Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Палітычны крызыс у Расеі, паводле зьвестак з гэтай краіны, выклікаў дэстабілізацыю яе грашовай адзінкі. Чаго чакаць ад такой фінансавай няўстойлівасьці партнэра па «саюзе» нашай Беларусі?

14 траўня фінансавы рынак Расеі працягваў адчуваць палітычную адстаўку ўраду Яўгена Прымакова. Тэндэнцыя ўмацаваньня расейскага рубля не пераканала фінансавых аналітыкаў гэтай краіны ў немагчымасьці новых хістаньняў яе грашовай адзінкі. Як паведаміў у гэты дзень сродкам масавай інфармацыі прадстаўнік Маскоўскай міжбанкаўскай валютнай біржы Веніямін Сіманаў, рэзкія зьмены ў эканамічным курсе каманды Барыса Ельцына здольныя дэстабілізаваць рубель. Між тым, што такія зьмены не прадбачацца з прыходам новага складу расейскага ўраду, на сёньня не йснуе ніякіх гарантыяў.

За падзеямі на расейскім фінансавым рынку, зразумела, пільна сочаць і ў Менску. Рэч у тым, што рэха маскоўскай нестабільнасьці апошнімі гадамі неаднойчы гучала ў Менску. Чорны расейскі жнівень 98-га дагэтуль працягвае сур'ёзна адбівацца на фінансавым здароўі беларускіх суб'ектаў гаспадараньня. Вось чаму кіраўніцтва Беларусі зь непрыхаваным раздражненьнем успрыняло няпўэныя эканамічныя пэрспэктывы, што ўсталяваліся на ўсходзе. Цяпер непакой беларускіх гаспадарнікаў таксама скіраваны на стан расейскага фінансавага рынку. У трывожным чаканьні знаходзіцца і Цэнтральны Банк Беларусі.

Пытаньне — як адаб'юцца маскоўскія фінансавыя падзеі на становішчы беларускай фінансавай сыстэмы, кіраўніцтвая Нацбанку, здаецца, спрабуе не задаваць сабе. Ва ўсялякім разе афіцыйна гэты ворган яго пазьбягае. Прэсавы сакратар Пятра Пракаповіча Міхаіл Журавовіч патлумачыў мне, што гэта пытаньне палітычнага зьместу. А Нацбанк, паводле ягоных словаў, палітычныя працэсы не камэнтуе.

Трэба сказаць, Нацыянальны Банк зараз сапраўды патрапіў у незайздроснае становішча на расейскім кірунку сваёй палітыкі. Рэч у тым, што літаральна два тыдні таму на просьбу беларускага боку расейцы пачалі каціроўку ў Маскве беларускага рубля. 29 красавіка Цэнтральны Банк Расеі вярнуўся да практыкі больш чым гадавой даўнасьці, калі афіцыйны Менск публічна абвінаваціў маскоўскія фінансавыя колы ў абвале беларускага рубля. У рэчышчы нядаўна распачатага новага вітка інтэграцыі партнэры па саюзе вырашымі ўмацаваць гэты рубель. Прынамсі ва ўмовах нестабільнасьці расейскага рубля такая задача наўрад ці мае рашэньне. Беларускі рубель хістаецца разам з расейскім, і пры гэтым, як лічаць экспэрты, яго ўмацаваньня не назіраецца.

За два тыдні фінансавая вага беларускага рубля на маскоўскай біржы зьнізілася ў дачыненьні да рубля расейскага, і 14 траўня, напрыклад, грашовая адзінка Расеі каштавала ў Маскве 13 000 «зайчыкаў». А вось валютна-фондавая біржа ў Менску ў гэты самы дзень вызначыла іх суадносіны ў 10 000 беларускіх рублёў. У беларускага боку ёсьць такім чынам зноў падставы для абвінавачваньня маскоўскіх «спэкулянтаў» у падрыве справы інтэграцыі.

Спэцыялісты зварачаюць увагу і на іншы бок гэтага беларуска-расейскага мэдаля, а менавіта — на штучнасьць маскоўскай каціроўкі, паколькі ейны курс таксама не адпавядае рэальнай вартасьці беларускіх грошай, бо такую вартасьць, як вядома, усталёўвае свабодны рынак, а не міждзяржаўныя дамоўленасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG