Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 траўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Працягваюцца напружаныя пошукі спробаў мірнага ўрэгуляваньня косаўскага крызысу. Тым часам Нямеччына падцьвярджае сваю пазыцыю супрацьстаяньня плянам высадкі ў Косаве наземных сілаў НАТА.

Дыпляматы Вялікай сямёркі і Расеі заявілі сёньня, што на сустрэчы ў Боне яны дасягнулі пэўнага прагрэсу наконт праекту рэзалюцыі ААН, што мае на мэце прымусіць Югаславію пайсьці на мірныя перамовы з НАТА вакол косаўскага крызысу. Прадстаўнік нямецкага міністэрства замежных справаў Гэнтэр Плюгэр паведаміў, што галоўныя пункты праекту ўключаюць спыненьне агню з боку НАТА і ўвод у Косава міжнародных міратворчых сілаў.

Застаюцца, аднак, рэзкія разыходжаньні Расеі з пазыцыяй Вялікай сямёркі --- ЗША, Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Японіі, Італіі і Канады. Але арганізатары сустрэчы спадзяюцца, што, калі ў пятніцу група сустрэнецца зноў, канчатковы тэкст будзе ўзгоднены. "Мы выпрацавалі тэкст для рэзалюцыі Рады Бясьпекі, але ў ім застаюцца месцы, прапушчаныя ў дужках" - паведаміў прадстаўнік нямецкага МЗС Плюгэр пасьля больш як 10 гадзінаў гарачых перамоваў. Тэкст у дужках азначае тыя палажэньні, якія ўсё яшчэ дыскутуюцца.

Пакуль застаюцца асноўныя супярэчнасьці з Масквой, якая настойліва заклікае да спыненьня агню, перш чым Расея здолее пагадзіцца на прыняцьце якой-небудзь рэзалюцыі ААН. "Пазыцыя Расеі, як і раней, палягае ў тым, што умовай такой рэзалюцыі павінна стаць заканчэньне бамбаваньня тэрыторыі Югаславіі сіламі НАТА" - заявіў кіраўнік расейскай дэлегацыі Барыс Маёрскі. Пасьля сустрэчы ён сказаў толькі наступнае: "Я задаволены, як заўсёды".

НАТА ж па-ранейшаму ўпарта трымаецца дзвюх умоваў заканчэньня агню --- сэрбскія сілы спыняюць рэпрэсіі супраць этнічных альбанцаў у Косаве і пачынаюць вывад сваіх войскаў з правінцыі. Вывад войскаў, спыненьне агню і далейшыя крокі па ўсталяваньню міжнароднай цывільнай і вайсковай прысутнасьці, а таксама вяртаньне ўцекачоў - для ўсяго гэтага мусяць быць усталяваныя часавыя тэрміны выкананьня.

"Я думаю, мы можам сынхранізаваць усё гэта так, каб ніхто ня страціў свайго аблічча", - кажа прадстаўнік нямецкага МЗС Плюгэр, падкрэсьліваючы, што НАТА ня спыніць удары па Югаславіі, пакуль не дасягне сваіх мэтаў, баючыся, што заўчаснае спыненьне авіяўдараў зьмягчыць націск на Бялград. Ён кажа, што розьніца ў падыходах Расеі і Захаду палягае пераважна ў пытаньнях тактыкі і прадстаўніцтва. Масква хоча дасягнуць пагадненьня, прыймальнага для расейскай нацыяналістычнай грамадзкай думкі. Расея не жадае прыняць вядучую ролю войскаў НАТА ў міратворчых сілах.

Дыпляматы кажуць, што склад кантынгэнту ў Косаве можа быць падобны на ААНаўскія сілы ў Босьніі зь пераважным прадстаўніцтвам войскаў альянсу, але таксама з прысутнасьцю злучэньняў Расеі ды іншых краінаў.

Аднак і ўнутры самога НАТА застаюцца разыходжаньні, пераважна наконт перспэктывы высадкі ў Югаславію наземных войскаў. Канцлер Нямеччыны Шродэр заявіў, што ягоная краіна накладзе вэта на ўвядзеньне войскаў альянсу на тэрыторыю Югаславіі да падпісаньня мірнага пагадненьня. Учора, на прэсавай канферэнцыі канцлер Нямеччыны сказаў, што нямецкі ўрад і парляманцкая апазыцыя маюць адну пазыцыю, якая палягае ў пярэчаньні высадцы наземных сілаў. Ігнаруючы некалькі пытаньняў брытанскіх журналістаў, Шродэр накінуўся на іх: "Я сказаў усё, што можа быць сказана па гэтым пытаньні, і вы больш не атрымаеце ніякага адказу, калі будзеце дакучаць мне"."

Нямеччына даўно пярэчыла пасланьню сваіх войскаў у Косава. Але пагроза накласьці вэта на высадку наземных войскаў — гэта даволі новая зьява. Шродэр толькі ўзмацніў важкасьць сваіх словаў, падкрэсьліўшы, што ён гаворыць таксама як цяперашні старшыня Эўрасаюзу. Эфект заявы канцлера Нямеччыны быў ўзмоцнены рашэньнем італянскага парляманту, якое абавязвае ўрад дабівацца спыненьня бамбаваньня.

Ніводная краіна НАТА не прыхільная да шырокамаштабнага ўварваньня супраць ўсё яшчэ арганізаванай югаслаўскай арміі. Але Брытанія настойвае, што НАТА павінна дзейнічаць цяпер, каб падрыхтавацца да магчымай наземнай атакі ў блізкай будучыні

Вось што кажа пра брытанскую пазыцыю Майкл Кларк, кіраўнік цэнтру абарончых дасьледваньняў ў Лёндане

(Кларк:) "Быў толькі адзін год пасьля 1945 году, калі брытанскія жаўнеры не былі забітыя ў часе вайсковых дзеяньняў і гэта збольшага прымаецца брытанскай грамадзкай думкай. І я думаю, што брытанцы заўжды маюць такое пачуцьцё, што калі вы ўвязаліся ў вайсковую апэрацыю, вы маеце плян, як давесьці яе да лягічнага завяршэньня. Гэты спосаб мысьленьня нічога ня кажа амэрыканскім палітыкам. Гэта важна для амэрыканскіх вайскоўцаў, але ня кажа амэрыканскім палітыкам, і не нямецкім палітыкам так шмат як брытанскім".

НАТА застаецца расколатым па гэтым пытаньні яшчэ і таму, што ЗША дасюль пазьбягаюць простага адказу. Прэзідэнт Клінтан кажа, што ўсе варыянты застаюцца адчыненымі, але ў той самы дзень Шродэр супярэчыць яму, заяўляючы, што наземная інтэрвенцыі без дасягненьня пагадненьня нават не абдумваецца.

Прэсавы сакратар НАТА Джэймі Шэй настойвае, што альянс застаецца зьяднаным у сваіх мэтах і выключае ўсялякія кампрамісы па сваіх ключавых умовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG