзе і пазьней. Я хачу правесьці перамовы зь імі ў справе апошніх абвінавачваньняў».

Магчымасьць правядзеньня наземнай апэрацыі НАТО з кожным днём робіцца ўсё больш і больш рэальнай. І гэта разумеюць таксама ў Бялградзе. І таму сэрбскае камандаваньне ажыцьцяўляе таксама адпаведныя падрыхтоўчыя захады. У прыватнасьці яно не дазваляе альбанцам-уцекачам прызыўнога ўзросту пакідаць краіну разам са сваімі сем'ямі. Сярод мільёну альбанскіх уцекачоў у Альбаніі і Македоніі выразна пераважаюць дзеці, жанчыны і старыя. Дзе падзеліся некалькі сот тысячаў мужчынаў — невядома. І вось толькі нядаўна сэрбы выпусьцілі адну тысячу мужчынаў з турмы ў Косаве. Прэсавы сакратар НАТО Джэймі Шэй пракамэнтаваў гэтую сытуацыю наступным чынам.

(Шэй:) «Амаль усе яны, каму ўдалося перайсьці мяжу, знаходзяцца ў шоку. Яны прыпамінаюць карціны вайны, да якіх мы абсалютна не прызвычаеныя сёньня. І хаця адной тысячы зь іх удалося перайсьці мяжу, мы дасюль ня ведаем, што здарылася зь іншымі 220 тысячамі мужчынаў прызыўнога ўзросту, якія можа і не загінулі, але пра іх нічога не вядома. Добра, калі сэрбы захацелі прадэманстраваць нам, што дазвол адной тысячы выйсьці з Косава сымбалізуе сабой факт, што яны жывыя. Але застаецца пытаньне, у якім фізычным стане яны знаходзяцца і які іх лёс».

Складанасьць правядзеньня наземнай ваеннай апэрацыі супроць югаслаўскай арміі ў Косаве палягае таксама і ў тым, што ўсе прыгранічныя раёны Альбаніі і Македоніі перапоўненыя ўцекачамі. Шырокамаштабныя ваенныя дзеяньні нельга праводзіць, калі на пярэднім краі сотні тысячаў цывільных. Вось чаму НАТО пачало ажыцьцяўляць перадысьлякацыю лягероў уцекачоў, якія знаходзяцца пры мяжы. Джэймі Шэй камэнтуе новую натаўскую апэрацыю так:

(Шэй:) «Сёньня ў Альбаніі войскі АФОР, дакладней кажучы войскі НАТО ў гэтай краіне, пачынаюць разам з камітэтам ААН у справах уцекачоў эвакуацыю ў гарады ўглыбі Албаніі, каб перавесьці іх далей ад небясьпечнага гораду Кукес. 30 тысячаў плянуецца эвакуаваць у першую чаргу, і войскі НАТО дадуць транспарт і іншую падтрымку, каб накіраваць іх у больш бясьпечныя месцы. Сёньня мы высылаем першую групу 400 чалавек у раён Гамалай. І сапраўды ў Альбаніі шмат месца, дзе можна ўладкаваць уцекачоў далей ад Кукеса».

Адна з самых складаных праблемаў, якая цяпер стаіць перад НАТО — захаваньне адзінства напярэдадні новых выпрабаваньняў. І хаця пастанова аб накіраваньні дадатковых войскаў была прынятая аднагалосна, некаторыя члены саюзу хочуць перагляду тактыкі бамбаваньняў. Нямеччына і Галяндыя нават афіцыйна выказалі сваё абурэньне збамбаваньнем канвою з альбанскімі ўцекачамі, калі загінула каля 100 цывільных асобаў. З падобнай заявай выступіў і міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр пасьля свайго нядаўняга візыту ў Вашынгтон. Над Фішэрам як дамоклаў меч вісіць рэзалюцыя нядаўняга зьезду ягонай партыі зялёных, якая патрабуе прыпыненьня бамбаваньняў, калі прэзыдэнт Мілошавіч згодзіцца прыняць мірныя прапановы вялікай сямёркі і Расеі.

У сувязі з гэтым вельмі важным быў учорашні візыт у штаб-кватэру НАТО ў Брусэль прэм'ер-міністра Гішпаніі Хазэ Марыі Аснара. Ён адназначна выказаў падтрымку палітыцы інтэнсыфікацыі паветраных удараў і заявіў, што канфлікт можна і трэба вырашыць з дапамогай ваеннай сілы і як мага хутчэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG