Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 траўня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня была агучаная афіцыйная пазыцыя беларускага МЗС па выніках сустрэчы міністра замежных справаў Беларусі Урала Латыпава зь кіраўніком рабочай групы парляманцкай асамблеі АБСЭ Адрыянам Сэвэрынам. Як вынікае з выступу прадстаўніка МЗС, беларускія ўлады пакуль не даюць адказу на апошнюю прапанову АБСЭ адносна ўнутрыпалітычнага дыялёгу.

Візыт сп. Сэвэрына ў Менск скончыўся яшчэ ў аўторак. Аднак толькі сёньня прагучала афіцыйная інфармацыя МЗС адносна гэтага візыту, у прыватнасьці, пра сустрэчу Сэвэрына зь міністрам замежных справаў Латыпавым, якая адбылася 18 траўня.

Як паведаміў прэсавы сакратар міністра Мікалай Барысевіч, на перамовах абмяркоўваліся пытаньні, датычныя "канструктыўнага ўнутрыпалітычнага дыялёгу, меркаванай дыскусіі адносна выбарчага заканадаўства ды перарэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў".

Пры гэтым Латыпаў выказаў пазыцыю, якая ў часе брыфінгу была сфармуляваная наступным чынам: "дапамога АБСЭ ва ўдасканалеваньні нашага заканадаўства будзе вітацца. Але мы зыходзім з таго, што беларусы ў стане самі дамовіцца паміж сабой".

Аднак на пытаньне, - ці пагадзіліся ўлады з прапановай рабочай групы АБСЭ правесьці ў будучыні дыскусію на радзіме Сэвэрына ў Бухарэсьце з удзелам прадстаўнікоў ураду, апазыцыі і так званага "трэцяга сэктару", - прэсавы сакратар адказаў, што гэтае пытаньне ў практычным пляне не абмяркоўвалася.

Не разглядаўся гэтаксама магчымы склад урадавай дэлегацыі на выпадак, калі б такая прапанова была прынятая.

Між тым, на наступным тыдні Латыпаў зьбіраецца зрабіць чарговы ваяж у краіны Пэрсыдзкай затокі. Гэтым разам, акрамя Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, міністар наведае таксама Бахрэйн, Катар і Емен. Рыхтуецца таксама візыт дэлегацыі дзелавых колаў Беларусі на чале зь кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Міхаілам Мясьніковічам у Японію.Мэта візыту - пошук магчымых інвэстараў, якія б пагадзіліся ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку. Пакуль што ў зьнешнегандлёвым абароце зь Японіяй на Беларусь прыпадае ўсяго некалькі мільёнаў енаў.

Між іншым, праблемам зьнешніх эканамічных сувязяў і, у прыватнасьці, экспарту, была прысьвечаная ўчорашняя нарада з удзелам Урала Латыпава ў Барысаве. Паведамлялася, што віцэ-прэм'ер Латыпаў і надалей будзе праводзіць падобныя нарады з таваравытворцамі з выездам, так бы мовіць, на месцы.

Што тычыцца стасункаў з заходнімі краінамі, то зараз створаная міжведамасная камісія, якая займаецца кампэнсацыяй краінам, дыпляматычныя рэзыдэнцыі якіх раней знаходзіліся ў Драздах. Аднак, паводле словаў Мікалая Барысевіча, гэтыя пытаньні вырашаюцца "строга на двухбаковай падставе", і таму нейкай агульнай рэакцыі Захаду на апошнія крокі ўраду чакаць не даводзіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG