Сёньня, 6-е траўня, сталася першым днём, калі выбаршчыкі Беларусі атрымалі магчымасьць прагаласаваць за Зянона Пазьняка альбо Міхаіла Чыгіра кандыдатаў у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што выбары ў Прэзыдэнты Вярхоўны Савет Беларусі 13-га скліканьня прызначыў на 16 траўня. Аднак згодна з пастановай Цэнтральнай камісіі па выбарах прэзыдэнта Беларусі грамадзяне, у адпаведнасьці з заканадаўствам, маюць права, у неабходных выпадках, прагаласаваць датэрмінова ад 6 па 15 траўня. Працэдура датэрміновага галасаваньня няновая яна ўжывалася і ў 1994 годзе падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі. Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах распачалося ў другой палове дня. Сябры ўчастковых камісіяў, па два чалавекі, са скрыняй і выбарчымі бюлетэнямі, пачалі абход кватэраў, які будзе доўжыцца 10 дзён. У выбарчым бюлетэні, які складзены па-беларуску, два прозьвішчы Зянона Пазьняка (на першым месцы) і Міхаіла Чыгіра (на другім). Двое сяброў участковай камісіі, прадстаўнікі БНФ Вера Краўчанка і Алесь, якія паводле зразумелых прычынаў не пажадаў назваць свайго прозьвішча, накіраваліся на вуліцу Зьмітрака Бядулі ў дом № 6, дзе а 16-й гадзіне і распачалося галасаваньне. Сябры камісіі размаўляюць па-беларуску. Гаспадыня кватэры на пятым паверсе расчыняе дзьверы і нечакана гасьцінна запрашае ў хату. "Вы так адразу расчынілі дзьверы Вы ўжо ведалі, хто да Вас прыйдзе?.." "У мяне такое было ўражаньне, што вы зьявіцеся менавіта сёньня." "Скажыце калі ласка, а Вы не баіцеся прымаць удзел у гэтым галасаваньні?" "Не, таму што мой муж аддаў свой подпіс і, такім чынам, нам няма чаго баяцца усе, каму патрэбна было пра гэта ведаць, ужо ведаюць. Я зараз не працую, я юрыст па сваёй асноўнай прафэсіі." "Калі не сакрэт, то за каго Вы будзеце галасаваць?" "Я буду галасаваць за Міхаіла Чыгіра." Зь іншым імпэтам адрэагавала на зьяўленьне сябраў участковай камісіі жыхарка гэткага ж пад'езду. "Скажыце калі ласка, ці ведалі Вы што-небудзь пра гэтыя выбары, якія праводзяцца сёньня?" "В общем-то нет, в первый раз слышу." "Вы аддалі свой голас, тым ня менш, за Міхаіла Чыгіра. А, скажыце, чым Вас задавальняе гэты кандыдат?" "Я читала в газете его биографию и про его жену тоже, я более-менее знакома с ним и предпочла его." "Скажыце, Вы ведаеце, што ён зараз утрымліваецца за кратамі?" "Да." Галасаваньне, як гавораць сябры ўчастковай камісіі, адбываецца ў поўнай адпаведнасьці з законам. Падсумоўваючы першыя вынікі галасаваньня, сябра ўчастковай камісіі Вера Краўчанка
заявіла: "Ніхто не адмаўляецца, актыўна ўсе галасуюць." "Скажыце, а за каго найбольш аддаюць свае галасы?" "За Чыгіра." "Ці ёсьць верагоднасьць таго, што сябраў участковых камісіяў будуць затрымоўваць разам з выбарчымі скрынямі? Ці ёсьць у Вас нейкі плян на той выпадак, калі будзеце затрыманыя?" "Запатрабую, каб склалі пратакол, каб падлічылі ўсе мае лісты, галасы, бюлетэні. Больш ня ведаю, што змагу зрабіць." "Скажыце, а Вы не баіцеся самі?" "Ня вельмі," заявіла Вера Краўчанка. Галасаваньне ў 6-м доме на вуліцы Зьмітрака Бядулі прайшло без эксцэсаў. Менш пашанцавала двум хлопцам у Завадзкім раёне Менску. Як паведаміў толькі што нашаму радыё прэсавы сакратар ЦВК Аляксандар Коктыш, у невядомым накірунку зьніклі двое сяброў камісіі Зьміцер Шыракапытаў і Сяржук Далькевіч, якія выйшлі з выбарчай скрыняй. Мяркуецца, што яны затрыманыя міліцыяй.