Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 траўня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Кіраўнікі гарадзкіх участковых камісіяў учора сабраліся ў Гародні. Абмяркоўваліся дэталі правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у горадзе, у тым ліку і магчымасьць адкрыцьця аднаго стацыянарнага ўчастку для галасаваньня.

Арганізаваць паўсюдна стацыянарныя выбарчыя ўчасткі немагчыма. Сьпісы выбаршчыкаў таксама адсутнічаюць. Адзіна магчымым з'яўляецца галасаваньне па асабістых просьбах выбаршчыкаў. Аднак пакуль не гатовыя скрынкі для бюлетэняў, у сябраў камісіяў няма пасьведчаньняў. Таму першыя пару дзён датэрміновае галасаваньне, у любым разе, наладзіць ня ўдасца. Дарэчы, пэўная колькасьць бюлетэняў у горад ужо паступіла.

Стацыянарны выбарчы ўчастак будзе створаны толькі ў дзень саміх выбараў - 16 траўня, адзін на ўвесь горад.

Самы вядомы ў Горадні апазыцыйны палітык Сямён Домаш, сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета Х!!! скліканьня, не падтрымаў такі варыянт правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. У гутарцы са мной ён указаў на парушэньні заканадаўства, дапушчаныя пры іх падтрыхтоўцы.

На падобных парушэньнях спыніўся Зянон Пазьняк, які даслаў у Горадню ліст сваім аднадумцам. Ён зьвярнуў іх ўвагу на немагчымасьць рэальнага правядзеньня выбараў мэтадамі, прапанаванымі ЦВК.

Варта адзначыць, што большасьць сябраў выбарчых камісіяў з'яўляецца сябрамі БНФ, паколькі гэта - самая колькасная апазыцыйная арганізацыя ў горадзе.

Яшчэ адна палітычная падзея, якая павінна была адбыцца ў Горадні, адсоўваецца. Сэсія парляманцкага сходу адбудзецца, праўдападобна, пазьней. Улады будуць мець час лепш падрыхтавацца да прыёму гасьцей і болей заашфальтаваць вуліц. Высьветлілася, што гарвыканкам перастрахаваўся, прыняўшы рашэньне забараніць у горадзе правядзеньне масавых мерапрыемстваў менавіта з 10 па 12 траўня, калі першапачаткова плянавалася правядзеньне парляманцкай сэсіі. З гэтай нагоды ня быў дазволены мітынг у падтрымку суверэнітэту Беларусі, які жадалі арганізаваць дзьве сацыял-дэмакратычныя партыі і БНФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG