Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 красавіка 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

Каардынатар "Хартыі-97" у міжнародных справах Андрэй Саньнікаў цяпер знаходзіцца з візытам ў ЗША. Днямі адбылася ягоная сустрэча зь першым намесьнікам Дзяржсакратара ЗША Стробам Тэлбатам. Гэта ня першая сустрэча былога намесьніка міністра замежных спрваў Рэспублікі Беларусь на такім высокім узроўні. Трэба прыгадаць, што афіцыйная палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі ёсьць так званая палітыка "выбраных кантактаў", вынікі якой для афіцыйеых беларускіх уладаў безумоўна адчувальныя.

Цяпер ЗША з занепакоенасьцю назіраюць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі. Паводле Андрэя Саньнікава, існуе больш разуменьня беларускай сытуацыі і зацікаўленасьці ў тым, як будуць разгортвацца падзеі, у прыватнасьці, у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія прызначаныя Вярхоўным Саветам Х111 скліканьня, а таксама ў сувязі з заканчэньнем прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі 20 ліпеня.

(Саньнікаў:) "Што тычыцца пазыцыі Злучаных Штатаў, дык я хацеў бы падкрэсьліць, што ЗША займаюць, можа, найбольш прынцыповую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі і да таго рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі. І я задаволены тым, што гэтая пазыцыя была падцьверджаная, што прынцыпы разьвіцьця дэмакратыі, прынцыпы падтрымкі правоў чалавека непахісныя. Але з'явіліся пэўныя новыя моманты ў тым, як ЗША ацэньваюць сітуацыю. Гэта адбілася ў заяве Дзярждэпартаменту ў сувязі з нашым спатканьнем".

У заяве Дзярждэпартаменту ўзгадваецца шэраг пытаньняў, якія абмяркоўваліся ў часе сустрэчы Андрэя Саньнікава са Стробам Тэлбатам. Сярод іх - і пытаньне пра стан расейска-беларускага зьвязу. У заяве падкрэсьліваецца, што інтэграцыя новых незалежных дзяржаваў павінна з'яўляцца працэсам дэмакратычным і выяўляць добрую волю народаў гэтых краінаў, быць узаемавыгоднай і не ствараць барьераў на шляху інтэграцыі ў больш шырокае супольніцтва.

(Саньнікаў:) "Што было больш істотным для мяне і больш важным - гэта што ЗША сур'ёзна паставіліся да таго, ці мае нейкае права Лукашэнка гуляць у гэтыя гульні з саюзам. І я задаволены тым, што было падкрэсьлена: зараз не існуе ніякіх падставаў, ні юрыдычных, ні палітычных, каб гэтыя намаганьні Лукашэнкі лічыць легітымнымі. Вось гэта найбольш важна. І я лічу, што зараз амбасадар ЗША павінен быць у Беларусі, таму што зараз вельмі напружаны, складаны момант і ў эканамічным, і ў палітычным жыцьці Беларусі, і калі ЗША зацікаўленыя ў тым, каб умацоўваць свае сувязі менавіта зь дзяржавай беларускай, з краінай, — а гэта значыць, ня толькі з уладамі, але і з дэмакратычнымі сіламі, з апазыцыяй, то амбасадар павінен там быць. І я такую думку і выказаў спадару Тэлбату".

Беларусь, якая доўгі час была ня першай у сьпісе краінаў асаблівай увагі ЗША на постсавецкай тэрыторыі, цяпер актыўна патрабуе гэтай увагі. Дзеяньні беларускай улады ў значнай ступені разыходзяцца з тымі прынцыпамі, у адпаведнасьці зь якімі будуюцца ўзаемадачыненьні з цывілізаванымі краінамі. У заяве Дзярждэпартамент ЗША чарговым разам заклікае беларускае кіраўніцтва ініцыяваць дыялог, стварыць умовы для правядзеньня вольных дэмакратычных выбараў, вызваліць кандыдата ў Прэзыдэнты краіны, былога прэмьер-міністра Міхаіла Чыгіра, а таксама ўсіх палітзьняволеных. У Беларусі ёсьць час далучыцца да дэмакратычнай Эўропы, - гаворыцца ў заяве. Аднак гэта магчыма зьдзейсьніць толькі на падставе дэмакратыі і павагі да правоў чалавека.

Цяпер Андрэй Саньнікаў удзельнічае ў прадстаўнічай Гарвардзкай канфэрэнцыі, пасьля якой ізноў вернецца ў Вашынгтон. 27 красавіка ў Камісіі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе Кангрэсу ЗША пройдуць адмысловыя кангрэсавыя слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі. У якасьці сьведкаў выступяць адмысловы дарадца Дзяржсакратара ЗША ў дачыненьні з новымі незалежнымі дзяржавамі Рос Уілсан, кіраўнік назіральна-кансультатыўнай групы АБСЭ ў Менску Харві Орсвік, каардынатар "Хартыі-97" Андрэй Саньнікаў, выканаўчы дырэктар Міжнароднай лігі правоў чалавека Кэці Фіцпатрык, а таксама намесьнік эўрапейскага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі "Human right wotch" Рэйчар Дэндал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG